Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

або́рка², -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

Палоска матэрыі, прышытая складкамі ці зборкамі на адзенні.

Сукенка з аборкамі.

або́рка³, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж. (спец.).

Размяшчэнне ўкарочаных радкоў тэксту вакол нешырокага малюнка, табліцы і пад.

Тэкст у аборку.

або́рт, -у, М -рце, мн. -ы, -аў, м.

Дачаснае адвольнае або штучнае наўмыснае спыненне цяжарнасці, спарон.

або́чны, -ая, -ае.

Які знаходзіцца ўбаку ад дарогі.

Ішлі абочнымі сцежкамі.

або́чына, -ы, мн. -ы, -чын, ж.

Бакавая частка дарогі, ускраіна чаго-н. і пад.

З’ехаць на абочыну.

абпа́ліна, -ы, мн. -ы, -лін, ж.

Абпаленае месца.

Сасна з абпалінай.

абпалі́ць, -палю́, -па́ліш, -па́ліць; -па́лены; зак., што.

1. Прымусіць абгарэць, абвугліцца з усіх бакоў.

Маланка абпаліла ствол елкі.

2. Апрацаваць выраб з гліны і пад. агнём.

А. гаршкі.

|| незак. абпа́льваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. абпа́льванне, -я, н. і абпа́л, -у, м. (да 2 знач.; спец.).

Абпал цэглы.

абпа́льны, -ая, -ае (спец.).

Які служыць для апрацоўкі агнём, тэмпературай, прызначаны для абпальвання.

Абпальныя печы.

абпа́льшчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Рабочы, спецыяліст па абпальванні.

А. вапны.

|| ж. абпа́льшчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

абпаўзці́, -паўзу́, -паўзе́ш, -паўзе́; -паўзём, -паўзяце́, -паўзу́ць; -по́ўз, -паўзла́, -ло́; -паўзі́; зак., каго-што.

Прапаўзці вакол ці міма каго-, чаго-н.

Мурашкі абпаўзлі перашкоду.

|| незак. абпаўза́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.