Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Б,

другая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Б («букі»), утворанай графічным відазмяненнем візантыйскай літары B. Рознае напісанне лац. B і слав. Б абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на асн. грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да нашай эры, калі β перадавала гук «б», у перыяд станаўлення слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Не мела лікавага значэння. У сучаснай бел. мове абазначае выбухныя звонкія губна-губныя фанемы («б») і («б’»), што рэалізуюцца па-рознаму ў залежнасці ад якасці суседніх гукаў ці пазіцыі ў слове.

А.М.Булыка.

т. 2, с. 177

БА,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі адзін з элементаў, што складаюць чалавечую сутнасць. Ім быццам бы валодалі толькі багі і фараоны, пазней Ба ўвасаблялі жыццёвую сілу ўсіх людзей. Ба ўяўлялі ў выглядзе птушкі з галавой, зрэдку і рукамі чалавека. Ба мелі не толькі людзі, але і гарады.

т. 2, с. 177

БАА́,

удаў звычайны (Constrictor constrictor), змяя падсямейства ўдаваў. 6 падвідаў. Пашыраны ў Амерыцы, пераважна ў трапічных лясах; падвід імператарскі ўдаў (Constrictor constrictor imperator) — у гарах; аргенцінскі ўдаў (Constrictor constrictor occidentalis) — у засушлівых стэпах. Жыве на глебе, па берагах рэк і ручаёў, на дрэвах.

Даўж. 2—5,5 м. Афарбоўка яркая, стракатая, з метал. бляскам. Малюнак цела вельмі разнастайны. Нараджае 3—64 дзіцяці даўж. па 0,5 м кожнае. Корміцца грызунамі, яшчаркамі, птушкамі. Маладыя асобіны добра прыручаюцца, у няволі жывуць да 10 і болей гадоў. Скура вельмі цэніцца за прыгожы ўзор.

т. 2, с. 177

БААБА́Б

(Adansonia digitata),

від кветкавых раслін сям. бамбаксавых, або баабабавых. Пашыраны ў афр. саваннах. Інтрадукаваны на Мадагаскар і ў засушлівыя трапічныя раёны Азіі. Жыве да 4—5,5 тыс. гадоў.

Дрэвы выш. да 25 м з тоўстым (дыям. да 4—10 м) ствалом і разгалістай кронай. Драўніна рыхлая, з вял. запасам вады, часта загнівае, таму ствол баабаба звычайна пусты. Лісце пальчата-складанае, у засушлівы перыяд ападае. Кветкі адзіночныя, 12—20 см у дыяметры, белыя, духмяныя. Плод — прадаўгаватая яйцападобная каробачка даўж. да 40 см. З кары баабаба атрымліваюць грубае валакно на выраб вяровак, рыбалоўных сетак, тканін для адзення; з мякаці пладоў гатуюць прахаладжальныя напіткі. Лісце і плады ядомыя.

т. 2, с. 177

БА́АДЭР

(Baader) Франц Ксавер фон (27.3.1765, Мюнхен — 23.5.1841),

нямецкі філосаф, урач, прыродазнавец, прадстаўнік філас. рамантызму і неартадаксальнага каталіцызму. У аснове яго вучэння — уяўленне пра быццё як арганічнае цэлае. Містыку трактаваў як даследаванне розумам таінстваў рэлігіі; прырода для яго не процілеглая духу, як цела не процілеглае душы. Непрыняцце рэвалюцыі (лічыў яе парушэннем арган. эвалюцыі грамадства) і франц. утапічнага сацыялізму спалучалася ў Баадэра з крытыкай з пункту гледжання хрысц. сацыялізму панавання грашовых адносін, «памылковых адносін маёмнага і немаёмнага класаў». Вырашэнне класавых супярэчнасцяў Баадэр (як і Гегель) бачыў у саслоўнай дзяржаве, якая адпавядала б прынцыпу справядлівасці.

Тв.:

Sämtliche Werke. Bd. 1—16. Leipzig, 1851—60;

Schriften zur Gesellschaftsphilosophie. Jena, 1925.

т. 2, с. 177

БАА́Л,

Балу, Ваал, у заходнесеміцкай міфалогіі бог урадлівасці, водаў, вайны і інш. Ушаноўваўся ў Фінікіі, Палесціне і Сірыі, пасля яго культ быў пашыраны ў Егіпце, Грэцыі, Іспаніі і інш.

т. 2, с. 177

БААЛЬБЕ́К

(стараж. Геліопаль),

горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры

Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст. тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.

Літ.:

Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.

т. 2, с. 177

БА́АС,

гл. Партыя арабскага сацыялістычнага адраджэння.

т. 2, с. 178

БААТО́У,

горад на Пн Кітая, у аўт. раёне Унутраная Манголія, на суднаходным участку р. Хуанхэ. 1,2 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Адзін з асн. металургічных цэнтраў краіны. Машынабудаванне, кам.-вуг., эл.-энергет., ваенная, буд., тэкст. прам-сць. У раёне Баатоу — здабыча жал. руды і каменнага вугалю.

т. 2, с. 178

БАБ

(сапр. Сеід Алі Махамед; 20.10.1819, г. Шыраз, Іран — 9.7.1850),

заснавальнік шыіцкай секты бабідаў, якая ўзначаліла бабідскія паўстанні 1848—52 у Іране. Спачатку належаў да секты шэйхітаў, што прапаведавала хуткае прышэсце 12-га імама Махдзі (шыіцкага месіі). У 1844 абвясціў сябе Бабам («варотамі», праз якія Махдзі перадае сваю волю людзям). У 1847 арыштаваны і зняволены. У зняволенні напісаў твор «Беян» («Адкрыццё»), у якім абвясціў сябе Махдзі і выклаў асн. палажэнні свайго вучэння (неадпаведнасць законаў і парадкаў Карана патрэбам часу, роўнасць усіх людзей, усталяванне свяшчэннага царства бабідаў, выгнанне з краіны небабідаў, іншаземцаў, канфіскацыя і падзел іх маёмасці сярод бабідаў, абарона правоў асобы і ўласнасці і інш.). Расстраляны шахскімі ўладамі ў г. Тэбрыз.

т. 2, с. 178