Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

салда́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж. (разм.).

Жонка салдата, які пайшоў на вайну.

салдатня́, -і́, ж., зб. (зневаж.).

Салдаты.

салдафо́н, -а, мн. -ы, -аў, м. (разм., зневаж.).

Грубы, абмежаваны, некультурны чалавек з ваенных, інтарэсы якога не выходзяць за межы вузкапрафесійных заняткаў і ведаў.

|| прым. салдафо́нскі, -ая, -ае.

салда́цік гл. салдат.

салда́цкі гл. салдат.

сале́нне, -я, н.

1. гл. саліць.

2. мн. -і, -яў. Пасоленыя ў запас харчовыя прадукты.

Назапасіць на зіму розных саленняў.

сале́тра, -ы, ж.

Азотнакіслая соль калію, натрыю, амонію, якая ўжыв. ў вытворчасці выбуховых рэчываў, аграноміі і інш.

|| прым. сале́травы, -ая, -ае.

салёнасць, -і, ж.

Уласцівасць салёнага; насычанасць соллю.

Ступень салёнасці мораў бывае розная.

салёны, -ая, -ае.

1. Насычаны соллю, які ўтрымлівае ў сабе соль.

Салёнае мора.

2. Пасолены з перавышэннем нормы.

С. блін.

Салёныя пельмені.

3. Прыгатаваны ў растворы солі ў запас.

Салёныя грыбы.

4. перан. Дасціпны да рэзкасці, непрыстойнасці (разм.).

С. анекдот.

С. жарт.

саліда́рнасць, -і, ж.

Адзінства поглядаў, інтарэсаў, думак, актыўнае спачуванне якім-н. дзеянням.

Сяброўская с.