Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

І,

дзесятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай I («і дзесяцярычнае»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай I («ёта»). У старабел. пісьменстве абазначала гук «і» найчасцей перад галоснымі і «й» («великій», «пріехати»), Мела лічбавае значэнне «дзесяць». Паралельна з ёй для абазначэння гука «і» выкарыстоўвалася літара И з Н («іжэ»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Н («эта»), У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «і» пярэдняга рада верхняга пад’ёму («ніва»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йі» («іней — йіней», «краіна — крайіна», «салаўі — салаўйі», «вераб’іны — в’эрабйіны»).

А.М.Булыка.

т. 7, с. 136

ІАА́Н, Iван,

бел. дойлід 12 ст., прадстаўнік Полацкай школы дойлідства. Пабудаваў у сярэдзіне 12 ст. Спаса-Ефрасіннеўскую царкву ў Полацку. Верагодна, удзельнічаў у стварэнні Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, дзе пабудаваў 3 царквы.

Літ.:

Арлоў У. Еўфрасіння Полацкая. Мн., 1992. С. 34—38, 122—126.

т. 7, с. 136

ІААНІ́ТЫ,

члены рыцарскага ордэна, заснаванага крыжаносцамі ў Палесціне ў пач. 12 ст. І. называюцца таксама гаспітальерамі, ад іерусалімскага шпіталя св. Іаана (дома для паломнікаў) — першай рэзідэнцыі ордэна. Статут І. зацверджаны папам рымскім у 1113. І. абслугоўвалі крыжаносцаў і паломнікаў, неслі ваен. службу. У 12—13 ст. ордэн уяўляў магутную ваенна-паліт. сілу, меў падраздзяленні ў многіх краінах свету. У канцы 13 ст. крыжаносцы былі выцеснены з Усходу. У 1291 І. перасяліліся на Кіпр, у пач. 14 ст. — на в-аў Родас (адсюль назва радоскія рыцары), у 1530 — на в-аў Мальта (Мальтыйскі ордэн). У канцы 18 ст. ордэн страціў свой уплыў і магутнасць. У 1834 рэзідэнцыя І. перанесена ў Рым. Арганізацыі І. існуюць у Англіі, Германіі, Швейцарыі, Швецыі і інш. (каля 8 тыс. чал., пераважна арыстакратаў). У Бубіконе (Швейцарыя) існуе адзін з прапагандысцкіх цэнтраў І. — Рыцарскі дом (музей).

Т.І.Адула.

т. 7, с. 137

ІАА́Н БЕЗЗЯМЕ́ЛЬНЫ

(John Lackland; 24.12.1167, г. Оксфард, Англія — 19.10.1216),

англійскі кароль [1199—1216]. З дынастыі Плантагенетаў. Малодшы сын Генрыха II (гл. ў арт. Генрых), брат і наследнік Рычарда І Львінае Сэрца. У 1203—08 страціў б. ч. сваіх уладанняў у Францыі, у т.л. Нармандыю і Анжу. У выніку канфлікту з царквой (1207) пазбаўлены трона рым. папам Інакенціем III (1209), у 1213 прызнаў сябе яго васалам. У 1214 беспаспяхова спрабаваў вярнуць свае б. франц. ўладанні. У выніку паўстання баронаў, якіх падтрымалі рыцары і гараджане, вымушаны падпісаць Вялікую хартыю вольнасцей.

т. 7, с. 136

ІАА́Н ДАМАСКІ́Н

(Iōannēs Damaskēnos; каля 675, г. Дамаск, Сірыя — каля 749),

візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт. Відаць, быў набліжаным да халіфа, потым манахам (да 700). Выступаў як вядучы ідэйны праціўнік іканаборства. Завяршальнік і сістэматызатар грэч. патрыстыкі. На аснове арыстоцелеўскай логікі стварыў асновы схаластычнага метаду (гл. Схаластыка), што пазней развіты сярэдневяковымі тэолагамі Захаду. Яго гал. твор «Крыніца ведаў» паўплываў на погляды многіх тэолагаў. У гісторыі л-ры ён вядомы як паэт, аўтар царк. песнапенняў. Яго творы распаўсюджваліся і ва ўсх.-слав. краінах (Грузіі, Стараж. Русі і інш.). Верагодна, аўтар рамана «Варлаам і Іасаф».

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Антология мировой философии;

М., 1969. Т. 1, ч. 2. С. 621—26;

Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968. С. 270—280.

В.В.Краснова.

т. 7, с. 136

ІАА́Н ДУНС СКОТ

(Johannes Duns Scotus),

гл. Дунс Скот Іаан.

т. 7, с. 136

ІАА́Н ЗАНАРА́

(Iōannēs Zōnaras; ? — пасля 1159),

візантыйскі храніст. Саноўнік пры двары імператара Аляксея I Камніна. Аўтар сусв.-гіст. хронікі ад «стварэння міру» да 1118 (пераказ ант. і сярэдневяковых аўтараў; звесткі па гісторыі Візантыі 11—12 ст.). Склаў каменціраваны зборнік кананічнага права, тлумачальны слоўнік; пісаў царк. вершы.

т. 7, с. 136

ІАА́Н ЗЛАТАВУ́СТ

(Iōannēs Chrysostomos; 341, Антыёхія — 14.9.407),

канстанцінопальскі патрыярх (з 398), ідэолаг усх.-хрысц. царквы, выдатны прамоўца (за што празваны «Златавустам»). Адукацыю атрымаў у школе язычніцкага рытара Ліванія. Аўтар пропаведзей, панегірыкаў, псалмоў, каментарыяў да Бібліі. У сваіх пропаведзях адлюстроўваў характэрныя рысы тагачаснага рэліг. і грамадскага жыцця. Змаганне за аскетычныя ідэалы і крытыка грамадскай несправядлівасці зрабілі яго папулярным, але супрацьпаставілі яму ўплывовых асоб двара і вышэйшага кліру. Неаднаразова быў сасланы і зноў вернуты. Кананізаваны хрысц. царквой. У Візантыі і на Русі быў ідэалам прапаведніка. Праваслаўная царква прыпісвае яму літургію, т. зв. літургія І.З.

Тв.:

Рус. пер. — Творения. Т. 1—12. СПб., 1898—1906;

Полн. собр. творений: В 12 т. Т. 1—3. М., 1991—94.

Літ.:

Курбатов Г.Л. Ранневизантийские портреты: К истории общественно-полит. мысли. Л., 1991. С. 99—135.

т. 7, с. 137

ІАА́Н ЛЕ́ЙДЭНСКІ

(Jan van Leiden, Johann von Leiden),

Ян Бокелзан (Jan Beuckelszoon, Bockelson; каля 1509, паблізу г. Лейдэн, Нідэрланды — 23.1.1536), кіраўнік Мюнстэрскай камуны. У 1533 далучыўся да старшыні нідэрландскіх анабаптыстаў Яна Матыса, хрысціўся ў яго і стаў адным з яго апосталаў. Разам з інш. анабаптыстамі ў 1534 захапіў уладу ў Мюнстэры, а пасля смерці Матыса ўзначаліў савет «12 старэйшын» — вярх. орган улады камуны. Пазней абвясціў сябе «царом Новага Сіёна» (Мюнстэра), валодаў неабмежаванай уладай, увёў палігамію. Імкнуўся пашырыць паўстанне на інш. вестфальскія гарады і Паўн. Нідэрланды. Пры захопе Мюнстэра войскамі епіскапа 25.7.1535 трапіў у палон, катаваны і пакараны смерцю. Гал. герой оперы Дж.Меербера «Прарок» (1849).

т. 7, с. 137

ІАА́Н ПА́ВЕЛ II

[Iōannēs Paulus; свецкае Вайтыла; (Wojtyla) Кароль Юзаф; н. 18.5.1920, г. Вадавіцы, Польшча],

папа рымскі з 1978. З 1938 вучыўся ў Ягелонскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну працаваў на кракаўскім хім. з-дзе. У 1946 прыняў сан свяшчэнніка. У 1946—48 вучыўся ў Рыме, Бельгіі і Францыі. З 1958 біскуп, з 1963 арцыбіскуп-мітрапаліт кракаўскі; удзельнічаў у рабоце 2-га Ватыканскага сабора. З 1967 кардынал. Пантыфікат І.П.ІІ вядомы адкрытым дыялогам: пасрэднічае ў міжнар. канфліктах, выступае са зваротамі аб міры, праводзіць супольныя малітвы з прадстаўнікамі інш. канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі. Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека («Любоў і адказнасць», 1960; «Асоба і ўчынак», 1969; «Пытанні суб’екта маральнасці», 1991), шматлікіх энцыклік, а таксама вершаў, паэм, п’ес.

Н.К.Мазоўка.

Іаан Павел II.

т. 7, с. 137