адрабі́ць, -раблю́, -ро́біш, -ро́біць; -ро́блены; зак.
1. Адпрацаваць узамен за што-н.
Я адраблю вам на касьбе.
2. Скончыць, перастаць рабіць, працаваць.
Дзед сваё ўжо адрабіў.
3. Папрацаваць, парабіць нейкі час.
Адрабіў два гады.
4. чаго-што. Зрабіць так, каб вярнуць што-н. да ранейшага стану.
Таго, што зробіш, часам назад не адробіш.
5. Стаць непрыгодным для працы; знасіцца ад працяглай работы.
|| незак. адрабля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е і адро́бліваць, -аю, -аеш, -ае (да 1 і 4 знач.).
|| прым. адрабо́тачны, -ая, -ае (да 1 і 4 знач.; спец.).
адрабо́ткі, -аў (гіст.).
Праца селяніна са сваімі прыладамі, канём на пана за карыстанне зямлёй, за пазыку і пад.
Уся вёска хадзіла да пана на а.
|| прым. адрабо́тачны, -ая, -ае.
Адработачная рэнта.
адраджэ́нне, -я, н.
1. Аднаўленне, уздым пасля перыяду заняпаду, разбурэння, з’яўленне зноў.
А. прамысловасці.
2. Эпоха Рэнесансу — перыяд росквіту навук і мастацтваў у Еўропе пасля Сярэдневякоўя.
адрадзі́цца, -раджу́ся, -ро́дзішся, -ро́дзіцца; зак.
1. Аднавіцца, стаць зноў дзейным, жывым; аджыць.
Адрадзілася народная гаспадарка.
2. перан. Абудзіцца да новага жыцця, паявіцца зноў.
|| незак. адраджа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
адрадзі́ць, -раджу́, -ро́дзіш, -ро́дзіць; -ро́джаны; зак., каго-што.
Выклікаць адраджэнне каго-, чаго-н., аднавіць пасля перыяду разбурэння, заняпаду.
А. горад.
А. традыцыі.
|| незак. адраджа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
адразны́, -а́я, -о́е.
1. Такі, які трэба і можна адрэзаць.
А. талон.
2. Не суцэльны, з прышытай часткай.
Сукенка з адразным станікам.
3. Прызначаны для адразання.
А. станок.
адра́зу, прысл.
1. Зараз жа, у той самы момант, неадкладна.
Набегаўшыся, сынок а. засынае.
2. Адначасова.
Людзі выйшлі а. з усіх хат.
3. Непасрэдна за чым-н.
А. за хатай малады сад.
4. За адзін раз, з першага разу.
Як усё зрабіць а.?
5. З самага пачатку.
Чалавек а. спадабаўся.
адраі́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -і́цца; зак. (спец.).
Утварыць новы рой, аддзяліўшыся ад старога (пра пчол).
Пчолы адраіліся.