Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

абаро́тлівы, -ая, -ае (разм.).

Умелы, энергічны, вынаходлівы, спрытны ў вядзенні спраў для ўласнай карысці.

А. чалавек.

|| наз. абаро́тлівасць, -і, ж.

абаро́чвацца гл. абярнуцца.

абаро́чваць гл. абярнуць.

абарты́ўны, -ая, -ае (спец.).

1. Які спыняе або рэзка змяняе развіццё якога-н. працэсу, хваробы і пад.

Абартыўныя сродкі.

А. метад.

2. Які недаразвіўся.

Абартыўныя органы раслін.

|| наз. абарты́ўнасць, -і, ж. (да 2 знач.).

абарыге́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Карэнны жыхар краіны, мясцовасці; туземец, аўтахтон.

|| прым. абарыге́нны, -ая, -ае.

аба́т, -а, М аба́це, мн. -ы, -аў, м.

1. Настаяцель мужчынскага каталіцкага манастыра.

2. У Францыі: каталіцкі свяшчэннік.

|| прым. аба́цкі, -ая, -ае.

абаткну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; -ну́ты; зак., што.

1. Заткнуць чым-н. дзіркі, шчыліны і пад.

А. пазы мохам.

А. і засмаліць лодку.

2. Абгарадзіць што-н., абсадзіць што-н., наўтыкаўшы галінак або палак, абкружыць чым-н. уваткнутым.

А. галінкамі градку.

|| незак. абтыка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

абаты́са, -ы, мн. -ы, -ты́с, ж.

Настаяцельніца жаночага каталіцкага манастыра.

аба́цтва, -а, н.

Каталіцкі манастыр са сваімі ўладаннямі.

аба́члівы, -ая, -ае.

1. Асцярожны ў сваіх учынках, разважлівы.

А. чалавек.

2. Абдуманы, узважаны.

А. ўчынак.

|| наз. аба́члівасць, -і, ж.