Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

сацыя́л-дэмакра́тыя, -і, ж.

Ідэйна-палітычная плынь у міжнародным рабочым руху, якая ўзнікла ў канцы 19 ст. і спачатку ставіла сваёй мэтай рэвалюцыйную барацьбу з капіталізмам, а затым перайшла да палітыкі рэформ, накіраваных на паступовае сацыяльна-эканамічнае ўдасканаленне грамадства.

|| прым. сацыя́л-дэмакраты́чны, -ая, -ае.

сачаві́ца, -ы, ж.

Аднагадовая травяністая расліна сямейства бабовых, а таксама круглае зерне гэтай расліны.

|| прым. сачаві́чны, -ая, -ае.

С. суп (прыгатаваны з насення сачавіцы).

(Прадацца) за сачавічную поліўку (кніжн., пагард.) — здрадзіць чаму-н. важнаму з-за дробязнай выгады.

сачко́вы гл. сак¹.

сачко́вы² гл. сак².

сачо́к¹ гл. сак¹.

сачо́к² гл. сак².

сачыне́нне, -я, мн. -і, -яў, н.

Від пісьмовай (пераважна школьнай) работы, якая ўяўляе сабой выкладанне сваіх думак на зададзеную тэму.

сачы́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж. (разм.).

Тое, што і сачавіца.

сачы́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., со́чыцца; незак.

1. Цячы, выцякаць па кроплі або тонкім струменем з чаго-н.; выдзяляцца.

Вада сочыцца з цэбра. 3 бярозы сачыўся сок.

2. Пранікаць, пападаць унутр (пра вадкасць).

У боты сочыцца вада.

3. перан. Пранікаць куды-н. праз што-н. (пра святло, гукі і пад.).

Праз шчыліны дзвярэй сачылася святло.

сачы́ць¹, сачу́, со́чыш, со́чыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. Назіраць за тым, што рухаецца (або за тым, што можа прыйсці ў рух).

С. за самалётам у небе.

С., як бусел кружыцца над ліпай.

2. за чым і з дадан. Назіраць за развіццём, ходам чаго-н., быць у курсе справы, цікавячыся ўсім, што дзе-н. адбываецца.

С. за сустрэчай на вышэйшым узроўні.

С., як ідуць справы на ўборцы каласавых.

3. за кім-чым, што, са злуч. «каб» і з дадан. Назіраць, наглядаць за кім-, чым-н. (з мэтай праверкі, аховы і пад.).

С. за ўзроўнем вады ў прыборах.

С. за парадкам у інтэрнаце.

С. за выкананнем правіл пажарнай бяспекі.

С., каб дзеці былі дагледжаны (клапаціцца).

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім-, чым-н. з мэтай выкрыць, выявіць што-н., злавіць каго-н. на чым-н.

С. за работай гандлю.

5. каго-што. Падпільноўваць, асочваць.

С., дзе курыца нясецца.

6. каго-што. У мове паляўнічых: адшукваць па следзе; высочваць.

С. зайца.

|| наз. сачэ́нне, -я, н. і со́чка (да 4 знач.), -і, ДМ -чцы, ж.