адмачы́ць, -мачу́, -мо́чыш, -мо́чыць; -мо́чаны; зак., што.
1. Намачыўшы што-н., аддзяліць, адклеіць.
А. прысохлы бінт.
А. наклейку.
2. Вымачыць, зрабіць больш прыдатным для выкарыстання (спец.).
А. скуры.
3. перан. Сказаць або зрабіць што-н. недарэчнае, непрыстойнае (разм.).
Ну і адмачыў штуку!
|| незак. адмо́чваць, -аю, -аеш, -ае.
|| наз. адмо́чванне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і адмо́чка, -і, ДМ -чцы, ж. (да 2 знач.).
|| прым. адмо́чны, -ая, -ае (да 2 знач.; спец.).
адмежава́цца, -мяжу́юся, -мяжу́ешся, -мяжу́ецца; -мяжу́йся; зак.
1. Аддзяліцца мяжой ад каго-н.
2. перан. Заняць адасобленае ад каго-, чаго-н. становішча, спыніць зносіны з кім-н., выказаць нязгоду з чым-н.
А. ад такіх сяброў.
|| незак. адмяжо́ўвацца, -аюся, -аешся, -аецца; наз. адмяжо́ўванне, -я, н.
|| наз. адмежава́нне, -я, н.
адмежава́ць, -мяжу́ю, -мяжу́еш, -мяжу́е; -мяжу́й; -межава́ны; зак., што.
1. Мяжуючы, аддзяліць.
А. участак.
2. перан. Аддзяліць, адасобіць адну з’яву ад другой.
|| незак. адмяжо́ўваць, -аю, -аеш, -ае; наз. адмяжо́ўванне, -я, н.
|| наз. адмежава́нне, -я, н.
адме́ль, -і, мн. -і, -ей і (радзей) адме́ліна, -ы, мн. -ы, -лін, ж.
Тое, што і водмель.
адме́ннасць, -і, ж.
Асаблівасць, якой вылучаецца хто-, што-н. сярод іншых; што-н. непадобнае да звычайнага, штодзённага.
А. характару.
адме́нны, -ая, -ае.
1. Своеасаблівы, адметны; не такі, як усе.
А. сэнс слова.
2. Самы лепшы, надзвычайны; добры па якасці.
Адменнае футра.
А. абед.
адме́ньваць гл. адмяніць.
адме́раць, -аю, -аеш, -ае; -аны; зак.
1. Мераючы, адзначыць або аддзяліць пэўную колькасць чаго-н.
А. паўтара метра сукна.
Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж (прыказка).
2. Прайсці, праехаць пэўную адлегласць (разм.).
Адмераў пятнаццаць кіламетраў.
|| незак. адме́рваць, -аю, -аеш, -ае і адмяра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
адме́рзнуць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -не; -мёрз, -мёрзла; зак.
1. Загінуць ад марозу, вымерзнуць.
Агуркі адмерзлі.
2. разм. Моцна азябнуць (пра часткі цела); страціць гібкасць, адчувальнасць на холадзе.
Адмерзлі вушы на марозе.
|| незак. адмярза́ць, -а́е.
|| наз. адмярза́нне, -я, н.