Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

скааперава́цца гл. каапераваць.

скааперава́ць гл. каапераваць.

скаардынава́ць гл. каардынаваць.

скаба́, -ы́, мн. ско́бы і (з ліч. 2, 3, 4) скабы́, скоб, ж.

1. Выгнутая паўкругам металічная паласа, якая служыць ручкай у дзвярах, сундуках і пад.

2. Сагнутая пад вуглом жалезная паласа ці дрот для сашчаплення якіх-н. частак.

Змацаваць вуглы скобамі.

|| памянш. ско́бка, -і, ДМ -бцы, мн. -і, -бак, ж.

|| прым. ско́бачны, -ая, -ае.

скабяны́, -а́я, -о́е.

Які мае адносіны да вырабаў з жалеза; звязаны з вытворчасцю і гандлем лёгкімі жалезнымі вырабамі (скобы, крукі, засоўкі і пад.).

Скабяныя тавары.

скава́ны, -ая, -ае; перан., у знач. прым.

Пазбаўлены лёгкасці, свабоды, натуральнасці, з затрымкай у дзеяннях, у праяўленні чаго-н.

Скаваныя рухі.

|| наз. скава́насць, -і, ж.

скаварада́, -ы́, ДМ -радзе́, мн. скаваро́ды і (з ліч. 2, 3, 4) скаварады́, -ро́д, ж. і (разм.) скаваро́дка, -і, ДМ -дцы, мн. -і, -дак, ж.

Тое, што і патэльня.

|| прым. скаваро́дны, -ая, -ае.

скава́ць, скую́, скуе́ш, скуе́; скуём, скуяце́, скую́ць; скуй; скава́ны; зак.

1. што. Зрабіць каваннем.

С. сякеру.

2. што. Злучыць пры дапамозе кавання.

С. звёны ланцуга.

3. каго-што. Надзець кайданы, аковы або злучыць кайданамі з кім-н.

С. злачынцаў.

4. перан., каго-што. Пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах, дзеяннях.

Трывога скавала мае думкі.

С. сілы ворага.

5. перан., што. Зрабіць цвёрдым, нерухомым, замарозіўшы.

Мароз скаваў возера.

Зямлю скавала (безас.) ранавата.

|| незак. ско́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. ско́ўванне, -я, н. і ско́ўка, -і, ДМо́ўцы, мн. -і, -ко́вак, ж. (да 2 знач.).

скавыта́ць, -вычу́, -вы́чаш, -вы́ча; -вычы́; незак.

1. Пра сабаку: жаласна павіскваць, ціха ныць.

2. перан. Крыўдзіцца, скардзіцца, плакаць (разм., зневаж.).

|| наз. скавыта́нне, -я, н.

скавы́ш, -у́, м. (разм.).

Моцны пранізлівы вецер з завываннем.

С. завываў у коміне.