Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

канды́тар

(лац. conditor)

спецыяліст па прыгатаванні салодкіх мучных вырабаў, цукерак і іншых ласункаў.

канды́цыя

(лац. condicio = умова, патрабаванне)

норма, якасць, якім павінен адпавядаць той ці іншы тавар, матэрыял (напр. пасяўная к. насення).

кандыцыяналі́зм

(ад лац. condicio = умова)

плынь у фізіялогіі і медыцыне, прадстаўнікі якой адмаўляюць паняцце прычыны, зводзяць яе да комплексу ўмоў, што выклікаюць хваробу.

кандыцыяне́р

(фр. conditionneur, ад лац. condicio = умова, патрабаванне)

1) спецыяльная ўстаноўка для забеспячэння патрэбнай тэмпературы, чысціні і вільготнасці паветра ў памяшканні;

2) апарат для гідратэрмальнай апрацоўкі збожжа, якая павышае яго мукамольныя ўласцівасці і паляпшае якасць мукі.

кандыцыяні́раваць

(фр. conditionner, ад лац. condicere = патрабаваць паводле ўмовы)

прыводзіць у адпаведнасць з пэўнымі нормамі, патрабаваннямі (напр. к. збожжа, к. паветра).

кандэ́ла

(лац. candela = свяча)

асноўная адзінка сілы святла ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная сіле святла выпраменьвальніка, што мае тэмпературу зацвердзявання плаціны пры нармальным ціску.

кандэля́бр

(фр. candelabre)

падсвечнік з разгалінаваннямі для некалькіх свечак або электрычных лямп у выглядзе свечак.

кандэнсава́ць

(лац. condensare = згушчаць)

1) ператвараць пару, газ у вадкі стан;

2) згушчаць што-н. (напр. к. малако);

3) назапашваць што-н. (напр. к. энергію).

кандэ́нсар

(лац. condensare = згушчаць)

кароткафокусная лінза або сістэма лінз, якая выкарыстоўваецца ў аптычным прыборы для канцэнтрацыі светлавога струменя і раўнамернага асвятлення прадмета, што разглядаецца.

кандэнса́т

(лац. condensatus = згушчаны)

прадукт, які атрымліваецца ў выніку кандэнсавання (гл. кандэнсаваць 1) газу або пары.