Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

З,

дзевятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Ꙁ («зямля»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўной Ζ («дзэта»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «з» і «з’» («законъ», «возити»). Мела таксама лічбавае значэнне «сем». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму Паралельна з ёй, хоць і больш абмежавана, для абазначэння гукаў «з» і «з’» выкарыстоўвалася літара Ѕ («зяло»), што ўзнікла шляхам відазмянення грэка-візант. S («дыгама»). У сучаснай бел. мове абазначае шумныя звонкія шчылінныя пярэднеязычныя зычныя гукі «з» і «з’» («зара», «зіма»), а перад глухімі зычнымі ці на канцы слоў — парныя да іх па звонкасці і глухасці гукі «с», «с’» («казка» — «каска», «лезці» — «л’эс’ц’і», «мазь» — «мас’», «полаз» — «полас’»), Уваходзіць у склад дыграфа «дз» («нэндза», «радзіма»).

А.М.Булыка.

т. 6, с. 482

ЗАА..., зоа... (ад грэч. zōon жывёла, жывая істота), першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да жывёл, жывёльнага свету, напр., заалогія, зоагеаграфія.

т. 6, с. 482

ЗААБЕ́НТАС (ад заа... + бентас),

сукупнасць донных жывёл, што жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Адрозніваюць жывёл, якія жывуць у тоўшчы грунту (інфауна), перамяшчаюцца на паверхні грунту (анфауна) — многашчацінкавыя чэрві і малюскі, большасць ігласкурых, ракападобныя; прымацоўваюцца да субстрату (эпіфауна), плаваюць паблізу дна і толькі перыядычна апускаюцца на дно (нектабентас) — крэветкі, мізіды, некат. галатурыі, прыдонныя рыбы і інш. Асн. маса З. жыве на мелкаводдзі, дасягае многіх дзесяткаў кілаграмаў на 1 м² (пераважна малюскі), на большай глыбіні — паліхеты, ракападобныя, ігласкурыя. Гл. таксама Бентас.

т. 6, с. 482

ЗААЗЕ́Р’Е,

гл. Палескае возера.

т. 6, с. 482

ЗААЗЕ́Р’Е,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,45 км2, даўж. 1,8 км, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 8 км2. Схілы катлавіны выш. 3—5 м, пераважна пад хмызняком, месцамі на Пн і Пд разараныя. Злучана ручаём з воз. без назвы, на ПнУ выцякае ручай у р. Сомніца.

т. 6, с. 482

ЗААЗЕ́Р’Е,

вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на р. Зеха, каля воз. Ворань, на аўтадарозе Лепель—Ушачы. Цэнтр сельсавета. За 14 км на Пн ад горада і чыг. ст. Лепель, 129 км ад Віцебска. 100 ж., 39 двароў (1997). Пачатковая школа, клуб, б-ка.

т. 6, с. 482

ЗААЗЕ́Р’Е,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Полацк—Мінск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на Пд ад горада і чыг. ст. Полацк, 120 км ад Віцебска. 415 ж., 161 двор (1997). Дрэваапр. цэх. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 6, с. 482

ЗААЗЕ́Р’Е,

гідралагічны заказнік на тэр. Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. Створаны ў 1968 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотнага масіву з тыповай для міжрэччаў стратыграфіяй тарфянікаў. Пл. 4286 га (1997). Размешчаны на Цэнтральнабярэзінскай раўніне і займае ч. Друць-Бярэзінскага міжрэчча. Размешчаны на вярховым балоце. У цэнтры пераважаюць хваёва-кусцікавыя раслінныя асацыяцыі, у паўн. ч. — градава-багнавыя комплексы расліннасці. На ўскраінах пашыраны хваёва-бярозава-пушыцава-сфагнавыя асацыяцыі. На мінер. участках пераважаюць бярозава-асінавыя лясы. У флоры заказніка каля 100 відаў раслін, у т.л. ахоўныя чубатка пустая і зубніца клубняносная.

т. 6, с. 482

ЗААЗЕ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Клява, за 16 км на ПнЗ ад г.п. Бялынічы. Пл. 0,58 км2, даўж. 1 км, найб. шыр. 750 м, даўж. берагавой лініі 2,9 км. Пл. вадазбору 8,8 км2. Схілы катлавіны выш. 4—45 м, пераважна разараныя, на Пн і Пд парослыя хмызняком. Берагі нізкія, часткова забалочаныя, пад хмызняком.

т. 6, с. 482

ЗААЗЕ́РЦЫ,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Авута, за 42 км на ПдУ ад г. Міёры. Пл. 0,28 км2, даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 4,5 км2. Схілы катлавіны выш. да 8 м (на 3 і Пд да 13 м), пераважна разараныя. Востраў пл. 0,5 га.

т. 6, с. 483