Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАХУМУ́ЛЬКА (Tajumulco),

дзеючы вулкан у Вулканічнай Сьеры, у Гватэмале. Мае форму правільнага конуса з 2 вяршынямі. Выш. да 4217 м (найвышэйшая вяршыня Цэнтр. Амерыкі). Складзены з андэзітаў. Апошняе вывяржэнне ў 1863. На схілах хваёвыя лясы, дубровы, горныя лугі.

т. 15, с. 464

ТАЦІ́ШЧАЎ Васіль Мікітавіч (29.4.1686. каля г. Пскоў, Расія — 26.7.1750),

расійскі дзярж. дзеяч, гісторык. Род Т. паходзіў ад смаленскіх князёў. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. баявых аперацый 1705—06 на тэр. ВКЛ і Польшчы, Палтаўскай бітвы 1709. Выконваючы ваен.-дыпламат. даручэнні Пятра I за мяжой, Т. узбагаціў свае веды ў галінах філасофіі і гісторыі, геаграфіі і горнай справы, эканам. і паліт. вучэнняў, што пазней дазваляла яму грунтоўна асвятляць адпаведныя пытанні ў сваіх творах і запісках. У 1720—22 і 1734—37 кіраўнік казённых заводаў на Урале, заснаваў г. Екацярынбург (1721); 1741—45 астраханскі губернатар. Аўтар прац па гісторыі, геаграфіі, філасофіі, эканоміцы (пры яго жыцці амаль не друкаваліся). На падставе шматлікіх летапісаў і інш. крыніц стварыў абагульняльную працу «Гісторыя Расійская з самых старажытнейшых часоў» (кн. 1—5, 1768—1848), дзе ўпершыню ў рас. гістарыяграфіі зрабіў спробу знайсці заканамернасці ў гіст. развіцці Расіі; гіст. прагрэс звязваў з развіццём асветы. Сярод выкарыстаных Т. крыніц былі летапісы, якія не дайшлі да нашага часу, у т. л. адзін са спісаў Полацкага летапісу. Па яго творах удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі: месца бітвы кн. Уладзіміра Святаславіча з Яраполкам (на р. Друць), прычыны нападу Уладзіміра Святаславіча на Полацк у 980 (напад полацкага кн. Рагвалода на ўладанні Ноўгарада), уладкаванне спраў полацкіх князёў з Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам у 1121, час заснавання Навагрудка (1044), Барысава (1102), акалічнасці ўзнікнення ВКЛ (вакол Навагрудскага княства), помсты Войшалка забойцам яго бацькі Міндоўга і інш. Т. упершыню даследаваў паходжанне тэрміна Белая Русь, які лічыў указаннем на прыгажосць і багацце гэтай зямлі і адносіў яго ўзнікненне да 12 ст. Даследаваў узнікненне герба ВКЛ «Пагоня», які лічыў запазычаным у стараж.-рус. княстваў. Т. паклаў пачатак этнаграфіі і крыніцазнаўства ў Расіі, упершыню апублікаваў Рускую праўду, Судзебнік 1550. Аўтар першага рас. энцыкл. слоўніка — «Лексікон расійскі гістарычны, геаграфічны, палітычны і грамадскі» (ч. 1—3, 1793, да літары «К»). Да праблем эканам. развіцця Расіі Т. падыходзіў з пазіцый развітога меркантылізму, адводзячы дзяржаве вырашальную ролю ў кіраўніцтве эканам. жыццём краіны. У працах па эканоміцы абгрунтоўваў тэорыю «гандл. балансу» і значную ролю купецтва ў павелічэнні даходаў дзяржавы. Адным з першых выказаў меркаванні аб неабходнасці банкаў, у т. л. для крэдытавання прам-сці і гандлю.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1994—96;

Записки. Письма, 1717—1750 гг. М., 1990.

Літ.:

Юхт А.И. Государственная деятельность В.​Н.​Татищева в 20-х — начале 30-х гг. XVIII в. М., 1985;

Шакинко И.М. В.​Н.​Татищев. М., 1987;

Кузьмин А.Г. Татищев. 2 изд. М., 1987;

Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2000;

Штыхаў Г.В. Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мн., 2002.

Г.​В.​Штыхаў, Р.​Ч.​Лянькевіч.

В.М.Тацішчаў.

т. 15, с. 464

«ТАЦЦЯ́НКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны, пераходзіць у жвавы. Выконваецца парамі і адной дзяўчынай — Таццянкай. Хлопцы па чарзе спяваюць куплеты аднайм. песні і танцуюць перад дзяўчынай, якая дэманструе абыякавасць да іх, потым выбірае аднаго з хлопцаў, былая партнёрка якога становіцца чарговай Таццянкай. Зафіксаваны ў канцы 19 ст. ў Дзісненскім павеце.

І.​М.​Хвораст.

т. 15, с. 465

ТА́ЦЫТ Публій Карнелій (Publius Cornelius Tacitus; каля 58, г. Інтэрамн, цяпер г. Тэрні, Італія — пасля 117),

старажытнарымскі гісторык і паліт. дзеяч. Займаў пасады прэтара (88), консула (97), праконсула правінцыі Азія (112—113). Аўтар прац: «Гісторыя» (з 14 кн. захаваліся 1—4 і часткова 5, нап. каля 105—107) ахоплівае жыццё Рыма і ўсёй імперыі 69—96; «Аналы» (з 16 кн. захаваліся 1—4, 11—15, нап. каля 115—117) асвятляюць гісторыю Рым. імперыі 14—68. У этнагр. і геагр. нарысе «Германія» (98) апісаў грамадскі лад, рэлігію і побыт стараж. германцаў. Гал. рухаючай сілай гісторыі лічыў волю і ўчынкі людзей, найперш імператараў, ідэалізаваў арыстакратычную рэспубліку. Звесткі Т. вызначаюцца дакладнасцю і ўяўляюць каштоўнасць як сведчанні відавочцы.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. М., 1993;

Анналы. Малые произведения. История. М., 2001.

Літ.:

Кнабе Г.С. Корнелий Тацит: Время. Жизнь. Книги. М., 1981;

Немировский А.И. Рождение Клио: У истоков ист. мысли. Воронеж, 1986.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 465

ТАЧА́НКА,

рысорная конная павозка з адкрытым лёгкім кузавам для парнай запрэжкі. Т. з узмоцненай запрэжкай (тройкай або чацвёркай коней) у час грамадз. вайны ў Расіі (1918—20) выкарыстоўваліся ў кавалерыі ў якасці рухомай баявой пляцоўкі пад станковы кулямёт. Баявы разлік кулямётнай Т. складаўся з 2—3 чал. — наводчыка, памочніка і ездавога. У Вял. Айч. вайну выкарыстоўваліся бел. партызанамі.

т. 15, с. 465

ТАЧЫ́ЛЬШЧЫКІ (Anobiidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 1,7 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць у мёртвай драўніне, дрэвавых грыбах, радзей у сцёблах жывых раслін. Некат. віды пашкоджваюць драўляныя збудаванні, мэблю, кнігі, харч. прадукты. Найб. трапляюцца Т.: дамавы (Anobium pertinax), звычайны (A. punctatum), хлебны (Stegobium paniceum) і інш. На Беларусі 31 від.

Даўж. да 8 мм. Цела цыліндрычнае, зверху ўкрыта валаскамі. Афарбоўка ад жоўта-рыжай да чорна-бурай. Вусікі 8—11-членікавыя, піла-, грэбене- ці булавападобныя. Лапкі 5-членікавыя. Лічынкі белыя, мясістыя, С-падобныя, з кароткімі нагамі. Кормяцца адмерлай драўнінай.

С.​Л.​Максімава.

Тачыльшчыкі: 1 — хлебны; 2 — дамавы.

т. 15, с. 465

ТАЧЫ́ЦКІ Эдуард Іванавіч (н. 19.7.1935, Мінск),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і тэхналогіі мікраэлектронных вырабаў. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р тэхн. н. (1974), праф. (1981). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1976 заг. лабараторыі Ін-та электронікі, з 1990 дырэктар Інж. цэнтра «Плазматэг» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па структуры, кінетыцы і тэрмадынаміцы фазавых пераўтварэнняў у тонкіх плёнках і пакрыццях, праблемах павышэння надзейнасці і даўгавечнасці машын нанясеннем зносаўстойлівых і ўмацавальных пакрыццяў. Распрацаваў тэорыю кінетыкі ўзнікнення і росту тонкіх плёнак ва ўмовах стацыянарнага і імпульснага асаджэння. Стварыў імпульсныя катодна-дугавыя крыніцы плазмы для нанясення высокадакладных шматслойных і шматкампанентных пакрыццяў і сінтэзу новых матэрыялаў. Сфармуляваў прынцыпы рэалізацый метастабільных фазавых і структурных станаў у тонкіх плёнках. Эксперыментальна атрымаў алмазныя і алмазападобныя плёнкі пры нізкіх т-рах.

Тв.:

Производство полуфабрикатов из спеченной алюминиевой пудры (САП). М., 1965 (у сааўт.);

Структура тонких металлических пленок. Мн., 1968 (разам з В.​П.​Севярдэнкам);

Кристаллизация и термообработка тонких пленок. Мн., 1976.

М.​П.​Савік.

Э.І.Тачыцкі.

т. 15, с. 465

ТАЧЭ́ННЕ, такарная апрацоўка,

адна з асноўных аперацый апрацоўкі матэрыялаў рэзаннем. Выконваецца звычайна на такарных станках пры вярчальным руху загатоўкі (вырабу) і паступальным руху разца. Т. апрацоўваюцца вонкавыя і ўнутр. паверхні цел вярчэння (цыліндрычныя, канічныя або фасонныя), а таксама спіральныя і вінтавыя паверхні дэталей складанай формы.

т. 15, с. 465

ТАШКЕ́НТ,

горад, сталіца Узбекістана, цэнтр аднайм. вобласці. Знаходзіцца ў перадгор’ях Зах. Цянь-Шаня, у даліне р. Чырчык. 2148 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. с.-г., тэкст., авіяц., эл.-тэхн., трансп., інструментальнае, электроннае і інш.; металаапр., баваўняная, трыкат., абутковая, швейная, хім., нафтахім., хіміка-фармацэўтычная, харчасмакавая, харч., буд. матэрыялаў, шкляная, фарфора-фаянсавая і інш. Метрапалітэн. АН Узбекістана, Ун-т. 12 тэатраў. Музеі: мастацтва Узбекістана, гісторыі народаў Узбекістана, л-ры імя А.​Наваі. Цэнтр турызму.

Упершыню ўпамінаецца ў кіт. хроніках канца 2 — пач. 1 ст. да н.э. пад назвай Юні. У 4—5 ст. н.э. гар. паселішча Чач (Шаш) у цэнтры земляробчага аазіса, на перакрыжаванні гандл. шляхоў паміж Усходам і Еўропай. У 6 ст. ў складзе Цюркскага каганата. У 8—9 ст. пад назвай Бінкент быў цэнтрам самаст. ўладання Чач (Шаш). У пач. 8 ст. заваяваны арабамі. Шмат разоў разбураўся качэўнікамі. У 9—10 ст. у складзе дзяржавы Саманідаў, у канцы 10 — пач. 13 ст. — дзяржаў Караханідаў і Каракітаяў. Упершыню пад назвай Т. упамінаецца ў 11 ст. У пач. 13 ст. Т. захапіў шах Харэзма Мухамед II, паводле загаду якога ў 1214 горад разбураны, а жыхары пераселены. У 14 ст. заваяваны Цімурам і ператвораны ў адну з найбуйнейшых крэпасцей дзяржавы Цімурыдаў. У 2-й пал. 16 ст. далучаны да Бухарскага ханства, у 17—18 ст. захоплены казахамі і калмыкамі. У 1809 у складзе Какандскага ханства. У 1865 далучаны да Расіі, з 1867 цэнтр Туркестанскага ген.-губернатарства і Сырдар’інскай вобл. У 1899 да Т. пракладзена сярэднеазіяцкая чыгунка, у 1906 чыгункай злучаны з Арэнбургам. З 1918 сталіца Туркестанскай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, з 1930 — Узбекістана. У час Вял. Айч. вайны ў Т. была эвакуіравана АН БССР, жыў Я.​Колас. Т. — месца сустрэч прадстаўнікоў краін Азіі і Афрыкі. Тут падпісана Ташкенцкая дэкларацыя 1966. З 1993 у Т. дзейнічае бел. культ. цэнтр «Світанак».

У 5—8 ст. на тэр. Т. існавалі ўмацаваныя паселішчы (гарадзішчы Мінг-Урук, Кугайт-Тэпе), раннефеад. сядзібы і замкі (Ак-Тэпе, 6—8 ст., дабудовы 11 ст.). У Старым горадзе з 1—2-глінакаркаснымі дамамі вылучаюцца партальна-купальныя маўзалеі Шэйхантаўр (15 ст.), Кафаль Шашы, медрэсэ Барак-хана і Кукельташа (16 ст.). У пач. 20 ст. побач вырас рэгулярна распланаваны, абводнены арыкамі і азяленены Новы горад. У 1930-я і 1950-я г. Т. кардынальна перапланаваны, пабудаваны буйныя жылыя масівы, грамадскія будынкі, у т. л. т-р оперы і балета (1940—47, арх. А.​Шчусеў, размалёўкі маст. Ч.​Ахмарава, разьба па дрэве нар. майстроў Т.​Арсланкулава, К.​Джалілава, братоў Джураевых і інш.). Пасля землетрасення 1966 Т. адбудаваны і развіваецца паводле генплана 1970.

Літ.:

Древний Ташкент. Ташкент, 1973;

Кадырова Т.Ф. Архитектура центра Ташкента. Ташкент, 1976;

Гласс Ю.И. Музеи Ташкента: Спр.-путеводитель. Ташкент, 1983.

Ташкент. Медрэсэ Кукельташа.
Ташкент. Будынак тэатра.
Панарама Ташкента.

т. 15, с. 465

ТАШЛЫКО́Ў Ігар Серафімавіч (н. 4.6.1946, Канка, КНДР),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1991). Чл. Нью-Йоркскай АН (1994). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у БДУ, з 1972 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. З 1989 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па фіз. працэсах узаемадзеяння паскораных іонаў з цвёрдымі целамі. Выявіў механізмы пашкоджанняў і трансфармацыі структуры цвёрдых цел пры іонных працэсах апрамянення і нанясення тонкіх пакрыццяў на вырабы мікраэлектронікі. Прапанаваў метады павышэння мех. і каразійнай трываласці, каталітычнай актыўнасці, адгезійнай устойлівасці, ліяфільнасці матэрыялаў.

Тв.:

Неразрушающий анализ поверхностей твердых тел ионными пучками. Мн., 1987 (разам з Ф.​Ф.​Камаровым, М.​А.​Кумахавым);

Ионное перемешивание бикомпонентных слоев на основе никеля // Физика и химия обработки материалов. 1991. № 1.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 466