Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ИЗВЕ́СТИЯ»,

штодзённая грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 1917 на рус. мове, з 1918 у Маскве. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Расіі, міжнар. падзеі.

Першы нумар выдадзены 28.2(13.3). 1917 у Петраградзе пад назваю «Известия Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 1(14).8.1917 наз. «Известия Центрального Исполнительного комитета и Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 12.3.1918 выдаецца ў Маскве пад назваю «Известия Всероссийского Центрального Исполнительного комитета Советов крестьянских, рабочих, солдатских и казачьих депутатов», з 26.1.1938 — «Известия Советов депутатов трудящихся СССР», з 8.10.1977 — «Известия Советов народных депутатов СССР». З 1985 — сучасная назва. Штотыднёвы дадатак «Неделя» (1960—1-я пал. 1995 і з 1997).

т. 7, с. 179

«ИЗВЕ́СТИЯ АРМЕ́ЙСКОГО СОВЕ́ТА ДЕПУТА́ТОВ X А́РМИИ»,

газета Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Маладзечне на рус. мове штодзённа. Орган бальшавіцкага Савета дэпутатаў 10-й арміі. Напачатку мела назвы: «Бюллетень Военно-революционного комитета X армии», «Известия Совета депутатов X армии». Змяшчала пастановы Расійскага і Зах. абл. Саветаў нар. камісараў, рэзалюцыі салдацкіх і сял. сходаў у падтрымку новай улады, матэрыялы пра барацьбу сав. войск супраць 1-га польскага корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. Спыніла існаванне з наступленнем герм. войск.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 179

«ИЗВЕ́СТИЯ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА III А́РМИИ»,

газета. Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Полацку на рус. мове 5—6 разоў на тыдзень. У снеж. 1917 — студз. 1918 выходзіла пад назвамі; «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии», «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Як выданне бальшавіцкага кірунку прапагандавала дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, ухваляла Кастр. падзеі, друкавала загады і распараджэнні ВРК, рэзалюцыі салдацкіх і рабочых сходаў, а таксама лісты ў падтрымку новай улады. Асвятляла дзейнасць вайсковых арг-цый і з’ездаў. Асуджала дзейнасць Бел. рады як «контррэвалюцыйную», апраўдвала разгон Усебел. з’езда 1917.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 179

«ИЗВЕ́СТИЯ МИ́НСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,

газета. Выдавалася з 5(18).3 да 18(31).10.1917 у Мінску на рус. мове 3 разы на тыдзень. Орган Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. № 1—2 называўся «Известия Совета рабочих депутатов» (рэдактар М.​В.​Фрунзе), № 3—40 «Известия Совета рабочих и солдатских депутатов». У сак.крас. прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Друкавала адозвы, заклікі аб утварэнні Саветаў, салдацкіх к-таў, прафес. саюзаў, дэмакр. арг-цый, спрыяла ўтварэнню і дзейнасці Мінскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. З узмацненнем у Мінскім Савеце ўплыву бальшавікоў (май—чэрвень) змест газет набыў парт. адценне. Тэарэт. перадавыя артыкулы грунтаваліся на грамадска-паліт. асэнсаванні падзей у Петраградзе, Маскве і інш. рэгіёнах Расіі. Сялянскі і бел. нац. рух амаль не асвятляўся. Вяла антываенную прапаганду, агітацыю ў час перадвыбарчых сходаў. Выйшла 76 нумароў. Перайменавана ў газ. «Рабочий и солдат».

С.​В.​Говін, М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 180

«ИЗВЕ́СТИЯ МО́ЗЫРСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,

газета. Выдавалася з 4(17).5.1917 да лют. 1918 у Мазыры на рус. мове 3—4 разы на тыдзень. З 15(28).6.1917 да сярэдзіны вер. 1917 наз. «Известия Мозырского Совета рабочих и солдатских депутатов и Мозырского Совета крестьянских депутатов». Прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Змяшчала афіц. дакументы і звароты Часовага ўрада, загады арміі і флоту, справаздачы пасяджэнняў Савета, СНК. Асвятляла грамадска-паліт. жыццё краіны, у т. л. ліпеньскія падзеі 1917, карнілаўскі мяцеж, Кастр. рэвалюцыю, ход перадвыбарчай кампаніі ва Устаноўчы сход. Выйшла 150 нумароў.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 180

«ИЗВЕ́СТИЯ ЦК КПСС»,

«Известия Центрального комитета Коммунистической партии Советского Союза», савецкі інфармацыйны часопіс. Выдаваўся ў Маскве ў 1919—29 [пад назвамі «Известия ЦК РКП(б)» і «Известия ЦК ВКП(б)»] і ў 1989—91. Друкаваліся рашэнні вышэйшых органаў партыі, інфармацыя аб бягучай дзейнасці ЦК КПСС, яго кіруючых органаў, паведамленні пра кадравыя перамяшчэнні, біяграфіі асобных парт. функцыянераў, дакументы з архіваў партыі і інш.

т. 7, с. 180

«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1845—49 у Пецярбургу на рус. мове. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве розных рэгіёнаў Рас. імперыі. Сярод матэрыялаў пра Беларусь «Беларускае вяселле», «Горад Барысаў: (З падарожных нататкаў)», «Горад Барысаў: (Эпізод Бярэзінскай бітвы)» Р.​Друцкага-Падбярэскага і «Некалькі слоў пра мястэчка Гомль» В.​Шабякіна (усе 1848), пераклад «Нарыса паўночнай Беларусі» Я.​Баршчэўскага (1846) і «Узор паэзіі беларусаў» (1848).

т. 7, с. 197

«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1858—63 у Пецярбургу на рус. мове штотыднёва. Меў падзагаловак «Всемирное обозрение». Змяшчаў матэрыялы грамадска-паліт. тэматыкі, літ. творы. Пастаянным супрацоўнікам «И.» быў бел. пісьменнік і этнограф П.М.Шпілеўскі, які вёў у гэтым выданні рубрыку «Дзённік знаёмага чалавека» (1858—61). Сярод яго матэрыялаў пра Беларусь «Заходнярускія нарысы» (1858—59), «Паездка ў заходнія губерні» (1860).

Літ.:

Кузняева С.А. Русская дореволюционная печать и советское литературоведение о Павле Шпилевском // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981.

С.​А.​Кузняева.

т. 7, с. 198

«ИНЖЕНЕ́РНО-ФИЗИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,

навукова-тэхнічны часопіс. Засн. ў 1958 у Мінску як усесаюзны штомесячны часопіс Дзярж. к-та СМ СССР па навуцы і тэхніцы і АН БССР. З 1992 часопіс Нац. АН Беларусі. Выдаецца Акадэмічным навук. комплексам «Інстытут цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава Нац. АН Беларусі». Асн. навук. кірункі: цеплафізіка, цепла- і масаабмен, тэорыі цеплаправоднасці і сушкі, тэрмадынаміка неабарачальных працэсаў, буд. цеплафізіка, структурна-мех. характарыстыкі дысперсных сістэм, рэафізіка, нізкатэмпературная плазма. У складзе рэдакцыйнага савета вучоныя Расіі, Украіны, Польшчы, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Канады, Індыі і інш. Часопіс перавыдаецца на англ. мове ў ЗША.

т. 7, с. 258

«И́СКРА»,

расійскі сатырычны штотыднёвы часопіс. Выдаваўся ў 1859—73 у Пецярбургу на рус. мове паэтам і грамадскім дзеячам В.​С.​Курачкіным і мастаком М.​А.​Сцяпанавым (да 1864). Публікаваў сатыр. творы (фельетоны, вершы, апавяданні, эпіграмы, пародыі, публіцыстычныя артыкулы, нарысы і інш.), допісы з правінцый, у якіх асвятляліся праблемы тагачаснага грамадска-паліт. і культ. жыцця. З рэв.-дэмакр. пазіцый выступаў супраць прыгонніцтва, бюракратызму, кансерватызму. Вял. месца займала паэзія, скіраваная супраць т. зв. «чыстага мастацтва». Літ. матэрыялы дапаўняліся малюнкамі ў жанры карыкатуры. Забаронены «за шкодны кірунак».

т. 7, с. 330