Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Г,

чацвёртая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Г («глаголь»), утворанай графічным відазмяненнем візант. («гама»). У старабел. графіцы абазначала фрыкатыўны заднеязычны гук «г», а ў складзе дыграфа «кг» перадавала выбухны «г» у запазычаных словах («кганак», «паракграф»). У сучаснай бел. мове абазначае і фрыкатыўны заднеязычны («гара», «глеба»), і выбухны («гонты», «гузікі») гук, а таксама глухі заднеязычны «х», які ўтвараецца ў выніку аглушэння «г» на канцы слоў і перад глухімі зычнымі («мурог», «лёгкі»).

А.М.Булыка.

т. 4, с. 407

ГАА́ГА

(’s-Gravenhage, Den Haag),

горад на З Нідэрландаў. Месцазнаходжанне рэзідэнцыі каралеўскага двара, урада, парламента. Адм. ц. правінцыі Паўд. Галандыя. 444,6 тыс. ж. (1993). Порт на Паўн. м. (аванпорт — г. Схевенінген). Сетка каналаў, аўтамаб. і чыг. шляхоў звязвае Гаагу з інш. гарадамі. Развіта вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, электроннай апаратуры. Харч. (кандытарскія вырабы і інш.) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць маст. вырабаў са шкла, дрэва і інш. У прыгарадзе — авіяц. з-ды «Фокер». У Гаазе працуюць праўленні шматлікіх гандл. і прамысл. фірмаў, установы сферы абслугоўвання. Месцазнаходжанне Міжнар. суда ААН. Каралеўская акадэмія выяўл. мастацтва.

Упершыню ўпамінаецца ў 1097 (да 1250 тут знаходзіўся паляўнічы домік графаў Галандыі, потым замак). Пасля стварэння Рэспублікі Злучаных правінцый (канец 16 ст.) — месца пасяджэнняў Генеральных штатаў. У 1806 Луі Банапарт надаў Гаазе статус горада і адначасова перанёс сталіцу ў Амстэрдам. Пасля ўтварэння Каралеўства Нідэрландаў (1815) — каралеўская рэзідэнцыя, а пасля абвяшчэння незалежнасці Бельгіі (1830) — фактычная сталіца краіны. З 2-й пал. 17 ст. Гаага — месца правядзення міжнар. канферэнцый і заключэння пагадненняў (гл. Гаагскія канвенцыі). У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1940—45) ням. фашыстамі.

Цэнтр горада ў большасці захаваў сваё старадаўняе аблічча. На беразе воз. Вейвер — ансамбль Біненхоф (Унутраны двор, 13—18 ст.), гатычныя Рыцарская зала (каля 1280) і царква Сінт-Якабскерк (базіліка 14—16 ст.). Арх. помнікі рэнесансу — Старая ратуша (1564—65), класіцызму — палац Маўрыцхёйс (1633—35, арх. Я. ван Кампен, П.Пост), каралеўскі палац Хёйс-тэн-босх («Дом у лесе», 1644, арх. Пост; дабудаваны ў 1734—37 і 1790), Каралеўская б-ка (1734—36, арх. Д.Маро; 1761; арх. П. дэ Сварт). Прамавугольная сетка вуліц Гаагі мадэрнізавана і дапоўнена свабоднай планіроўкай новых раёнаў (1908—09, арх. Х.П.Берлаге, В.М.Дзюдак), забудаваных пераважна пасля 2-й сусв. вайны. Сярод пабудоў 20 ст. — Палац Міру (1907—13, арх. Л.М.Карданье), Муніцыпальны музей (1916—35, арх. Берлаге), канторы «Волхардынг» (1928, арх. Я.Бёйс) і «Шэл-Недэрланд» (1938—42, арх. П.Аўд), Каралеўскія кабінеты карцін (у Маўрыцхёйс), манет, медалёў і разных камянёў, Музей касцюма.

т. 4, с. 407

ГАА́ГСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МІЖНАРО́ДНАГА ПРА́ВА,

няўрадавая ўстанова па вывучэнні міжнар. права і міжнар. адносін. Засн. ў 1923 у г. Гаага на сродкі і пад эгідай Фонду Карнегі. Ажыццяўляе навук. даследаванні па міжнар. прыватным і публічным праве, садзейнічае паляпшэнню ўзаемаразумення паміж юрыстамі і юрыд. арг-цыямі розных краін. Штогод у летнія месяцы ў акадэміі чытаюць лекцыі (на англ. і франц. мовах) вядучыя юрысты-міжнароднікі з розных краін свету. Мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА. З 1923 выдае зборнікі лекцый.

т. 4, с. 407

ГАА́ГСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ,

1) міжнародныя пагадненні аб нормах права ва ўзброеных канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны), правах і абавязках нейтральных краін, шляхах мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, прынятыя на 1-й і 2-й мірных канферэнцыях у Гаазе ў 1899 і 1907.

1-я Гаагская канферэнцыя (1899, 27 дзяржаў-удзельніц) прыняла 3 канвенцыі (пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864), а таксама 3 дэкларацыі.

2-я Гаагская канферэнцыя (1907, 44 дзяржавы-ўдзельніцы) прыняла 13 канвенцый: пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра абмежаванне выпадкаў выкарыстання сілы для спагнання па дагаворных даўгавых абавязацельствах; пра адкрыццё ваен. дзеянняў; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў і асоб у сухапутнай вайне; пра становішча варожых гандл. суднаў пры адкрыцці ваен. дзеянняў; пра ператварэнне гандл. суднаў у ваенныя; пра ўстаноўку аўтам. кантактных падводных мін; пра бамбардзіроўку марскімі сіламі ў час вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864; пра некаторыя абмежаванні ў карыстанні правам захопу ў марской вайне; пра заснаванне міжнар. прызавога суда; аб правах і абавязках нейтральных краін у марской вайне.

Гаагскія канвенцыі адыгралі значную ролю ў міжнар.-прававой рэгламентацыі правіл вядзення вайны.

2) Канвенцыя 1954 пра абарону культ. каштоўнасцей у час узбр. канфлікту — міжнар. шматбаковае пагадненне, якое абавязвае дзяржавы паважаць і захоўваць у час ваен. дзеянняў культ. каштоўнасці, забараняе іх вываз з акупіраваных тэрыторый.

3) Канвенцыі па міжнар. прыватным праве 1902—05, 1951, 1956, 1961 і інш.

т. 4, с. 407

ГААЛА́НЬ,

горад у Кітаі, гл. Ланьчжоў.

т. 4, с. 408

ГААЛЯ́Н

(Sorgum nervosum),

аднагадовая травяністая расліна роду сорга сям. злакавых. Вырошчваюць у Кітаі, Карэі, Японіі, на Д. Усходзе, Паўн. Каўказе, на Пд Украіны. Вызначаецца скараспеласцю і засухаўстойлівасцю. Зерне гааляна перапрацоўваюць на крупы, муку, спірт, выкарыстоўваюць на корм жывёле; салома ідзе на паліва, выраб цыновак, для крыцця стрэх.

т. 4, с. 408

ГААСЮ́Н,

горад на ПдЗ в-ва Тайвань. 1405,9 тыс. ж. (1993). Другі па значэнні порт вострава (пасля Цзюлуна). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабуд. (у т. л. суднабудаванне), металаапр., алюмініевая, хім. (вытв-сць суперфасфату), цэм., нафтаперапр., харчасмакавая (цукр., кансервавая, спіртагарэлачная).

т. 4, с. 408

ГААХІ́РА,

паўвостраў на Пн Паўд. Амерыкі, гл. Гуахіра.

т. 4, с. 408

ГААЦЫ́НЫ

(Opisthocomidae),

сямейства птушак атр. курападобных. 1 від — гаацын (Opisthocomus hoazin). Жыве на ПнУ Паўд. Амерыкі ў далінах рэк і іх прытокаў, у затопленых лясах; трымаецца чародамі (да 40 асобін).

Даўж. цела каля 60 см. Апярэнне зверху аліўкавае з белымі стракацінамі, знізу рыжаватае. Большая ч. грудзіны і грудной мускулатуры рэдукавана ў сувязі з наяўнасцю вял. валляка. Лятае дрэнна, таму лазіць па галінах дрэў. Корміцца лісцем трапічных раслін, пераважна ароідных, якое насычана каўчукавым сокам. Гнёзды на дрэвах над вадой. Птушаняты вылупліваюцца амаль голыя з 2 добра развітымі пальцамі з кіпцюрамі, пры дапамозе якіх лазяць па дрэвах; добра плаваюць і ныраюць (дарослыя не могуць). Маюць непрыемны пах.

т. 4, с. 408

ГАБА́

(Gobat) Шарль Альберт (21.5.1834, г. Трамлан, Швейцарыя — 16.3.1914),

швейцарскі паліт. дзеяч. Д-р права (1867). У 1889 уключыўся ў міжнар. рух за мір. З 1891 дырэктар Міжпарламенцкага бюро, якое каардынавала дзейнасць Міжпарламенцкага саюза ў розных краінах. З 1906 дырэктар Міжнар. бюро міру. Аўтар кн. «Еўрапейскі кашмар» (1911) аб небяспецы гонкі ўзбраенняў. Нобелеўская прэмія міру 1902 (разам з Э.Дзюкаменам).

т. 4, с. 408