ЗНАЁМЫ Сяргей
(сапр. Клопаў Сяргей Змітравіч; 27.6.1909, в. Звонь Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1994?),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1933). Працаваў рабочым, рабкорам, настаўнічаў. У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Паўн.-Усх. лагеры на Калыме, адкуль уцёк 20.1.1944. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1929, дэбютаваў вершамі. У нарысах (зб-кі «Дом № 31», 1930, «За дамбаю», 1931, «Лес гарыць», 1932) адлюстраваў жыццё рабочых заводскіх ускраін. Аўтар аповесцей «Ганчары» (1933) і «Біяграфія майго героя» (1935). Збіраў фальклор, перакладаў з рус., укр. і інш. моў.
Літ.:
Чорны К. Заўвагі да стылявых тэндэнцый у творчасці Сяргея Знаёмага // Полымя рэвалюцыі. 1935. № 5.
т. 7, с. 98
ЗНАК,
матэрыяльны, пачуццёва ўспрымальны прадмет (з’ява, дзеянне), які выступае як прадстаўнік іншага прадмета, уласцівасці або адносін і выкарыстоўваецца для фіксавання, захоўвання, перапрацоўкі і перадачы інфармацыі. Адрозніваюць З. моўныя і нямоўныя (апошнія падзяляюцца на З.-копіі, З.-прыкметы, З.-сімвалы). Выконваюць гнасеалагічную (абазначае думку) і камунікатыўную (служыць сродкам зносін) функцыі. Разуменне З. немагчыма без высвятлення яго значэння: прадметнага, сэнсавага або экспрэсіўнага.
Гнасеалагічныя функцыі З. разглядалі ант. філосафы (Платон, Арыстоцель, стоікі), мысліцелі 17—18 ст. (Дж.Лок, Г.Лейбніц, Э.Кандыльяк). У 19 ст. новае ў даследаванні З. ўнеслі лінгвістыка і матэм. логіка. У 20 ст. склалася асобная навука пра З. — семіётыка.
І.І.Мячыкава.
т. 7, с. 98
ЗНА́КАВАЯ ТЭО́РЫЯ МО́ВЫ,
вучэнне, якое даследуе мову ў адносінах да інш. знакавых сістэм (матэм., муз., дарожнай і інш.), а таксама яе падабенства ці адрозненне ад іх. Заснавальнік семіётыкі амер. філосаф Ч.Пірс разглядаў мову як знакавыя адзінкі, характэрнай рысай якіх служыць адсутнасць знешняга падабенства з суадноснымі прадметамі. Амер. вучоны Ч.Морыс прапанаваў разглядаць усе знакі (у т.л. і моўныя) у трох вымярэннях:адносіны знакаў да аб’ектаў (семантыка), да інш. знакаў (сінтактыка) і да тых, хто карыстаецца гэтымі знакамі (прагматыка). Заснавальнік лінгвасеміётыкі (навукі, што вывучае знакавыя ўласцівасці мовы) швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр асн. рысамі моўных знакаў лічыў іх сістэмнасць і наяўнасць адвольнай сувязі паміж іх планамі выражэння і планамі зместу. Гэтыя рысы надаюць мове стабільнасць, а таксама здольнасць фармуляваць самыя складаныя адцягненыя паняцці. Найб. выразны знакавы характар маюць пісьмовыя формы мовы, разам з якімі выкарыстоўваюцца і неславесныя знакі (лічбы, сімвалы і інш.).
Літ.: Семиотика языка и литературы. М., 1983; Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 98
ЗНА́КІ АДРО́ЗНЕННЯ ваеннаслужачых,
знакі на форменным адзенні для абазначэння персанальных званняў воінскіх, прыналежнасці да відаў узбр. сіл, родаў войск, спец. войск, службаў. Да З.а. адносяцца пагоны, пятліцы, нагрудныя і нарукаўныя знакі (нашыўкі, шаўроны), знакі на галаўных уборах, пагонах, пятліцах (кукарды, эмблемы, зорачкі і інш.), канты і лампасы. Зарадзіліся ў старажытнасці; у рус. арміі ў 16 ст., у Сав. Арміі з 1918. З.а. ваеннаслужачых Рэспублікі Беларусь уведзены пастановай СМ 7.5.1993. Асн. З.а. з’яўляецца наплечны пагон, на якім размешчаны адпаведна воінскаму званню З.а. ў выглядзе прасветаў, зорачак, нашывак і да т.п., а таксама эмблемы або літары. З.а. на пагонах дапаўняюцца нагруднымі або нарукаўнымі нашыўкамі, эмблемамі на пятліцах і кукардамі на галаўных уборах.
т. 7, с. 99
ЗНА́КІ АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ І АСТРАЛАГІ́ЧНЫЯ,
умоўныя абазначэнні Сонца, Месяца, планет і інш. нябесных цел, а таксама задыякальных сузор’яў, планетных канфігурацый, фаз Месяца і да т.п. Карыстаюцца ў астр. і астралагічнай літаратуры, календарах (гл. табл.). Некаторыя знакі служаць для абазначэння месяцаў і дзён тыдня. Большасць з іх узнікла ў глыбокай старажытнасці.
Знакі астранамічныя і астралагічныя
| Знакі свяціл і дзён тыдня |
— Сонца (нядзеля) |
— Уран |
— Месяц (панядзелак) |
— Нептун |
— Марс (аўторак) |
— Плутон |
— Меркурый (серада) |
⚷ — Хірон |
— Юпітэр (чацвер) |
— Зямля |
— Венера (пятніца) |
— камета |
— Сатурн (субота) |
— зорка |
| Знакі задыяка і месяцаў |
♈︎ — Авен (сакавік), пункт вясенняга раўнадзенства |
♎︎ — Шалі (верасень), пункт асенняга раўнадзенства |
| ♉︎ — Цялец (красавік) |
♏︎ — Скарпіён (кастрычнік) |
| ♊︎ — Блізняты (май) |
♐︎— Стралец (лістапад) |
| ♋︎ — Рак (чэрвень) |
♑︎ — Казярог (снежань) |
| ♌︎ — Леў (ліпень) |
♒︎ — Вадаліў (студзень) |
| ♍︎ — Дзева (жнівень) |
♓︎ — Рыбы (люты) |
| Знакі фаз Месяца |
— маладзік |
— поўня |
— першая квадра |
— апошняя квадра |
| Знакі аспектаў (узаемнага размяшчэння свяціл) |
| ☌ — злучэнне (рознасць даўгот 0°) |
□ — квадратура (90°) |
| ⚺ — сямісекстыль (30°) |
△ — трын (120°) |
| ⚼ — сяміквадрат (45°) |
⚻ — квінконцыя (150°) |
| ⚹ — секстыль (60°) |
☍ — процістаянне (180°) |
☊ — узыходны вузел, даўгата яго ў арбіце |
☋ — сыходны вузел, даўгата яго ў арбіце |
т. 7, с. 99
ЗНА́КІ ДАРО́ЖНЫЯ,
элементы абсталявання дарог вызначанай формы, памеру і афарбоўкі з умоўнымі абазначэннямі і надпісамі. Устанаўліваюцца на аўтамаб. дарогах і вуліцах населеных пунктаў і даюць інфармацыю аб рэжыме, умовах, напрамках і маршрутах руху, месцах адпачынку, аб’ектах сервісу і інш.
У Расіі першыя З.д. зацверджаны ў 1805. Спроба ўпарадкаваць З.д. пачата ў 1909 у Парыжы на 1-й Міжнар. канферэнцыі па рэгламентацыі руху. У СССР стандартызаваныя З.д. пачалі выкарыстоўваць з 1927 як састаўную частку правіл руху. Дзеючая сістэма З.д. распрацавана на аснове Канвенцыі аб дарожных знаках і сігналах (1968, Вена), дапоўненай Еўрап. пагадненнем (1971, Жэнева). Стандартам прадугледжаны папераджальныя, пераважальныя (знакі прыярытэту), забараняльныя, прадпісальныя, інфарм.-ўказальныя, сервісу і дадатковай інфармацыі (таблічкі). Адрозніваюць іх па форме, афарбоўцы і малюнку (умоўным абазначэнні). Устанаўліваюць іх відарысам насустрач руху пераважна ўздоўж дарогі на спец. калонках, слупах, на кранштэйнах, тросах-расцяжках і рамах над праезджай часткай. Іх асвятляюць або пакрываюць святлоадбівальнымі матэрыяламі. Надпісы на інфарм.-ўказальных знаках, устаноўленых на дарогах Беларусі, выконваюцца на бел. мове за выключэннем міжнар. трас, дзе яны зроблены на бел. і англ. мовах.
Літ.: Хомяк Я.В., Гончаренко Ф.П., Копилевич С.Л. Инженерное оборудование автомобильных дорог. М., 1990.
І.А.Арэхаў, У.В.Маліноўскі, Л.В.Мяншова.
т. 7, с. 99
ЗНА́КІ МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ,
умоўныя абазначэнні (сімвалы), якімі карыстаюцца для запісу матэм. паняццяў, суадносін, выкладак і ніш. Напр., выраз «лік тры большы за лік два» з дапамогай З.м. запісваецца як 3 > 2.
Развіццё матэм. сімволікі цесна звязана з агульным развіццём паняццяў і метадаў матэматыкі. Першымі З.м. былі лічбы — знакі для абазначэння лікаў; мяркуюць, што яны папярэднічалі ўзнікненню пісьменнасці. З.м. для абазначэння адвольных велічынь з’явіліся 5—4 ст. да н.э. ў Грэцыі. Напр., плошчы, аб’ёмы, вуглы адлюстроўваліся адрэзкамі, а здабыткі велічынь — прамавугольнікамі, пабудаванымі на такіх адрэзках. У «Асновах» Эўкліда (3 ст. да н.э.) велічыні абазначаюцца дзвюма літарамі — пачатковай і канцавой літарамі адпаведнага адрэзка, а часам і адной. Пачаткі літарнага абазначэння і злічэння ўзніклі ў познаэліністычную эпоху (Дыяфант; верагодна 3 ст.) пры вызваленні алгебры ад геам. формы. Сучасная алг. сімволіка створана ў 14—17 ст.; яе развіццё і ўдасканаленне спрыяла ўзнікненню новых раздзелаў матэматыкі (гл. напр., Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Тэнзарнае злічэнне) і матэм. логікі (Алгебра логікі).
А.А.Гусак.
Асноўныя матэматычныя знакі
| Знак |
Значэнне |
Кім і калі ўведзены |
| Знакі індывідуальных аперацый адносін, аб’ектаў |
| + |
складанне |
Я.Відман, 1489 |
| − |
адніманне |
| × |
множанне |
У.Оўтрэд, 1631 |
| ∙ |
множанне |
Г.Лейбніц, 1698 |
| : |
дзяленне |
Г.Лейбніц, 1684 |
|
ступень |
Р.Дэкарт, 1637 |
|
корань (радыкал) |
А.Жырар, 1629 |
| log |
лагарыфм |
Б.Кавальеры, 1632 |
| sin, cos |
сінус, косінус |
Л.Эйлер, 1748 |
| tg |
тангенс |
Л.Эйлер, 1753 |
| dx, d2x, ... |
дыферэнцыял |
Г.Лейбніц, 1675 |
|
інтэграл |
| lim |
ліміт |
У.Гамільтан, 1853 |
| = |
роўнасць |
Р.Рэкард, 1557 |
| >< |
больш, менш |
Т.Гарыёт, 1631 |
| ∥ |
паралельнасць |
У.Оўгрэд, 1677 |
| ∞ |
бесканечнасць |
Дж.Валіс, 1655 |
| e |
аснова натуральных лагарыфмаў |
Л.Эйлер, 1736 |
| π |
адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра |
| i |
уяўная адзінка |
Л.Эйлер, 1777 |
| , , |
адзінкавыя вектары |
У.Гамільтан, 1853 |
| f(x) |
Знакі пераменных аперацый і аб’ектаў функцыя |
Л.Эйлер, 1734 |
| x, y, z |
невядомыя (пераменныя) |
Р.Дэкарт, 1637 |
| a, b, c |
адвольныя пастаянныя |
|
вектар |
А.Кашы, 1853 |
т. 7, с. 99
ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,
графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».
Літ.: Клюсаў Г.Н., Юрэвіч АЛ. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд. Мн., 1972; Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982.
т. 7, с. 99
ЗНА́КІ ХІМІ́ЧНЫЯ, сімвалы хімічныя,
скарочаныя літ. абазначэнні элементаў хімічных і іх атамаў. Абазначаюцца першай ці першай і адной з наступных літар лац. назвы хім. элемента. Увёў шведскі хімік Ё.Берцэліус (1814). Напр., S — cepa (Sulfur), Ca — кальцый (Calcium), Cd — кадмій (Cadmium). Для абазначэння ізатопаў да З.х. злева прыпісваюць зверху масавы лік, а знізу — атамны нумар (напр., , , ;); для іонаў уверсе справа ад З.х. паказваюць зарад (напр., Ca2+, S2-). З.х. карыстаюцца пры запісе формул хімічных.
т. 7, с. 100