Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

І́ПА,

рака ў Светлагорскім, Калінкавіцкім і Мазырскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1010 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Сякерычы Светлагорскага р-на, цячэ па нізінах Гомельскага і Прыпяцкага Палесся. Асн. прыток — р. Віша (справа). Даліна трапецападобная, у нізоўі скрынкападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма нізкая, шыр. да 1,5 км. Рэчышча ад вытоку на працягу 95 км каналізаванае, шыр. 10—12 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с.

т. 7, с. 299

ІПАДРО́М (грэч. hippodromos ад hippos конь + dromos бег, месца для бегу),

комплекс збудаванняў для конна-спарт. спаборніцтваў, выпрабавання, трэнінгу і выставак племянных коней; установа, якая іх арганізуе. Бываюць І. для выпрабаванняў верхавых, рысістых, ламавых коней і камбінаваныя. На тэр. І. размяшчаюцца стайні, вет. лазарэт, кузня і інш. гасп. пабудовы, месцы для сядлоўкі і вывадкі коней перад скачкамі, т.зв. падок.

Вядомы са старажытнасці. І. Стараж. Грэцыі і Рыма мелі форму прамавугольнай ці закругленай пляцоўкі са сцяной пасярэдзіне. Вакол пляцоўкі — трыбуны для гледачоў (І. у Канстанцінопалі, 203—330). З канца 19 ст. іх будавалі ў вял. гарадах Беларусі, Расіі, Украіны і інш. Найб. буйныя сучасныя І.: Маскоўскі (Расія), Лексінгтонскі (ЗША), Нью-Маркет (Вялікабрытанія), Ланшан (Францыя), Пардубіцкі (Чэхія), Мадрыдскі (Іспанія) і інш.

т. 7, с. 299

ІПАКРЭ́НА (лац. Hippocrene ад грэч. hippu krēnē крыніца каня),

у грэчаскай міфалогіі крыніца на гары Гелікон, дзе жылі музы (гл. Гіпакрэна).

т. 7, с. 300

ІПАЛІ́Т (Старац),

разьбяр па дрэве 17 ст. Манах з Оршы. Працаваў у палаце разьбяных і сталярных спраў Маск. Крамля. З вучнямі Яфімам Анціп’евым, Данілам Грыгор’евым і Ларкам Юр’евым рэзаў і залаціў стаўпы і гербы царскіх карэт, іканастасы, рызніцы, шафы, куфры, ракі для мошчаў і інш. У 1679 стварыў рэльефнае распяцце ў царкве Уваскрэсення Славушчага і малюнкі кафляных упрыгожанняў купалаў Верхняспаскага сабора Маск. Крамля.

т. 7, с. 300

ІПАЛІ́ТАЎ-ІВА́НАЎ (сапр. Іванаў) Міхаіл Міхайлавіч

(19.11.1859, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 28.1.1935),

рускі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. Рэспублікі (1922). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1882, клас М.Рымскага-Корсакава). З 1893 праф. (у 1919—22 рэктар) Маскоўскай кансерваторыі. У 1899—1906 дырыжор прыватнай рус. оперы, Опернага т-ра Зіміна, з 1925 — Вял. т-ра ў Маскве. У творчасці апіраўся на традыцыі рус. муз. класікі, выкарыстоўваў таксама муз. фальклор Каўказа і Сярэдняй Азіі. Аўтар опер «Ася» (1900), «Здрада» (1909), сімф. твораў, у т. л. сюіт «Каўказскія эскізы» (1894) і «Іверыя» (1895), паэмы «Мцыры» (1924), камерна-інстр. ансамбляў, рамансаў. У 1923—24 узначальваў Беларускую песенную камісію. Апрацаваў шэраг бел. нар. песень (апубл. ў зб. «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (1928). Сярод вучняў А.Баланчывадзе, Р.Гліэр, З.Памяшвілі, М.Чуркін.

Літ. тв.: Письма. Статьи; Воспоминания. М., 1986.

І.​І.​Зубрыч.

М.М.Іпалітаў-Іванаў.

т. 7, с. 300

ІПАЛО́ГІЯ (ад грэч. hippos конь + ...логія),

навука пра коней. Вывучае анатомію, фізіялогію, біялогію размнажэння, пародаўтварэнне і інш. Творы па І. з’явіліся за некалькі стагоддзяў да н.э.; уключалі практычныя звесткі пра экстэр’ер, выездку і выкарыстанне коней. У далейшым комплекс біял., заатэхн. і вет. ведаў пра коней пашырыўся. На Беларусі з 19 ст. існавалі дзярж. конныя заводы і заводскія стайні, пазней узніклі племянныя станцыі і конегадоўчыя фермы, на якіх у наш час вядзецца племянная работа, выпрабаванне коней, павелічэнне іх пагалоўя і інш. Вядучая навук. ўстанова — Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Гл. таксама Конегадоўля.

т. 7, с. 300

ІПАМЕ́Я (Ipomoea),

род кветкавых раслін сям. бярозкавых. Каля 500 відаў, пашыраны пераважна ў тропіках. Культывуецца ў Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Паўд. Украіне. Найб. каштоўны батат. На Беларусі вырошчваюць І. пурпуровую (I. purpurea) як дэкар. расліну.

Адна- і шматгадовыя, павойныя ці сцелістыя травы і кусты. Карэнішча клубнепадобна патоўшчанае. Парасткі некат. (I. pes-caprae) даўж. да 18 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, часта апушанае валаскамі, якія надаюць ім шаўкавісты бляск. І. пурпуровая — павойная расліна з буйнымі белымі, ружовымі, блакітнымі і фіялетавымі кветкамі, якія закрываюцца нанач. Цвіце з чэрв. да верасня. Ёсць махровыя формы. Плод — каробачка.

Іпамея.

т. 7, с. 300

ІПАСТА́СЬ (ад грэч. hipostasis твар, сутнасць),

тэрмін стараж.-грэч. філасофіі, субстанцыя, сутнасць. Уведзены Пасідоніем у 1 ст. да н.э. У хрысціянстве, пачынаючы з патрыстыкі, тэрмін І. вызначае кожную з трох асоб Тройцы (Бога-айца, Бога-сына, Бога-Духа святога) і іх адзінства (лічыцца недасягальным чалавечаму розуму і не паддаецца рацыянальнаму тлумачэнню, з’яўляецца аб’ектам веры).

т. 7, с. 300

ІПА́ТАВА (Вольга Міхайлаўна) (н. 1.1.1945, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1967). З 1965 у Гродзенскім гаркоме камсамола, на абл. студыі тэлебачання. У 1970—73 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». З 1985 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання, заг. аддзела, нам. гал. рэдактара час. «Спадчына». У 1991—96 рэдактар штотыднёвіка «Культура», з 1998 нам. старшыні Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1956. Паэзія (зб-кі «Раніца», 1969, «Ліпеньскія навальніцы», 1973, «Парасткі», 1976) шматгранная — ад пейзажнай і любоўнай лірыкі да публіцыст. вырашэння складаных праблем гіст. лёсу роднага народа. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Вецер над стромай», 1977) «Дваццаць хвілін з Немезідай», 1981, «Перакат», 1984) узняты складаныя маральна-этычныя праблемы, пытанні сувязі моладзі з роднай зямлёй, пошуку месца ў жыцці. Распрацоўвае гіст. тэматыку: аповесць «Прадыслава» (1971; прысвечана Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім» (1989, пра падарожжа і трагічны лёс палачаніна Алексы), «Чорная княгіня» (1989; пра трагедыю княгіні Лізаветы Астрожскай). Гіст. постаці Полацкага княства 11—13 ст., ВКЛ у 16 ст., Беларусі ў 19 ст. адлюстраваны ў аповесці «Агонь у жылах крэменю» (1989), апавяданнях («Набег», «Мара», «Святаслава», «Расанка», «Давыд Гарадзенскі», «Гайна і Мікаш», «Ваўкалакам абярнуся»). У рамане «Залатая жрыца Ашвінаў» (1997) рэстаўрыравала далёкую старонку бел. міфалагічнай мінуўшчыны — індаеўрап. карані беларусаў. Аўтар балад, нарысаў, п’ес, паэм, кніг вершаў для дзяцей. Выступае як крытык, публіцыст, перакладчык.

Тв.: Паміж Масквой і Варшавай. Мн., 1996.

Літ.:

Бечик В. Обретение высоты // Неман. 1981. № 3;

Савік Л. Спасціжэнне чалавечнасці // Полымя. 1983. № 6;

Быкаў В. Праўдай адзінай. Мн., 1984.

І.У. Саламевіч.

В.М.Іпатава.

т. 7, с. 300

ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),

від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 300