Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІО́,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр 3630 км (адзін з буйнейшых спадарожнікаў планет). Адлегласць ад цэнтра Юпітэра 421,6 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 1 сут 18 гадз 28 мін. Магутныя праявы вулканізму. Мае атмасферу. Адзін з чатырох яркіх спадарожнікаў Юпітэра. Адкрыты Г.​Галілеем (1610).

т. 7, с. 296

ІО́АХІМ ((Joachim) Іожэф) (Іозеф; 28.6.1831, Браціслава — 15.8.1907),

венгерскі скрыпач, педагог, кампазітар, дырыжор. Вучыўся ў І.​Бёма, Ф.​Давіда. Выступаў з 1838. У 1849—66 канцэртмайстар у Веймары і Гановеры. З 1866 у Берліне, з 1868 дырэктар і праф. Вышэйшай муз. школы. Заснавальнік (1869) і кіраўнік струннага квартэта. Сярод твораў З канцэрты для скрыпкі з арк., п’есы для скрыпкі і фп., песні і інш.; стварыў шэраг скрыпічных транскрыпцый (у т. л. «Венгерскія танцы» І.​Брамса). Аўтар працы «Скрыпічная школа» (т. 1—3, 1905; з А.​Мозерам).

т. 7, с. 296

ІО́ДА (Ірына Антонаўна) (н. 5.10.1932, Мінск),

бел. архітэктар. Д-р архітэктуры (1987), праф. (1989). Скончыла БПІ (1959). Працавала ў праектных ін-тах, з 1981 у Бел. дзярж. н.-д. і праектным ін-це горадабудаўніцтва Дзяржбуда Беларусі, адначасова (з 1967) выкладчык БПА. Навук. працы па тэарэт. і метадалагічных асновах горадабудаўніцтва. Адзін з аўтараў ген. плана Мінска (1963), «Генеральнай схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі БССР» (1987), праектаў планіроўкі і забудовы гарадоў Беларусі.

Тв.:

Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.).

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 296

ІО́ДЛЬ ((Jodl) Альфрэд) (10.5.1890, г. Вюрцбург, Германія — 16.10.1946),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-палк. (1944). Скончыў кадэцкі корпус (1910). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1920 пераважна ў Генштабе. У 1939—45 нач. штаба аператыўнага кіраўніцтва Вярх. галоўнакамандавання ўзбр. сіл (вермахта), адзін з гал. ваен. саветнікаў А.​Гітлера. З канца крас. 1945 на камандным пункце адм. К.Дзёніца, па даручэнні якога 7.5.1945 падпісаў у г. Рэймс акт аб агульнай капітуляцыі вермахта перад зах. саюзнікамі СССР. 23.5.1945 арыштаваны. На Нюрнбергскім працэсе прыгавораны да пакарання смерцю. У 1953 рэабілітаваны судом ФРГ.

Літ.:

Митчелл С.В., Мюллер Дж. Командиры Третьего рейха: Пер. с англ. Смоленск, 1997.

т. 7, с. 296

ІО́ЖЭФ ((József) Атыла) (11.4.1905, Будапешт — 3.12.1937),

венгерскі паэт. Вывучаў філалогію ў Сегедскім і Венскім ун-тах і ў Сарбоне. Першы зб. вершаў «Папрашайка прыгажосці» (1922). Працаваў у жанрах санета, паслання, пейзажнай замалёўкі, балады, оды і інш. У ранніх творах істотны ўплыў экспрэсіянізму і сюррэалізму. Аўтар зб-каў «Не я крычу» (1925), «Ні бацька, ні маці» (1929), «Пні карчуй і не скуголь» (1931), «Ноч ускраіны» (1932), «Мядзведжы танец» (1934), «Вельмі балюча» (1936). Паэзія мае выразны філас. характар, у ёй спалучаюцца гратэск і лірызм, адметная метрычнай і страфічнай разнастайнасцю, асацыятыўнасцю. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1980.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 297

ІО́ЛЬДЫЯ (Yoldia),

род марскіх двухстворкавых малюскаў сям. нукуланід. Каля 20 відаў. Пашыраны на шэльфавых мулавых грунтах (на глыб. да 200 м) халодных і ўмераных мораў Паўн. паўшар’я і на вял. акіянскіх глыбінях. У далёкаўсх. морах 8 відаў, у паўн. морах 1 від — І. паўночная (Y. hyperborea).

Ракавіна даўж. 1—6 см, падоўжана-авальная. гладкая, ад светла-аліўкавага да карычневага колеру. Нага развітая, ротавыя лопасці з доўгімі прыдаткамі. Дэтрытафагі. Корм для бентасаедных рыб. Ад І. названа Іольдыевае мора.

Іольдыя паўночная: 1 — від збоку; 2 — від з брушнога боку.

т. 7, с. 297

ІОНААБМЕ́ННІКІ,

тое, што іаніты.

т. 7, с. 297

ІОНААБМЕ́ННЫЯ СМО́ЛЫ, іонаабменныя палімеры,

сінтэтычныя арган. іаніты.

Цвёрдыя, нерастваральныя палімеры, здольныя да іоннага абмену, абмежавана набракаюць у растворах электралітаў і арган. растваральніках. Матрыца І.с. — сеткаваты палімер, на якім замацаваны іанагенныя групы (напр., сульфагрупа SO3H, карбаксільная група COOH, амінагрупа NH2), якія дысацыіруюць на фіксаваныя (палімерныя) іоны і эквівалентную колькасць рухомых процііонаў (напр., П-SO3Н↔П-SO​3+H​+; П-CH2NR3OH↔П-CH2N​+R3+OH​, дзе П — матрыца), што пры іонным абмене могуць заменьвацца на іоны знешняга асяроддзя. Па знаку зарада процііонаў адрозніваюць катыёнаабменныя, аніёнаабменныя і амфатэрныя (маюць адначасова кіслотныя і асн. групы), спецыфічную групу складаюць акісляльна-аднаўленчыя І.с., здольныя да змянення зарада іонаў. У І.с. іанагенныя групы могуць быць аднаго тыпу (монафункцыянальныя смолы) ці рознага (поліфункцыянальныя смолы). Атрымліваюць: полімерызацыяй ці полікандэнсацыяй манамераў, якія маюць іанагенныя групы; палімераналагічнымі пераўтварэннямі — увядзеннем актыўных функцыян. груп у інертныя супалімеры (у асноўным полімерызацыйнага тыпу). Найб. пашыраны І.с. на аснове супалімераў стыролу і дывінілбензолу, акрылавай к-ты і яе вытворных.

У.​С.​Салдатаў.

т. 7, с. 297

Іонас Віктар Аўгуставіч

т. 18, кн. 1, с. 395

ІО́НІК, овы (ад лац. ovum яйцо),

арнаментальны матыў на капітэлях і карнізах іанічнага і карынфскага арх. ордэраў. Складаецца з яйцападобных выпукласцей, якія зрэзаны зверху, абрамлены валікамі і чаргуюцца са стральчатымі лістамі, павернутымі вастрыём уніз. Паверхня элементаў І. гладкая або аздоблена разьбой.

С.​А.​Сергачоў.

Іонік.

т. 7, с. 297