Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

склад¹, -а, М -дзе, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Спецыяльнае месца, памяшканне для захоўвання чаго-н.

С. для розных прамысловых тавараў.

2. Запас тавараў, матэрыялаў, зложаных у адным месцы.

Склады сыравіны.

|| прым. складскі́, -а́я, -о́е.

склад², -у, М -дзе, м.

1. Сукупнасць частак, якія ўтвараюць адзінае цэлае; структура.

Лексічны с. мовы.

2. чаго або які. Сукупнасць людзей, якія ўтвараюць які-н. калектыў, арганізацыю.

С. праўлення.

3. Постаць, фізічны выгляд, будова (чалавека, жывёліны).

Спартыўнага складу юнак.

4. Асаблівасці думак, розуму і звычак, характар чаго-н.

Паэтычны с. душы.

Нацыянальны с. характару.

5. Парадак, сэнс, зладжанасць.

Жадаю вам ладу і складу.

склад³, -а, М -дзе, мн. -ы́, -о́ў, м.

Гук або спалучэнне гукаў, што вымаўляюцца адным штуршком выдыхнутага паветра.

Націскны с.

Дзяліць словы на склады.

Адкрыты склад — склад, які канчаецца на галосны гук.

Закрыты склад — склад, які канчаецца на зычны гук.

|| прым. складо́вы, -ая, -ае.

Складовае пісьмо (у якім знакамі абазначаюцца склады, а не гукі).

склада́емае, -ага, н.

У матэматыцы: велічыня (лік), якая складваецца з другой велічынёй (лікам).

склада́льнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Той, хто складае што-н., аўтар.

|| ж. склада́льніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

|| прым. склада́льніцкі, -ая, -ае.

складаназале́жны, -ая, -ае.

У граматыцы: які адносіцца да пабудовы складаных сказаў па спосабе падпарадкавання.

С. сказ.

складаназлу́чаны, -ая, -ае.

У граматыцы: які адносіцца да пабудовы складаных сказаў па спосабе злучэння.

С. сказ.

складанакве́тныя, -ых, адз. -ае, -ага, н. (спец.).

Сямейства двухдольных травяністых раслін з дробнымі кветкамі, сабранымі ў суквецце, падобнае на адну кветку.

складанаскаро́чаны, -ая, -ае.

У словаўтварэнні: утвораны са скарочаных частак двух або некалькіх слоў, якія ўваходзяць у склад якіх-н. назваў (напр., спецкар — спецыяльны карэспандэнт).

склада́нне, -я, н.

1. гл. складаць.

2. У матэматыцы: дзеянне, пры дапамозе якога з двух або некалькіх лікаў (складаемых) атрымліваюць новы (суму), які мае столькі адзінак, колькі было ва ўсіх дадзеных ліках разам.

3. У мовазнаўстве: слова, што ўтворана з дзвюх або некалькіх асноў і прадстаўляе лексічную адзінку, якая мае граматычныя і семантычныя адзнакі паасобнага слова; складанае слова (напр.: збожжаўборачны, першадрукар).