Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

адда́ць, -да́м, -дасі́, -да́сць; -дадзі́м, -дасце́, -даду́ць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго-н.

А. доўг.

Што вінен, аддаць павінен (прыказка).

2. Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што-н.

Сонца шчодра аддае цяпло.

3. Даць, перадаць што-н. каму-н.

Салдат аддаў дзяўчынцы свой шынель, а сам узяў малога на рукі.

4. Перадаць што-н. каму-н. ва ўласнасць або на карыстанне.

А. хату.

5. перан. Перадаць што-н., падзяліцца чым-н.

А. вопыт і веды.

6. перан. Ахвяраваць кім-, чым-н. дзеля каго-, чаго-н.

А. сілы, здароўе.

Героі аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць Радзімы.

7. Не ўтрымаць, уступіць што-н. непрыяцелю ў барацьбе.

8. Патраціць час, працу, намаганні на што-н.

9. Здаць што-н. куды-н. для якой-н. мэты.

А. бялізну ў пральню.

10. Накіраваць на службу, вучобу.

А. у салдаты.

А. у гімназію.

11. Выдаць замуж.

А. дачку за сына спевака.

12. Прадаць (па якой-н. цане).

Танна а.

13. Заплаціць за купленае.

Дваццаць тысяч рублёў аддала.

14. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са знач. дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка.

А. загад.

А. перавагу.

15. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю).

Вінтоўка аддала прыкладам у плячо.

16. Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму-, чаму-н.

17. безас. Адазвацца болем у якой-н. частцы цела.

Аддало ў спіну.

18. спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

Аддаць (богу) душу (разм.) — памерці.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго-н. на выбарах.

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць.

Аддаць жыццё за каго-, што-н. — памерці, абараняючы каго-, што-н.

|| незак. аддава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́ (да 2 знач.).

адда́ча, -ы, ж.

1. гл. аддаць.

2. Тое, што і каэфіцыент карыснага дзеяння (спец.).

3. перан. Карысны вынік работы.

Працаваць з поўнай аддачай.

аддзе́л, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Падраздзяленне ў структуры якой-н. установы, прадпрыемства або ўстанова, якая ўваходзіць у склад якой-н. арганізацыі.

А. кадраў.

Галантарэйны а. магазіна.

2. Састаўная частка чаго-н., дзе знаходзяцца аднародныя прадметы; тэматычна аб’яднаная частка кнігі, газеты.

А. беларускага жывапісу.

А. хронікі ў газеце.

3. Адна з частак, на якія падзяляецца што-н. цэлае на аснове пэўных прыкмет.

Аддзелы галаўнога мозга.

аддзе́лачнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Рабочы, спецыяліст па аддзелачных работах.

|| ж. аддзе́лачніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

аддзе́лка, -і, ДМ -лцы, ж.

1. Наданне якога-н. пэўнага выгляду (шляхам рамонту, апрацоўкі, аздаблення і пад.).

А. кватэры.

2. Тое, што служыць упрыгожаннем, аздобай чаго-н.

Карункавая а.

|| прым. аддзе́лачны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Аддзелачныя работы.

аддзе́рці, -дзяру́, -дзярэ́ш, -дзярэ́; -дзяро́м, -дзераце́, -дзяру́ць; -дзяры́; -дзёрты; зак., што.

Тое, што і ададраць.

|| незак. аддзіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

аддзеясло́ўны, -ая, -ае.

У граматыцы: утвораны ад дзеяслова.

А. назоўнік.

аддзіма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак., што.

1. Дзьмучы, подыхам адносіць, адганяць назад ці ўбок.

А. пару ад сподачка.

2. Раз-пораз выдыхаць ротам паветра ў часе сну або ў стане фізічных перагрузак.

аддзіра́цца гл. ададрацца.

аддзіра́ць гл. ададраць.