адсо́хнуць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -со́хне; -со́х, -хла; зак.
1. Пра часткі раслін: засохшы, адпасці.
Галінка адсохла.
2. Пра частку цела: страціць здольнасць рухацца, дзейнічаць з прычыны хваробы (разм.).
Рука адсохла.
◊
Каб табе язык адсох — праклён таму, хто нядобра сказаў.
|| незак. адсыха́ць, -а́е.
адспява́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., што і без дап.
Скончыць спяваць.
Адспявалі свае песні салаўі.
адста́віць, -та́ўлю, -та́віш, -та́віць; -та́ўлены; зак.
1. што. Паставіць на новае месца, пераставіць.
А. крэсла ўбок.
2. што. Адвесці ўбок, выставіць.
А. нагу.
3. каго-што. Звольніць, зняць; вызваліць ад выканання якіх-н. абавязкаў; пазбавіць магчымасці займацца якой-н. справай (уст.).
А. ад выканання абавязкаў.
4. што і без дап. Адста́віць! Каманда, якая азначае адмену папярэдняй каманды або загад спыніць што-н.
А. размовы ў страі!
|| незак. адстаўля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е (да 1—3 знач.).
адста́лы, -ая, -ае.
1. Які адстаў ад іншых у дарозе.
Адсталая птушка.
2. перан. Які стаіць на больш нізкім узроўні развіцця параўнальна з іншымі.
А. чалавек.
Адсталая краіна.
Адсталыя погляды.
|| наз. адста́ласць, -і, ж. (да 2 знач.).
адста́ўка, -і, ДМ -та́ўцы, ж.
Канчатковае звальненне з вайсковай, а таксама з дзяржаўнай службы.
Капітан у адстаўцы.
Выйсці ў адстаўку.
◊
Адстаўка кабінета, урада — выхад у сувязі з вотумам недавер’я або зменай кіраўніка дзяржавы.
адстаўні́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м. (разм.).
Адстаўны ваеннаслужачы.
адстаўны́, -а́я, -о́е.
1. Які знаходзіцца ў адстаўцы.
А. маёр.
2. разм. Якога адхілілі.
А. кавалер.
◊
Адстаўной казы барабаншчык (разм., іран.) — чалавек, з якім ніхто не лічыцца.
адста́ць, -та́ну, -та́неш, -та́не; -та́нь; зак.
1. ад каго-чаго. Рухаючыся марудней за іншых або затрымаўшыся, застацца ззаду.
Трэба было бегчы, каб не а. ад кампаніі.
2. ад чаго. Спазніцца куды-н. (выйшаўшы ў дарозе з цягніка, машыны і пад.), застацца на месцы, не паспець вярнуцца, не паехаць.
А. ад цягніка.
3. перан. Не дасягнуць неабходнага ўзроўню ў чым-н., апынуцца ззаду іншых, робячы што-н. або развіваючыся больш марудна ў параўнанні з іншымі.
А. у вучобе.
А. у выкананні плана.
4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра гадзіннік: паказаць больш ранні час, чым у сапраўднасці.
Гадзіннік адстаў на дзесяць мінут.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аддзяліцца, адваліцца.
Шпалеры адсталі.
6. ад каго. Перастаць дакучаць (разм.).
Адстаньце ад мяне!
|| незак. адстава́ць, -таю́, -тае́ш, -тае́; -таём, -таяце́, -таю́ць.
|| наз. адстава́нне, -я, н. (да 1—5 знач.).
адстая́цца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -то́іцца; зак.
1. Пра вадкасць: пастаяўшы, даць асадак.
2. перан. Канчаткова сфарміравацца (пра думкі, погляды).
Думка адстаялася, усё стала зразумелым.
|| незак. адсто́йвацца, -аецца (да 1 знач.).