Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАШКЕ́НТ,

горад, сталіца Узбекістана, цэнтр аднайм. вобласці. Знаходзіцца ў перадгор’ях Зах. Цянь-Шаня, у даліне р. Чырчык. 2148 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. с.-г., тэкст., авіяц., эл.-тэхн., трансп., інструментальнае, электроннае і інш.; металаапр., баваўняная, трыкат., абутковая, швейная, хім., нафтахім., хіміка-фармацэўтычная, харчасмакавая, харч., буд. матэрыялаў, шкляная, фарфора-фаянсавая і інш. Метрапалітэн. АН Узбекістана, Ун-т. 12 тэатраў. Музеі: мастацтва Узбекістана, гісторыі народаў Узбекістана, л-ры імя А.​Наваі. Цэнтр турызму.

Упершыню ўпамінаецца ў кіт. хроніках канца 2 — пач. 1 ст. да н.э. пад назвай Юні. У 4—5 ст. н.э. гар. паселішча Чач (Шаш) у цэнтры земляробчага аазіса, на перакрыжаванні гандл. шляхоў паміж Усходам і Еўропай. У 6 ст. ў складзе Цюркскага каганата. У 8—9 ст. пад назвай Бінкент быў цэнтрам самаст. ўладання Чач (Шаш). У пач. 8 ст. заваяваны арабамі. Шмат разоў разбураўся качэўнікамі. У 9—10 ст. у складзе дзяржавы Саманідаў, у канцы 10 — пач. 13 ст. — дзяржаў Караханідаў і Каракітаяў. Упершыню пад назвай Т. упамінаецца ў 11 ст. У пач. 13 ст. Т. захапіў шах Харэзма Мухамед II, паводле загаду якога ў 1214 горад разбураны, а жыхары пераселены. У 14 ст. заваяваны Цімурам і ператвораны ў адну з найбуйнейшых крэпасцей дзяржавы Цімурыдаў. У 2-й пал. 16 ст. далучаны да Бухарскага ханства, у 17—18 ст. захоплены казахамі і калмыкамі. У 1809 у складзе Какандскага ханства. У 1865 далучаны да Расіі, з 1867 цэнтр Туркестанскага ген.-губернатарства і Сырдар’інскай вобл. У 1899 да Т. пракладзена сярэднеазіяцкая чыгунка, у 1906 чыгункай злучаны з Арэнбургам. З 1918 сталіца Туркестанскай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, з 1930 — Узбекістана. У час Вял. Айч. вайны ў Т. была эвакуіравана АН БССР, жыў Я.​Колас. Т. — месца сустрэч прадстаўнікоў краін Азіі і Афрыкі. Тут падпісана Ташкенцкая дэкларацыя 1966. З 1993 у Т. дзейнічае бел. культ. цэнтр «Світанак».

У 5—8 ст. на тэр. Т. існавалі ўмацаваныя паселішчы (гарадзішчы Мінг-Урук, Кугайт-Тэпе), раннефеад. сядзібы і замкі (Ак-Тэпе, 6—8 ст., дабудовы 11 ст.). У Старым горадзе з 1—2-глінакаркаснымі дамамі вылучаюцца партальна-купальныя маўзалеі Шэйхантаўр (15 ст.), Кафаль Шашы, медрэсэ Барак-хана і Кукельташа (16 ст.). У пач. 20 ст. побач вырас рэгулярна распланаваны, абводнены арыкамі і азяленены Новы горад. У 1930-я і 1950-я г. Т. кардынальна перапланаваны, пабудаваны буйныя жылыя масівы, грамадскія будынкі, у т. л. т-р оперы і балета (1940—47, арх. А.​Шчусеў, размалёўкі маст. Ч.​Ахмарава, разьба па дрэве нар. майстроў Т.​Арсланкулава, К.​Джалілава, братоў Джураевых і інш.). Пасля землетрасення 1966 Т. адбудаваны і развіваецца паводле генплана 1970.

Літ.:

Древний Ташкент. Ташкент, 1973;

Кадырова Т.Ф. Архитектура центра Ташкента. Ташкент, 1976;

Гласс Ю.И. Музеи Ташкента: Спр.-путеводитель. Ташкент, 1983.

Ташкент. Медрэсэ Кукельташа.
Ташкент. Будынак тэатра.
Панарама Ташкента.

т. 15, с. 465

ТАШЛЫКО́Ў Ігар Серафімавіч (н. 4.6.1946, Канка, КНДР),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1991). Чл. Нью-Йоркскай АН (1994). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у БДУ, з 1972 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. З 1989 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па фіз. працэсах узаемадзеяння паскораных іонаў з цвёрдымі целамі. Выявіў механізмы пашкоджанняў і трансфармацыі структуры цвёрдых цел пры іонных працэсах апрамянення і нанясення тонкіх пакрыццяў на вырабы мікраэлектронікі. Прапанаваў метады павышэння мех. і каразійнай трываласці, каталітычнай актыўнасці, адгезійнай устойлівасці, ліяфільнасці матэрыялаў.

Тв.:

Неразрушающий анализ поверхностей твердых тел ионными пучками. Мн., 1987 (разам з Ф.​Ф.​Камаровым, М.​А.​Кумахавым);

Ионное перемешивание бикомпонентных слоев на основе никеля // Физика и химия обработки материалов. 1991. № 1.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 466

«ТАШЫ́БА»,

«Тасіба» (англ. Toshiba, адна з буйнейшых кампаній па электроніцы ў Японіі. Утворана ў 1939, сучасная назва з 1978. Вырабляе цяжкія эл. машыны, быт. эл. абсталяванне, сродкі камунікацыі і аўдыя-, відэа- і камп’ютэрную тэхніку. Мае 30 філіялаў у Японіі, сумесныя прадпрыемствы ў многіх краінах свету.

т. 15, с. 466

ТАШЫ́ЗМ (ад франц. tache пляма),

інфармальнае мастацтва, плынь у заходнееўрапейскім абстракцыянізме 1950—60-х г. Ташысты стваралі карціны метадам «псіхічнай імправізацыі» (мазкі фарбы накладваліся на палатно хуткімі рухамі рукі без папярэдне абдуманага плана). Т. блізкі да амер. абстрактнага экспрэсіянізму, але адрозніваўся менш кідкай манерай узаемадзеяння плямы з палатном, большай лёгкасцю формы, увагай да колеру. Некат. карціны, выкананыя ў гэтай манеры, асацыіруюцца з прыроднымі з’явамі: воднымі стыхіямі, горнымі ландшафтамі, рухамі атмасферы, аб’ектамі мікрасвету, адлюстраванымі на фотаздымках. Сярод найб. значных прадстаўнікоў Т.: Ж.​Мацьё, Г.​Гартунг, П.​Сулаж, Ж.​Базен (Францыя), Э.​Ведова (Італія), А.​Іорн (Данія).

т. 15, с. 466