Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕАЛАГІ́ЧНЫ МІЖНАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С

(МГК),

навуковае аб’яднанне геолагаў свету. Асн. задача — спрыяць геал. даследаванням і абмену інфармацыяй. Створаны ў 1875. Сесіі праводзяцца з 1878 раз у 3—4 гады ў розных краінах. Адбылося 30 сесій, апошняя ў 1996 (Пекін). Паміж сесіямі працуе Міжнар. саюз геал. навук. Пры кангрэсе дзейнічаюць Савет Міжнар. праграмы геал. карэляцый, камісіі па розных раздзелах геалогіі, рабочыя групы па канкрэтных праектах. Пад эгідай МГК створаны першыя міжнар. геал., тэктанічныя і інш. карты свету і асобных кантынентаў. Бел. геолагі ўдзельнічаюць у рабоце кангрэса з 1964.

І.І.Ур’еў.

т. 5, с. 118

ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД МІЖНАРО́ДНЫ

(МГГ),

перыяд з 1 ліп. 1957 да 31 снеж. 1958, калі 67 краін выконвалі геафіз. назіранні і даследаванні па адзінай праграме і методыцы; прадоўжаны і ў 1959 як Міжнар. год геафіз. супрацоўніцтва. З’яўляецца пераемнікам 2 Міжнар. палярных гадоў (1882—83 і 1932—33).

МГГ праводзіўся ў перыяд максімуму сонечнай актыўнасці. Яго праграма ўключала аэралагічныя, метэаралагічныя, акіянаграфічныя, гляцыялагічныя, магнітныя, гравіметрычныя, сейсмічныя даследаванні, а таксама вывучэнне палярных ззянняў, іанасферы, метэораў, касм. промняў і інш. У Антарктыдзе створаны базы для назіранняў (сав. абсерваторыя «Мірны» і інш.), праведзены навук. экспедыцыі; у Арктыцы ўстаноўлены плывучыя абсерваторыі на льдзінах, у акіянах працавалі экспедыцыі на н.-д. суднах. Выкарыстоўвалася новая апаратура: геафіз. ракеты, першыя штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. У выніку даследаванняў адкрыты радыяцыйныя паясы Зямлі, Паўд. полюс холаду ў Антарктыдзе, новыя ледавіковыя раёны ў Сібіры, наяўнасць гелію ў высокіх слаях атмасферы, вызначаны напрамак і скорасць ветру на выш. да 110 км, моцныя цячэнні на вял. глыбіні ў акіянах і інш. Копіі ўсіх матэрыялаў назіранняў у час МГГ захоўваюцца ў сусв. цэнтрах даных у Вашынгтоне, Маскве і спец. цэнтрах у Жэневе, Лондане і інш.

т. 5, с. 125

М,

чатырнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай М («мыслеце»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай М («мі»), У старабел. графіцы абазначала гукі «м», «м’» («маршалокъ», «миля»), мела лікавае значэнне «сорак». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычнапраходныя насавыя губна-губныя зычныя гукі «м», «м’» («мова», «мята» — «м’ата»).

А.М.Булыка.

т. 9, с. 439

МА,

у рэлігійных уяўленнях стараж. народаў Малой Азіі багіня зямлі і ўрадлівасці, маці багоў. Яе культ, блізкі да культу Кібелы, у 1 ст. да н.э. быў уведзены ў Стараж. Рыме дыктатарам Сулам. У рымлян вобраз М. злучыўся з вобразам рым. багіні вайны Белоны, i М. шанавалася імі пад двайным імем (Ма-Белона).

т. 9, с. 439

МАА́КІЯ

(Maackia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 6 відаў. Пашырана ва Усх. Азіі. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. амурская, або акатнік (М. amurensis).

Лістападныя дрэвы выш. да 20 м. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае, даўж. да 30 см. Кветкі шматлікія, у густых гронках, часам разгаліноўваюцца каля асновы. Плод — струк. Драўніна ўстойлівая да гніення, ідзе на выраб фанеры, паркету, гнутай мэблі. Дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца для замацавання схілаў і яроў.

Маакія амурская: парастак з пладамі.

т. 9, с. 439

МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ ў Вялікую Айчынную вайну,

1) дзеянні сав. войск і сіл Балт. флоту па абароне астравоў Маанзундскага архіпелага 6.9—22.10.1941. Аперацыя адбылася пасля захопу ням.-фаш. войскамі Таліна (28.8.1941), у выніку чаго сав. часці на астравах апынуліся ў варожым тыле. Супраць размешчаных на архіпелагу і каля яго 3-й асобнай брыгады 8-й арміі Паўн.-Зах. фронту, 16 батарэй берагавой артылерыі, 6 тарпедных катэраў, 17 тральшчыкаў і інш. суднаў, 12 самалётаў-знішчальнікаў на в-ве Саарэмаа (усяго каля 24 тыс. чал.) дзейнічаў пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі ням. дэсант у складзе 2 пяхотных дывізій (больш за 50 тыс. чал.), які ва ўпартых баях (страціў каля 25—26 тыс. чал.) выцесніў сав. часці. 19—22 кастр. гарнізон астравоў эвакуіраваны на п-аў Ханка. У аперацыі ўдзельнічалі і воіны-беларусы, у т.л. віцэ-адм. В.П.Дрозд. Адцягненне значных сіл праціўніка для захопу Маанзундскіх а-воў садзейнічала аслабленню ням.-фаш. групоўкі, якая наступала на Ленінград.

2) Дэсантная аперацыя войск 8-й арміі Ленінградскага фронту і сіл Балт. флоту (2 стралк. карпусы, 260-я марская стралк. брыгада, каля 100 катэраў і 40 інш. суднаў) па вызваленні занятага ням.-фаш. часцямі (11,5 тыс. чал.) і сіламі флоту Маанзундскага архіпелага 27.9—24.11.1944. У ходзе цяжкіх баёў сав. дэсантнікі авалодалі а-вамі Вормсі (27 вер.), Муху (30 вер.), Хіўма (3 кастр.), Саарэмаа (да 24 ліст.). У выніку вызвалення Маанзундскіх а-воў Балт. флот устанавіў поўны кантроль над Фінскім і Рыжскім залівамі.

Літ.:

Чернов Ю.И. Война погасила маяки. М., 1985;

Виноградов Ю.А. Хроника расстрелянных островов. М., 1985;

Ачкасов В. Моонзундская десантная операция // Воен.-ист. журн. 1973. № 4.

У.Я.Калаткоў, В.А.Юшкевіч.

т. 9, с. 439

МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ ў 1-ю сусветную вайну,

1) аперацыя герм. флоту Балт. мора пад камандаваннем віцэ-адм. Э.Шміта (больш за 70 караблёў) з мэтай прарыву праз Ірбенскі праліў (адсюль другая назва — Ірбенская) у Рыжскі заліў, знішчэння рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (каля 50 караблёў, камандуючы контр-адм. М.К.Бахіраў), загароды выхаду з праліва Маанзунд 8—21.8.1915. 8 жн. рас. караблі адбілі спробу прарыву герм. флоту, у ходзе баёў 16—17 жн. патоплены і пашкоджаны 9 ням. караблёў, страчаны 2 рас. кананерскія лодкі. 19 жн. герм. эскадра ўвайшла ў Рыжскі заліў, але з-за магчымага падрыву на мінах, атак падводных лодак праціўніка і адсутнасці месцаў базіравання 21 жн. пакінула заліў.

2) Аперацыя «Альбіён» герм. флоту (больш за 300 баявых і дапаможных караблёў, каля 100 самалётаў, 25 тыс. чал. дэсанта) па знішчэнні рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (больш за 50 караблёў), захопу Маанзундскага архіпелага (яго абараняў 12-тыс. рас. гарнізон) і падрыхтоўкі ўдару па Петраградзе. 12 кастр. герм. караблі спынілі агонь 16 рас. берагавых батарэй, высадзілі дэсант у бухце Талагахт і на в-ве Эзель (Саарэмаа), які 16 кастр. заняў востраў, а герм. караблі адначасова ўвайшлі ў Рыжскі заліў. 18 кастр. немцы захапілі в-аў Маон (Муху), 19 кастр.в-аў Даго (Хійумаа). З-за ўпартага супраціўлення рас. маракоў (знішчылі і пашкодзілі 32 ням. караблі) герм. камандаванне мусіла адмовіцца ад прарыву ў Фінскі заліў і 20 кастр. адвяло свае марскія сілы з Рыжскага заліва.

Літ.:

Матвеев А.И. В боях за Моонзунд. М., 1957.

т. 9, с. 439

МААНЗУ́НДСКІ АРХІПЕЛА́Г, Заходне-Эстонскі архіпелаг. У Балтыйскім м., тэр. Эстоніі. Пл. каля 4 тыс. км2. Больш за 500 астравоў, найбольшыя з іх Саарэмаа, Хійумаа, Муху, Вормсі. Берагі моцна парэзаныя. Паверхня раўнінная (выш. да 54 м). Астравы складзены пераважна з вапнякоў, якія месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Шмат азёр. Клімат умерана цёплы з мяккай зімой. Сярэдняя т-ра студз. - 4 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Большая ч. паверхні астравоў занята лугамі і лясамі; па берагах пясчаныя дзюны з хваёвымі лясамі. Глебы пераважна дзярнова-карбанатныя і забалочаныя. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Запаведнікі: Війдумяэ і Вільсандзі. Значныя гарады: Курэсаарэ (в. Саарэмаа) і Кярдла (в. Хійумаа). У раёне М.а. ў перыяд 1-й і 2-й сусв. войнаў адбыліся вядомыя ваен. аперацыі (гл. Маанзундскія аперацыі ў 1-ю сусв. вайну і Маанзундскія аперацыі ў Вял. Айч. вайну).

т. 9, с. 439

МАА́Р

(ням. Maar),

лейкападобная або цыліндрычная ўпадзіна вулканічнага паходжання, якая ўзнікла на зямной паверхні пры газавым выбуху без вылівання лавы. Дыяметр М. да 3,5 км, глыб. да 300—400 м. Часам абкружана кальцавым валам з абломкаў горных парод. Ва ўмовах вільготнага клімату часта запаўняецца вадой і ўтварае т.зв. мааравае возера (напр., Лахер-Зэ ў Германіі).

т. 9, с. 440

МААРЫ́ (сапр. Аджамян) Гурген Рыгоравіч

(14.8.1903, г. Ван, Турцыя — 16.7.1969),

армянскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Арменіі (1965). У 1915 з інш. бежанцамі перасяліўся з Турцыі ў Расію. У 1937—56 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны. Друкаваўся з 1917. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Тытанік» (1924), «Пара выспявання пладоў» (1930), «Давільня» (1960), кн. апавяданняў «Пра каханне, рэўнасць і садоўнікаў Ніцы» (1929), гіст. рамана «Сады гараць» (1966), кн. мемуараў «Чарэнц-намэ» (1968) і інш. У аўтабіягр. трылогіі («Дзяцінства», 1929; «Юнацтва», 1930; «На парозе маладосці», 1955) — трагічны лёс зах. армян у пач. 20 ст. Быў знаёмы з Я.Купалам. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў М.Гіль.

Тв.:

Рус. пер. — Юность. М., 1978.

т. 9, с. 440