Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ АСВЕ́ТЫ (ТБА),

культурна-асветная арганізацыя ў Зах. Беларусі ў 1932—37. Створана ў Вільні на аснове Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый, зарэгістравана 22.12.1932. Арганізатары і кіраўнікі А.​І.​Луцкевіч, Р.​К.​Астроўскі, А.​Трэпка, Я.​Шнаркевіч, С.​Кароль, Я.​Бартуль, В.​Манкевіч і інш. З 1933 выдавала газ. «Родны край». Мэтай ТБА з’яўлялася дзейнасць па развіцці бел. культуры, пашырэнні школьнай і пазашкольнай асветы на бел. мове, уздым маральнага ўзроўню, вывучэнне польскай культуры, культ. адметнасцей інш. народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі. Знаходзілася пад арганізац. кіраўніцтвам беларускай санацыі. З 1933 утварала гурткі, адкрыла 33 б-кі-чытальні, наладжвала лекцыі, спектаклі вандроўных т-раў, разгарнула выдавецкую дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця бел. школ, умацавання ўцалелых Віленскай і Навагрудскай бел. гімназій, выступала супраць паланізацыі, хоць не адмаўляла супрацоўніцтва з польскімі культ.-асв. арг-цыямі, асуджала паліт. рэпрэсіі ў БССР. Кіраўніцтва ТБА заклікала Таварыства беларускай школы (ТБШ) да сумесных школьных акцый. Дзейнасць ТБА жорстка крытыкавалі дзеячы КПЗБ, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Паланафільскі характар і шлях кампрамісаў не пазбавіў ТБА ад праследаванняў польскіх улад, фін. цяжкасцей. З-за паліт. меркаванняў т-ва адмовілася далучыцца да заключанага ў лют. 1936 пагаднення паміж ТБШ і Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры аб адзінстве дзеянняў у школьнай справе, назваўшы яго «акцыяй Камінтэрна». Забаронена польскімі ўладамі 20.8.1937.

Літ.:

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1994. № 2.

А.​М.​Вабішчзвіч.

т. 15, с. 371

ТБІЛІ́СІ,

горад, сталіца Грузіі. Знаходзіцца ў Тбіліскай катлавіне, на р. Кура. 1310 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. электравозабуд., авіяц., станкабуд., с.-г., ліцейнага абсталявання, эл.-тэхн. сродкаў сувязі і інш.; тэкст., гарбарна-абутковая, харчасмакавая, хім., дрэваапр., шкляная, фарфора-фаянсавая, фармацэўтычная, паліграфічная. Метрапалітэн, пасаж.-канатныя дарогі, у т. л. фунікулёр. АН Грузіі. Ун-т. 14 тэатраў. Музеі: Дзяржаўны, мастацтва Грузіі, карцінная галерэя Грузіі, нар. і прыкладнога мастацтва. Бат. сад. На ПдУ — Тбіліскі бальнеалагічны курорт.

У 4-м тыс. да н.э. на месцы Т. было паселішча, у 4 ст. н.э. — горад-крэпасць. Пры цару Вахтангу I Гаргасале Т. — буйны эканам. цэнтр Усх. Грузіі. Яго сын Дачы завяршыў будаўніцтва гар. сцен (пач. 6 ст.) і зрабіў Т. сталіцай Картлі (замест Мцхеты). Пасля заваявання Усх. Грузіі арабамі (сярэдзіна 7 ст.) Т. — рэзідэнцыя араб. эміра. На працягу 7—11 ст. горад часта разбуралі хазары і арабы. Вызвалены ў 1122 царом Давідам Будаўніком, стаў сталіцай аб’яднанай груз. дзяржавы. у 13—18 ст. горад спусташалі харэзмійцы, манголы, войскі Цімура, арабы, туркі. З пач. 19 ст. да 1935 наз. Тыфліс. У 1801 Т. ў складзе Усх. Грузіі далучаны да Рас. імперыі, стаў цэнтрам Груз., з 1846 — Тыфліскай губ., у 1844—82 — Каўказскага намесніцтва. У 1872 злучаны чыгункай з г. Поці, у 1883 — з Баку і Батумі. У 1917—18 тут дзейнічаў Закаўказскі камісарыят, які ў 1918 склікаў Закаўказскі сейм. З 1921 Т. — сталіца Грузіі, адначасова ў 1922—36 сталіца Закаўказскай Федэрацыі. У 1927—30(?) у горадзе існавала Бел. студэнцкае зямляцтва пры Тыфліскім дзярж. політэхн. ін-це.

Стараж. ядро Т. — Стары горад з вузкімі вуліцамі, якія захавалі рысы сярэдневяковай забудовы, з 2—3-павярховымі цаглянымі дамамі (пераважна 1830—40-я г.), аздобленымі разнымі драўлянымі крытымі балконамі. Сярод помнікаў: руіны цытадэлі Нарыкала (4 ст., 16—17 ст.), цэрквы Анчысхаты (6 ст., 17 ст.), Метэхі (1278—93), кафедральны сабор Сіёні (6—7 ст., перабудоўваўся), лазні цара Растома (17 ст.). З 19 ст. разрастаўся т. зв. Новы горад (цэнтр сучаснага Т.) з прамавугольнай сеткай вуліц, будынкамі ў стылях позняга класіцызму, эклектыкі, мадэрна, з выкарыстаннем нац. форм. З пач. 20 ст. Т. забудоўваўся паводле генпланаў. Добраўпарадкаваны і рэканструяваны старыя, створаны новыя магістралі і плошчы, масты, набярэжныя. Забудаваны новыя гар. кварталы (Аўчала, Сабуртала, Дыгомі, Глдані і інш.). Сярод найб. значных збудаванняў: Музей мастацтваў (б. гасцініца Зубалашвілі; 1835), ун-т (б. дваранская гімназія; 1906, арх. С.​Клдыяшвілі), б-ка (б. Груз. дваранскі зямельны банк; 1912—16, арх. А.​Кальгін), стадыён «Дынама» (1933—37, арх. А.​Курдыяні, рэканструяваны), Палац спорту (1961, арх. У.​Алексі-Месхішвілі, Ю.​Касрадзе, канструктар Д.​Каджаія), канцэртная зала філармоніі (1971, арх. І.​Чхенкелі, канструктар Ш.​Газашвілі), Дом урачыстых падзей (1984, арх. В.​Джарбенадзе і інш.). З 1966 вядзецца буд-ва метрапалітэна. Помнікі: манумент «300 арагвінскіх герояў» (1961), статуя «Маці-Грузія» (1963), Ніко Пірасманашвілі (1975) і інш.

Літ.:

Квирквелия Т. Архитектура Тбилиси. Тбилиси, 1982.

Цэнтральная частка Тбілісі.
Панарама Тбілісі.
Тбілісі. Стары горад.

т. 15, с. 467

ТБІЛІ́СКІ ЭМІРА́Т,

мусульманскае феад. ўладанне на тэр. Грузіі ў 8 — пач. 12 ст. Узнік у выніку арабскіх заваяванняў у 730-я г. як частка Амеядаў халіфата (з 750 Абасідаў халіфата), кіраваўся эмірамі (князямі) з рэзідэнцыяй у г. Тбілісі. Спачатку Т.э. падпарадкоўвалася ўся Усх. Грузія, але ў выніку вызв. барацьбы грузін яго тэр. скарачалася. У 9 ст. пад уладай эміраў заставалася толькі тэр. Картлі, у 11 ст. — Тбілісі з прылеглым раёнам. З канца 9 да канца 11 ст. Т.э. быў фактычна незалежны ад араб. халіфаў. У 1122 войскі груз. цара Давіда Будаўніка авалодалі Тбілісі, які стаў сталіцай аб’яднанай Грузіі. Т.э. спыніў існаванне.

т. 15, с. 468