Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

да, прыназ. з Р.

1. Выражае прасторавыя адносіны, указвае месца ці прадмет, да якіх скіравана дзеянне.

Плысці да берага.

2. Ужыв. для абазначэння мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад.

Падкасаць штаны да каленяў.

3. Ужыв. для абазначэння велічыні, памеру чаго-н.

Барада да пояса.

Кажух да пят.

4. Паказвае на час, да якога адбываецца дзеянне.

Працаваць ад раніцы да вечара.

5. Ужыв. для падкрэслівання такой падзеі, якая адбылася раней чаго-н. іншага.

У кансерваторыю паступіў да прызыву ў армію.

6. Ужыв. для вызначэння ступені якасці, якой дасягае дзеянне, стан.

Крычаць да знямогі.

Надраіць да бляску.

7. Ужыв. для ўказання на прадмет, асобу, на якую накіравана дзеянне.

Сватацца да дзяўчыны.

Дакрануцца да шафы.

У мяне да цябе справа ёсць.

Рыхтавацца да экзаменаў.

Імкнуцца да новых поспехаў.

8. Ужыв. для вызначэння прыгоднасці да чаго-н.

Здатны да музыкі.

Спрытны да працы.

9. Ужыв. пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, да якіх ёсць патрэба, зацікаўленасць, схільнасць.

Аматар да танцаў.

Цяга да спорту.

10. Ужыв. для выражэння адносін да каго-, чаго-н.

Павага да старэйшых.

Нянавісць да акупантаў.

11. Ужыв. для абазначэння падабенства, блізкасці да каго-, чаго-н.

Падобны да бацькі.

12. Ужыв. для паказання паўнаты колькаснага ахопу каго-, чаго-н.

Фільм зацікавіў усіх — ад малога да старога.

Разлічыцца да капейкі.

13. Ужыв. для выражэння прыблізнай колькасці чаго-н.

Зала змяшчае да васьмісот чалавек.

14. У спалучэнні з прыназ. «ад» і другім лічэбнікам ужыв. для абазначэння абмежавальных велічынь чаго-н.

Дзеці ад трох да пяці гадоў.

15. Ужыв. ў выразе пры развітанні.

Да пабачэння.

Да новых сустрэч.

16. Ужыв. ў пачатку загалоўкаў навуковых артыкулаў, даследчых прац.

Да пытання аб паходжанні мовы.

Да пытання аб электрадынаміцы цел, якія рухаюцца.

да..., прыстаўка.

1. Служыць для ўтварэння дзеясловаў са знач. завяршэння дзеяння, давядзення яго да канца, да якой-н. мяжы або дасягнення мэты, напр.: даварыць, даесці, дапісаць, дажыць, даплысці.

2. Служыць для ўтварэння дзеясловаў са знач. прыбаўлення да ранейшага, напр.: даатрымаць, дакупіць, даўкамплектаваць.

3. Удзельнічае ва ўтварэнні дзеясловаў на -цца, -ся са знач. дамагчыся чаго-н., напр.: дабудзіцца, дазваніцца, даклікацца.

4. Служыць для ўтварэння дзеясловаў на -цца, -ся са знач. адмоўнай ацэнкі вынікаў дзеяння, напр.: дабегацца, дагуляцца, даскакацца.

5. Служыць для ўтварэння прыметнікаў са знач.: ранейшы, які адбыўся да таго, што абазначана ўтваральнай асновай, напр.: даваенны, дакастрычніцкі, датэрміновы.

6. Служыць для ўтварэння прыслоўяў са знач. меры дзеяння, напр.: дабяла, дагала, дачыста, дапаўна, дап’яна, дапазна, дацямна.

даабе́дзенны, -ая, -ае.

Які адбываецца, з’яўляецца да абеду.

Даабедзенная прагулка.

даара́цца, -ару́ся, -арэ́шся, -арэ́цца; -аро́мся, -араце́ся, -ару́цца; -ары́ся; зак. (разм.).

1. Аручы, дасягнуць якога-н. месца.

Д. да лесу.

2. Працуючы на ворыве, вельмі стаміцца.

Даараўся да таго, што ног не чуе.

|| незак. даво́рвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

дааста́тку, прысл. (разм.).

Да канца, поўнасцю.

Выліць усё д.

даа́тамны, -ая, -ае.

Які існаваў да выкарыстання атамнай энергіі.

Д. перыяд.

даба́віць, -ба́ўлю, -ба́віш, -ба́віць; -ба́ўлены; зак., каго-што і чаго.

1. Даць, наліць, насыпаць і пад. дадаткова, звыш таго, што маецца, што прызначана, або папоўніць тое, чаго не стае.

Д. вады.

Д. солі ў халаднік.

2. Сказаць або напісаць у дадатак.

Д. некалькі слоў да пісьма.

Усё зразумела, д. нечага.

|| наз. дабаўле́нне, -я, н.

даба́ўка, -і, ДМа́ўцы, мн. -і, -ба́вак, ж.

Тое, што дабаўлена, прыбаўка (у 1 знач.).

Верашчаку елі і прасілі дабаўкі.

|| прым. даба́вачны, -ая, -ае.

дабе́гчы, -бягу́, -бяжы́ш, -бяжы́ць; -бяжы́м, -бежыце́, -бягу́ць; дабе́г, -гла; -бяжы́; зак.

Бягом дасягнуць якога-н. месца.

Д. да хаты.

|| незак. дабяга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

дабе́льваць гл. дабяліць.

дабіра́цца гл. дабрацца.