Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗБАН,

ганчарны выраб у беларусаў; гліняная пасудзіна для захоўвання малака і інш. вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай-літком і ручкай. Лакальныя адрозненні ў прапорцыях сілуэта такія ж, як і ў гарлачоў. У зах. раёнах Беларусі З. рабілі на 3—6 л з вельмі шырокім вусцем і выкарыстоўвалі яго ў якасці даёнкі. Выраблялі З. пераважна чорназадымленыя і паліваныя, аздаблялі лінейна-хвалістымі ўзорамі, глянцаваным арнаментам у елачку, геам. і расліннай падпаліўнай ангобнай размалёўкай.

Збаны.

т. 7, с. 27

ЗБАНА́ЦКІ Юрый Аліферавіч

(1.1.1914, в. Барсукоў Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.4.1994),

украінскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Нежынскі пед. ін-т (1937). У Вял. Айч. вайну камандзір партыз. атрада імя М.Шчорса. Героіку Вял. Айч. адлюстраваў у кнігах апавяданняў «Над Дзясной» (1951), «Старэйшы брат» (1952), «Незабыўнае» (1953), раманах «Мы — не з легенды» (1973), «Чырвоная раса» (1981) і інш. Надзённыя праблемы сучаснасці ў аповесці «Між добрымі лю́дзьмі» (1955) і раман «Хвалі» (1967; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1970). Аўтар твораў для дзяцей: «Малінавы звон» (1958), «Марская чайка» (1959), «Курыны бог» (1966), «Прыгоды Івана Каструбы» (1984) і інш. За раман «Кукуюць зязюлі» (1975) і аповесці для дзяцей «Курылавыя астравы» (1963), «Гераподзвія» (1966) і інш. Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1975. На бел. мову паасобныя яго творы пераклалі У.Краўчанка, А.Чаркасаў, І.Шамякін, П.Кавалёў.

Тв.:

Твори. Т. 1-4. Київ, 1984—85.

Літ.:

Про Юрія Збанацького: Статі, етюди, есе. Київ, 1983.

В.А.Чабаненка.

т. 7, с. 27

ЗБА́РАВІЧЫ,

гарадзішча 1—4 ст. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Збаравічы Мінскага р-на. Авальная пляцоўка была ўмацавана драўлянай сцяной і валам. Выяўлены рэшткі 2 шматкамерных жытлаў слупавой канструкцыі, агнішчы, гасп. пабудова, больш за 20 ям-паграбоў. Знойдзены абвугленае зерне пшаніцы, фрагменты керамікі, бронзавыя ўпрыгожанні, жал. сярпы і шылы і інш.

т. 7, с. 27

т. 7, с. 27

ЗБАРО́Ў,

гарадзішча жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі каля в. Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на левым беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана валам і ровам. Выяўлены рэшткі паўзямлянкавага жытла мілаградскай культуры, у культурным пласце эпохі Кіеўскай Русі — рэшткі наземнага жытла з глінабітнай печчу, сляды сцен 2-камернай пабудовы. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, кавалкі бронзавых і шкляных бранзалетаў, бронзавы энкалпіён і інш. На думку археолага Г.Ф.Салаўёвай, у 12 ст. гарадзішча было рэзідэнцыяй рагачоўскіх князёў.

т. 7, с. 27

т. 7, с. 27

ЗБАРО́Ў,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе, якая злучае вёску з Рагачовам. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 115 км ад Гомеля. 515 ж., 217 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі археал. помнік і геалагічнае агаленне Збароў.

т. 7, с. 27

ЗБАРО́Ў, Крупелка,

геалагічнае агаленне адкладаў лоеўскага міжстадыялу і муравінскага міжледавікоўя ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Збароў, на левым беразе р. Дняпро; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Магутнасць азёрна-старычных (супескі, алеўрыты, мергель) адкладаў 2,3 м, якія агаляюцца на працягу 30 м. Адклады залягаюць у паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца дэлювіяльнымі супескамі, змяшчаюць рэшткі выкапнёвых раслін (споры, пылок, насенне), сярод якіх выяўлены 75 відаў дрэў, хмызнякоў і травяністых раслін (хвоя, елка, лістоўніца, бяроза, вярба, бразенія, наяда, ірдзесты).

Г.І.Літвінюк.

т. 7, с. 27

ЗБАРО́ЎСКІ Эдуард Іосіфавіч

(н. 1.1.1938, в. Ліхаўня Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі, прафілакт. медыцыны і рэабіліталогіі. Д-р мед. н. (1984), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1967). З 1986 дырэктар Бел. НДІ экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Навук. працы па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых і інш. неінфекц. хвароб, распрацоўцы прыбораў і метадаў ацэнкі функцыян. стану кардыярэспіраторнай сістэмы і сістэмы рэабілітацыі хворых і інвалідаў.

Тв.:

Ранняя инструментальная диагностика гипертонической болезни и атеросклероза. Мн., 1973 (у сааўт.);

Как уберечь себя от гипертонической болезни. 2 изд. Мв., 1989 (разам з Г.І.Сідарэнкам);

Беда — не вина // Нёман. 1989. № 4;

Медицинская, социальная, профессиональная реабилитация больных и инвалидов: Междунар. науч.-практ. конф.: Тез. докл. Мн., 1996 (у сааўг.);

Поиску истины жизнь посвяти: Стахотворения. Мн., 1997.

т. 7, с. 28

ЗБЕ́ЖНАСЦЬ,

уласцівасць матэм. аб’ектаў (напр., паслядоўнасці, рада, інтэграла) імкнуцца да канечнага ліміту, адно з асн. паняццяў матэм. аналізу. Выяўляецца, калі пры вывучэнні якога-н. аб’екта будуецца паслядоўнасць больш простых аб’ектаў, якая набліжаецца да зададзенага аб’екта. Напр., для вылічэння даўжыні акружнасці выкарыстоўваецца паслядоўнасць даўжынь перыметраў многавугольнікаў, упісаных у акружнасць. Паняцце З. дастасавальнае як да лікавых, так і да паслядоўнасцей інш. аб’ектаў, напр., паслядоўнасці функцый, пунктаў, абласцей, бесканечных матрыц, бесканечных вызначнікаў. Акрамя класічнага паняцця З. выкарыстоўваюцца яго розныя абагульненні. Напр., калі паслядоўнасць частковых сум рада неабмежавана ўзрастае (у класічным сэнсе рад разбягаецца), але паслядоўнасць сярэдніх арыфм. гэтых сум мае ліміт, то гавораць, што рад збягаецца ў сэнсе сярэдняга арыфметычнага.

А.А.Гусак.

т. 7, с. 28

ЗБІ́ЦЕНЬ,

гарачае пітво на Беларусі ў 18—19 ст. У кіпень з мёдам, цукрам ці патакай дабаўлялі спецыі (перац, гваздзіку, карыцу, мускатны арэх, лаўровы ліст і інш.), часам піва ці спірт. У нар. медыцыне — сродак прадухілення цынгі.

т. 7, с. 28

ЗБО́ЖЖАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць пераважна на збожжа — асн. прадукт харчавання чалавека. корм для жывёл і сыравіна для многіх галін прам-сці. З.к. падзяляюць на зерневыя, у т.л. крупяныя культуры (найб. пашыраны пшаніца, рыс, жыта, кукуруза, ячмень, авёс, проса, сорга, грэчка, а таксама чуміза, магар, пайза, дагуса і інш.) і бабовыя (зернебабовыя) культуры. Займаюць амаль палову ўсіх пасяўных плошчаў свету і вырошчваюцца практычна на ўсіх кантынентах. На Беларусі пад З.к. занята каля 3 млн. га, яны даюць ⅓ таварнай прадукцыі раслінаводства. З хлебных злакавых культур найб. плошчы займаюць жыта і ячмень, вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, кукурузу (у паўд. раёнах), грэчку і проса, зернебабовыя культуры. Зерне хлебных злакаў высокапажыўнае, мае 60—80% вугляводаў, 7—20% бялкоў, 2—5% тлушчу. ферменты, вітаміны і інш., зерне бабовых — багатае бялком.

т. 7, с. 28