абсо́хнуць, -ну, -неш, -не; абсо́х, -хла; -со́хні́; зак.
Стаць сухім, высахнуць зверху.
Зямля абсохла.
◊
Малако на губах не абсохла ў каго-н. —пра таго, хто яшчэ надта малады і нявопытны.
|| незак. абсыха́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
абста́віцца, -та́ўлюся, -та́вішся, -та́віцца; зак.
1. Паставіць што-н. вакол сябе.
А. крэсламі.
А. кнігамі.
2. Абзавесціся мэбляй (разм.).
А. ў новай кватэры.
|| незак. абстаўля́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца.
абста́віць, -та́ўлю, -та́віш, -та́віць; -та́ўлены; зак.
1. каго-што, чым. Паставіць што-н. вакол каго-, чаго-н.
А. трыбуну кветкамі.
2. што. Уставіць, заставіць што-н. чым-н.
А. паліцы кнігамі.
А. вокны вазонамі.
3. што. Паставіць у пакоі, кабінеце, кватэры мэблю, набыць абстаноўку (у 1 знач.).
А. дом мэбляй.
А. кабінет.
4. перан., што. Стварыць умовы, абставіны для правядзення чаго-н.
Добра а. юбілей.
5. перан., каго-што. Дасягнуць большых поспехаў, апярэдзіць каго-н. у чым-н. (разм.).
А. канкурэнтаў.
|| незак. абстаўля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.
абсталява́нне, -я, н.
1. гл. абсталяваць.
2. Сукупнасць прылад, механізмаў, машын і пад., неабходных для чаго-н.
Завод аснашчаны новым абсталяваннем.
Лабараторнае а.
абсталява́ць, -лю́ю, -лю́еш, -лю́е; -лю́й; -лява́ны; зак., што.
1. Забяспечыць патрэбным абсталяваннем, інвентаром.
А. фізічны кабінет.
А. лектарскую залу нагляднымі дапаможнікамі.
2. Набыць абстаноўку (у 1 знач.), мэбляваць.
3. Арганізаваць што-н.
Друкарню абсталявалі ў суседнім доме.
|| незак. абсталёўваць, -аю, -аеш, -ае.
|| наз. абсталёўванне, -я, н. і абсталява́нне, -я, н.
абстано́ўка, -і, ДМ -но́ўцы, ж.
1. Мэбля, хатнія рэчы.
А. кватэры.
2. Умовы, абставіны, у якіх што-н. адбываецца.
Міжнародная а.
Баявая а.
|| прым. абстано́вачны, -ая, -ае.
абстрагава́цца, -гу́юся, -гу́ешся, -гу́ецца; -гу́йся; зак. і незак. (кніжн.).
У думках адарвацца (адрывацца) ад тых ці іншых уласцівасцей ці сувязей прадметаў, з’яў з мэтай выдзялення найбольш істотных і заканамерных іх прыкмет.
абстрагава́ць, -гу́ю, -гу́еш, -гу́е; -гу́й; -гава́ны; зак. і незак., што (кніжн.).
Зрабіць (рабіць) абстракцыю (у 1 знач.) чаго-н.; у думках адкінуць (адкідваць) неістотныя ўласцівасці, сувязі прадмета і вылучыць (вылучаць) яго асноўныя, агульныя ўласцівасці, мысліць адцягнена.
абстра́ктны, -ая, -ае.
Заснаваны на абстракцыі (у 1 знач.); адцягнены; проціл. канкрэтны.
Абстрактныя паняцці.
Абстрактнае мысленне.
|| наз. абстра́ктнасць, -і, ж.