Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кансервато́рыя

(іт. conservatorio)

вышэйшая музычная навучальная ўстанова, якая рыхтуе выканаўцаў, кампазітараў, музыказнаўцаў.

кансерваты́зм

(фр. conservatisme, ад лац. conservare = ахоўваць, захоўваць)

схільнасць да ўсяго старога, аджыўшага і варожасць да новага, прагрэсіўнага.

кансерваты́ўны

(лац. conservativus = ахавальны)

прыхільны да старога, аджыўшага, варожы ўсяму новаму, прагрэсіўнаму (напр. к-ыя погляды);

к-ая партыя — палітычная партыя, заснаваная на прынцыпах кансерватызму, якая прадстаўляе пераважна інтарэсы буйных уласнікаў (напр. у Вялікабрытаніі).

кансерва́цыя

(лац. conservatio)

1) спецыяльная апрацоўка або стварэнне спецыяльных умоў для засцярогі чаго-н. ад псавання (напр. к. крыві, к. берасцяных грамат);

2) часовае спыненне дзейнасці, развіцця чаго-н. (напр. к. прадпрыемства).

кансе́рвы

(фр. conserves, ад лац. conservare = ахоўваць, захоўваць)

спецыяльна апрацаваныя харчовыя прадукты, змешчаныя ў наглуха закрытыя бляшанкі або слоікі для засцярогі ад псавання.

кансігна́нт

(лац. consignans, -ntis = які засведчвае)

уладальнік тавару, які прадае яго за мяжу праз пасрэдніцтва кансігнатара.

кансігна́тар

(ад лац. consignare = прыкладваць пячатку)

пасрэднік пры экспарце тавараў.

кансігна́цыя

(лац. consignatio = пісьмовы доказ)

форма камісійнага продажу тавараў за мяжу, калі ўладальнік перадае тавар кансігнатару з даручэннем прадаць яго на пэўных умовах.

кансі́ліум

(лац. consilium)

нарада ўрачоў для вызначэння характару захворвання і спосабаў яго лячэння.

кансісто́метр

[ад кансіст(энцыя) + -метр]

прыбор для вызначэння кансістэнцыі розных рэчываў.