Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калаксілі́н

(ад гр. kolla = клей + oksys = кіслы)

няпоўны складаны эфір цэлюлозы, цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва; выкарыстоўваецца пры вырабе выбуховых рэчываў, лакаў і інш.

кала́м

(ар. kalam, ад гр. kalamos = трыснёг)

трысняговая палачка, якая ў народаў Усходу выкарыстоўвалася замест пяра для пісьма.

каламбі́на

(іт. colombina)

персанаж італьянскай народнай камедыі масак — каханая арлекіна.

каламбу́р

(фр. calembour)

гульня слоў, жарт, заснаваны на камічным абыгрыванні блізкіх па гучанні, але розных па значэнні слоў або словазлучэнняў.

ка́ламель

(ад гр. kalos = прыгожы + melas = чорны)

хлорыстая ртуць, белы атрутны парашок, які выкарыстоўваецца ў тэхніцы і медыцыне.

каламі́н

(с.-лац. calamina, ад ар. kadmeia = цынкавая руда)

мінерал класа сілікатаў, бясколерны або шараватага, жоўтага і іншых колераў, руда цынку.

каламі́ты

(н.-лац. calamitacea, ад гр. kalamos = трыснёг)

сямейства вымерлых дрэвападобных членістасцябловых раслін класа хвашчовых, якія існавалі ў палеазоі.

калана́да

(фр. colonnade)

архіт. рад калон пад агульным перакрыццём (аркай, аркадай) або антаблементам у якім-н. збудаванні.

калана́т

(лац. colonatus)

форма прыгоннай залежнасці сельскага насельніцтва ў Стараж. Рыме і еўрапейскіх краінах перыяду ранняга сярэдневякоўя.

кала́ндр

(фр. calandre)

прэс для надання тканіне, паперы, гуме гладкасці, глянцавітасці або нанясення на іх цісненнем малюнкаў.