Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЁГАЙМ

(Böheim) Ганс, Ганс Дудар (?—1467),

народны прапаведнік, музыкант. Натхняльнік сял. руху 1476 у даліне р. Таўбер у Франконіі (Цэнтр. Германія). Казанні Бёгайма, з якімі ён выступаў у в. Ніклагаўзен, заклікалі да антыфеад. барацьбы і прыцягвалі паломнікаў з Цэнтр. і Паўд. Германіі. 12.7.1476 арыштаваны вюрцбургскім епіскапам і пазней спалены ў Вюрцбургу.

т. 3, с. 135

БЁЗЭ Петэр, скульптар і гравёр па медзі 18 ст. Працаваў у кн. Радзівілаў. З яго твораў на Беларусі вядома гравіраваная пліта «Генеалагічнае дрэва роду Радзівілаў».

т. 3, с. 135

БЁКЛІН

(Böcklin) Арнольд (16.10.1827, г. Базель, Швейцарыя — 16.1.1901),

швейцарскі жывапісец, прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Дзюсельдорфе, Бруселі, Жэневе, Парыжы (1845—48). У 1850—57 жыў у Італіі. Аўтар карцін на міфал. і гіст. сюжэты, пейзажаў, партрэтаў. Сярод твораў: «Трытон і Нерэіда» (1873—74), «Востраў мёртвых» (1880), «Паляванне Дыяны» (1863), «Віла каля мора» (1864), «Кентаўр і Німфа» (1865), «Гульня хваляў» (1883), «Вайна» (1896) і інш. Зрабіў уплыў на фарміраванне ням. сімвалізму і «югендстылю».

Я.Ф.Шунейка.

т. 3, с. 135

БЁЛЬ

(Böll) Генрых (21.12.1917, г. Кёльн, Германія — 16.7.1985),

нямецкі пісьменнік. У раманах «Дзе ты быў, Адам?» (1951), «І не сказаў ніводнага слова» (1953), «Дом без гаспадара» (1954), «Більярд а палове дзесятай» (1959), «Погляды клоуна» (1963), аповесцях «Хлеб ранніх гадоў» (1955), «Канец адной камандзіроўкі» (1966), зб. апавяданняў «Вандроўнік, калі ты прыйдзеш у Спа...» (1950) і інш. вастрыня этычнай праблематыкі (маральнае супрацьстаянне грамадскаму злу), абумоўленая хрысц.-каталіцкай арыентацыяй Бёля, матыў нац. віны і адказнасці за злачынствы нацызму, глыбокі псіхал. аналіз, лірызм спалучаюцца з рэзкай, часам з’едлівай сац. крытыкай, у т. л. антыфаш. і антываеннай. Раман пра гіст. лёс пасляваен. Германіі «Групавы партрэт з дамай» (1971) уключае элементы гратэску. Аўтар паліт. раманаў «Зняслаўлены гонар Катарыны Блюм...» (1974), «Жанчыны на беразе Рэйна» (1985), тэатр., тэле- і радыёп’ес. Публіцыстыка, літ. крытыка. На бел. мову яго творы перакладалі Л.Баршчэўскі, С.Куваеў і інш. Нобелеўская прэмія 1972.

Тв.:

Бел. пер. — Мая дарагая нага // Полымя. 1967. № 7;

Більярд а палове дзесятай: Раман, апавяданні. Мн., 1993;

Рус. пер. — Избранное. М., 1987;

Ирландский дневник... :[Избранное]. М., 1988;

Собр. соч.: В 5 т. Т. 1—2. М., 1989—90.

Літ.:

Рожновский С.В. Генрих Белль. М., 1965.

т. 3, с. 135

БЁМІ́Т

(ад прозвішча ням. мінералога І.Бёма),

мінерал падкласа гідраксідаў алюмінію, V-AlOOH; адна з гал. складаючых частак баксітаў. Часта мае прымесі жалеза, галію, скандыю. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, лінзападобныя. Агрэгаты аалітавыя, зямлістыя. Бясколерны ці белы. Празрысты, паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 3,5—4. Крохкі. Шчыльн. 3 г/см³. Пераважна асадкавы мінерал, утвараецца таксама ў кары выветрывання. На тэр. Беларусі як пародаўтваральны мінерал трапляецца ў высокагліназёмных пародах кам.-вуг. адкладаў Прыпяцкага прагіну. Асноўная крыніца алюмінію. Значныя радовішчы ў Венгрыі, Германіі, Францыі.

т. 3, с. 135

БЁМ-БА́ВЕРК

(BöHm-Bawerk) Ойген Рытэр фон (12.2.1851, г. Брно, Чэхія — 27.8.1914),

аўстрыйскі вучоны-эканаміст і дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў аўстрыйскай школы ў палітэканоміі. У 1897—98, 1900—04 міністр фінансаў Аўстрыі. У 1880—89 праф. Венскага, з 1909 Інсбрукскага ун-таў. З 1911 прэзідэнт Аўстр. АН. Асн. працы: «Асновы тэорыі каштоўнасці гаспадарчых работ» (1886, рус. пер. 1903), «Капітал і прыбытак» (т. 1—2, 1884—89, рус. пер. т. 1, 1909), «Тэорыя Карла Маркса і яе крытыка» (1896, рус. пер. 1897). Сутнасць эканам. працэсаў тлумачыў матывацыяй і псіхалогіяй суб’ектаў гаспадарання, на аснове чаго абгрунтаваў суб’ектыўна-псіхалагічную гранічнай карыснасці тэорыю і тэорыю прыбытку. Абвяргаў марксісцкую тэорыю працоўнай вартасці і прыбавачнай вартасці.

т. 3, с. 135

БЁРБЕДЖ

(Burbage) Рычард (каля 1567, Шодыч, цяпер у межах Лондана — 13.3.1619),

англійскі акцёр. Буйнейшы прадстаўнік т-ра эпохі Адраджэння. Сябар У.Шэкспіра, які напісаў для яго ролі Рычарда III, Гамлета, Атэла, Ліра, Макбета і інш. Уваходзіў у склад трупы «Слугі лорда-камергера». Валодаў здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, багатай мімікай і жэстам. Быў таксама выдатным жывапісцам.

т. 3, с. 136

БЁРДА,

вёска ў Беларусі, у Клічаўскім пасялковым Савеце Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса «Зарэчны». За 10 км на Пд ад Клічава, 100 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Нясета. 221 ж., 88 двароў (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 136

БЁРДА,

адно з асноўных рабочых прыстасаванняў ткацкага станка. Мае выгляд грэбеня з вузкімі метал. пласцінкамі, замацаванымі ў драўляных або металічных планках. Служыць для раўнамернага размеркавання ніткі асновы, якая праходзіць паміж пласцінкамі па шырыні тканіны.

т. 3, с. 136

БЁРДЖЭС

(Burgess) Энтані [сапр. Бёрджэс Уілсан (Burgess Wilson) Джон; 25.2.1917, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 25.11.1993], англійскі пісьменнік. Аўтар каля 30 раманаў. Найб. значныя — «Права на адказ», «Доктар хворы» (абодва 1960),

«Семя канчаецца» (1962), «На зоркі не падобныя» (1964), «Трапятанне намеру» (1966), «Напалеонаўская сімфонія» (1974), а таксама «Завадны апельсін» (1962; аднайм. фільм С.Кубрыка, 1971) і «1985» (1978), створаныя ў жанры антыутопіі. Асн. ўвагу Бёрджэса прыцягвалі праблемы дабра і зла, выбару і адказнасці, свабоды і гвалту, пратэсту і канфармізму, асобы і грамадства, злачынства і выпраўлення, суадносін біялагічнага і свядомага ў чалавеку. Даследаваў творчасць У.Шэкспіра, Дж.Джойса, Э.Хемінгуэя і інш. Пісаў лінгвістычныя працы, кн. для дзяцей, эсэ, сцэнарыі тэлесерыялаў. Аўтар шматлікіх муз. сачыненняў, у т. л. сімфанічных.

Тв.:

Рус. пер. — Заводной апельсин;

Вожделеющее семя;

Трепет намерения: Романы. Л., 1993.

Літ.:

Дорошевич А. Энтони Бёрджэсс: Цена свободы // Иностр. лит. 1991. № 12.

Е.А.Лявонава.

т. 3, с. 136