Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,

легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел. дэпутатаў: І.Дварчанін, Я.Гаўрылік, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (з лют. 1929 П.Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.

І.П.Хаўратовіч.

т. 7, с. 93

«ЗМАГА́ННЕ»,

газета дэмакратычнага кірунку. Орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 28.10.1923 да 31.1.1924 два разы, з № 8 тры разы на тыдзень у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец М.Шыла. Асвятляла эканам. становішча ў Зах. Беларусі, пытанні нац.-вызв. руху, развіцця асветы, нац. мастацтва і культуры. Крытыкавала палітыку ўрада Польшчы за сац. і нац. ўціск, пагардлівыя адносіны да бел. мовы, школы, культуры, за фін. нестабільнасць у краіне. Заклікала да стварэння рабоча-сял. партыі. Друкавала літ.-публіцыстычныя нарысы, рэцэнзіі на кнігі, навук.-папулярныя творы. У газ. друкаваліся М.Краўцоў, А.Луцкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, У.Самойла і інш. Выйшаў 31 нумар, з іх 2 канфіскаваны.

Апошні нумар — газета-аднадзёнка «Нашае змаганне» — выйшаў 3.2.1924. Закрыта польскімі ўладамі.

С.В.Говін.

т. 7, с. 93

ЗМАГА́Р Алесь

(сапр. Яцэвіч Аляксандр Хведаравіч; 1.10.1903, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1995),

бел. пісьменнік. Брат Янкі Золака. Скончыў Вышэйшы пед. ін-т у Мінску (1930). У гады фаш. акупацыі працаваў у рэдакцыі «Беларускай газэты», быў настаўнікам, інспектарам нар. школ. З 1944 у эміграцыі, жыў у Аўстрыі, Францыі, з 1956 у ЗША. Аўтар паэт. зб. «Да згоды» (1962), кніг артыкулаў «Вызвольныя шляхі» (1965) і апавяданняў «Лесавікі» (1973), рамана «Случчына ў агні» (1986). Творы З. адметныя сплавам мастацкасці і публіцыстычнасці.

С.Б.Сачанка.

т. 7, с. 94

«ЗМАГА́РНАЯ ФРА́НЦЫЯ»

(«La France Combattante»),

рух за нац. незалежнасць Францыі супраць ням.-фаш. захопнікаў і вішысцкіх калабарацыяністаў (гл. «Вішы») у час 2-й сусветнай вайны 1939—45. Узначальваў рух Ш. дэ Голь. Прымыкала да антыгітлераўскай кааліцыі. У 1940 наз. «Свабодная Францыя». 24.9.1941 у Лондане быў створаны кіруючы орган «З.Ф.» — Франц. нац. к-т (ФНК). Рух тэрытарыяльна апіраўся на франц. калоніі (Чад, Камерун, Габон і інш.). Меў узбр. сілы і ўдзельнічаў у шэрагу ваен. аперацый. У ліст. 1942 ФНК накіраваў у СССР групу франц. лётчыкаў для сумеснай барацьбы супраць гітлераўцаў (пазней авіяполк «Нармандыя—Нёман»), Прадстаўнікі «З.Ф.» ўваходзілі ў Нац. савет Супраціўлення, створаны ў маі 1943 арг-цыямі Руху Супраціўлення. Пасля высадкі англа-амер. войск у Алжыры (ліст. 1942) і пераезду туды ФНК апошні пераўтвораны ў Франц. к-т нац. вызвалення (ФКНВ), які ў 1943—44 прадстаўляў дзярж. інтарэсы Францыі (афіцыйна прызнаны ўрадамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі). 2.6.1944 ФКНВ перайменаваны ў Часовы ўрад Франц. рэспублікі на чале з дэ Голем. Пасля вызвалення Парыжа (25.8.1944) канчаткова прызнаны вышэйшым органам выканаўчай улады Францыі.

Літ.: Голль Ш. де. Военные мемуары: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1957—60; Смирнов В.П. Движение Сопротивления во Франции в годы второй мировой войны. М., 1974.

т. 7, с. 94

ЗМАЕ́ВІЧ, Ізмайловіч Мацвей (Мація) Хрыстафоравіч (6.1.1680, Пераст, каля г. Котар, Чарнагорыя — 3.9.1735), расійскі ваен. дзеяч. Адмірал (1727). Служыў у венецыянскім флоце, з 1709 у Канстанцінопалі. У 1710 перайшоў на рас. службу. З 1712 на Балтыцы, камандаваў атрадам галер, з 1714 галерным флотам. У Гангуцкім баі 1714 камандаваў правым крылом рас. флоту. З 1721 чл. Адміралцействаў-калегіі, кіраўнік буд-ва Галернай гавані ў Пецярбургу. З 1725 каманд. галерным флотам і гал. камандзір Пецярбургскага порта. У 1728 за злоўжыванне ўладай і растрату разжалаваны ў віцэ-адміралы і сасланы ў Астрахань, потым у Таўроў (каля Варонежа).

т. 7, с. 94

ЗМА́ЗАЧНАЕ МА́СЛА.

вадкі змазачны матэрыял, які выкарыстоўваюць для змазкі вузлоў трэння розных механізмаў. Паводле спосабу атрымання падзяляюць на нафтавае масла, сінтэтычнае масла, масла расліннага і жывёльнага паходжання (напр., рыцына), па прызначэнні — на індустрыяльнае масла, маторнае масла, трансмісійнае масла і інш. Адпрацаванае З.м. рэгенерыруюць для паўторнага выкарыстання.

т. 7, с. 94

ЗМА́ЗАЧНА-АХАЛАДЖА́ЛЬНЫЯ ВА́ДКАСЦІ,

шматкампанентныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць пры апрацоўцы металаў рэзаннем або ціскам. Прызначаны для змазкі і ахаладжэння металаапрацоўчых інструментаў і дэталей, адначасова змяншаюць знос інструментаў, павышаюць дакладнасць апрацоўкі дэталей, засцерагаюць абсталяванне і дэталі ад карозіі, паляпшаюць санітарна-гігіенічныя ўмовы працы.

Паводле складу адрозніваюць вадкія сумесі нафтапрадуктаў (газа, нафтавае масла) з масларастваральнымі паверхнева-актыўнымі рэчывамі (ПАР) і інш. прысадкамі, водныя растворы электралітаў (соды, нітрату натрыю і інш.) у сумесі з арган. ПАР, эмульсолы (3—10%-ныя водныя эмульсіі індустр. масел з дабаўкамі ПАР і інш прысадак). Найб. пашыраны эмульсолы, якія выкарыстоўваюць пры ўсіх аперацыях апрацоўкі металаў, а таксама для абястлушчвання дэталей, пры тлушчаванні скуры, замасліванні шэрсці і інш.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 7, с. 94

ЗМА́ЗАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

рэчывы з сукупнасцю ўласцівасцей, якімі абумоўлена іх змазачнае дзеянне. Выкарыстоўваюць для змазкі. Адрозніваюць вадкія (змазачнае масла, змазачна-ахаладжальныя вадкасці), пластычныя (пластычныя змазкі), цвёрдыя і газападобныя.

Цвёрдыя З.м. — парашкападобныя рэчывы (напр., графіт, дысульфіды малібдэну, вальфраму), мяккія металы (напр., індый, свінец), палімеры (найб. пашыраны політэтрафторэтылен), цвёрдыя арган. рэчывы (напр., мыла, воскі); газападобныя З.м. — індывід. газы, іх сумесі і пара некат. злучэнняў (напр., вуглевадародаў), выкарыстоўваюць для змазкі механізмаў, якія эксплуатуюцца ў асабліва цяжкіх умовах: высокіх (больш за 300 °C) і крыягенных т-рах, пры вял. нагрузках, высокім узроўні радыяцыі (напр., у ядз. рэактарах).

т. 7, с. 94

ЗМА́ЗКА ў тэхніцы,

1) змазачныя матэрыялы, якія памяншаюць трэнне і аблягчаюць працэсы мех. апрацоўкі металаў.

2) Змазачнае дзеянне змазачнага матэрыялу на паверхні трэння, у выніку якога памяншаюцца сіла трэння і зношванне паверхняў.

3) Падача змазачнага матэрыялу да паверхні слізгання ці качэння дэталей. Спосабы З. вызначаюцца функцыямі і ўмовамі работы вузла трэння, уласцівасцямі змазачнага матэрыялу.

4) Кансервацыйныя матэрыялы і матэрыялы для герметызацыі (ушчыльняльнікі). Выкарыстоўваюць для прадухілення карозіі метал. вырабаў пры захаванні і эксплуатацыі і ўшчыльнення злучэнняў дэталей машын (гл. Пластычныя змазкі).

т. 7, с. 94

ЗМАЙ ЁВАНАВІЧ (Змај Јовановић) Ёван

(6.12.1833, г. Нові-Сад, Сербія — 14.6.1904),

сербскі паэт. Атрымаў юрыд. (ун-ты Пешта, Прагі і Вены) і мед. (скончыў мед. ф-т у Пешце, 1870) адукацыю. Аўтар лірыка-рамант. зб-каў «Ружы» (1864), «Усе ранейшыя песні З.Ё.Ё.» (1871), «Спеўнік» (1879), «Ружы завялыя» (1882), «Спеўнік I» і «Спеўнік II» (1895, 1896), «Сны» (1895, 1900). Пісаў сатыр. творы на грамадска-паліт. тэмы (вершы «Ода кію», «Новыя выбары ў Сербіі», камедыя «Сазан», 1864). Выдаваў газеты і часопісы «Јавор» («Явар»), «Змај» («Змей»), «Жижа» («Святлец») і інш. Пачынальнік сербскай дзіцячай л-ры (кн. «Дзядзька Ёва сербскай моладзі», 1906); заснавальнік і выдавец дзіцячага час. «Невен» («Наготкі»).

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1958;

У кн.: Поэзия Югославии в переводах русских поэтов. М., 1976.

І.А.Чарота.

т. 7, с. 94