ІЛ, мул,
тонкадысперсны насычаны вадой няўшчыльнены асадак, які намнажаецца на дне водных басейнаў. Мае ад 30 да 50% часцінак памерам менш за 0,01 мм. Паводле генезісу адрозніваюць І. тэрыгенны (гліністы і інш.), біягенны (дыятомавы, глабігерынавы і інш.), хемагенны (карбанатны і інш.), вулканагенны. З’яўляецца пачатковай стадыяй фарміравання многіх асадкавых горных парод (аргіліты, сланцы). Некаторыя І. (азёрны, сажалкавы, лагунны) выкарыстоўваюць як угнаенне і для мінер. падкормкі с.-г. жывёл, а таксама ў медыцыне для гразелячэння. На Беларусі пашыраны І. азёрны (сапрапель, гіція) і глебавы.
т. 7, с. 195
І́ЛАВА,
возера ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 32 км на У ад г.п. Шаркаўшчына. Пл. 1,44 км2, даўж. 1,5 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 4 км2. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі выш. 0,3—0,5 м, тарфяныя, да ўрэзу вады лес. Дно плоскае, тарфяністае. Зарастае.
т. 7, с. 195
ІЛАВА́ЙСКІ (Дзмітрый Іванавіч) (11.2.1832, г. Чаплыгін Ліпецкай вобл., Расія — 15.2.1920),
рускі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1854). Аўтар манаграфій «Гісторыя Разанскага княства» (1858), «Гродзенскі сейм 1793. Апошні сейм Рэчы Паспалітай» (1870), «Даследаванні пра пачатак Русі» (1876). Выступаў супраць нарманскай тэорыі ўзнікнення Рас. дзяржавы. Асн. праца І. «Гісторыя Расіі» (т. 1—5, 1876—1905) будавалася па канцэпцыі М.М.Карамзіна і мела кампілятыўны характар. Аўтар афіц. школьных падручнікаў па гісторыі Расіі, напісаных з манархічных пазіцый.
Тв.:
Краткие очерки русской истории. М., 1992;
Очерки отечественной истории. М., 1995.
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М, 1993.
т. 7, с. 195
ІЛАІ́ЛА (Iloilo),
горад на Філіпінах, на Пд в-ва Панай, адм. ц. правінцыі Ілаіла. 309,5 тыс. ж. (1993). Порт на беразе прал. Гімарас. Аэрапорт. Суднарамонтная. харч., швейная прам-сць. Вываз цукру, рысу, абакі, копры. 3 ун-ты. Царква Міяг-ао (17—18 ст.).
т. 7, с. 195
ІЛАРЫЁН, Ларыён (? — ?),
старажытнарускі царкоўны дзеяч, філосаф і пісьменнік, заснавальнік Кіева-Пячэрскай лаўры (1051), першы мітрапаліт кіеўскі з мясц. духавенства (1051—54 ці 1055). Аўтар публіцыстычнага твора Стараж. Русі — «Слова пра закон і дар божы» (паміж 1037 і 1050), дзе развіваецца думка пра роўнасць народаў, якія вызнаюць хрысціянства, высока ацэньваюцца справы князёў, якія праславілі Русь у інш. краінах. У «Слове» выказаны таксама ідэі вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага аб царк. незалежнасці Кіеўскай дзяржавы ад Візантыі.
т. 7, с. 195
ІЛГА́ЙЦЫ, Ілгайца,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята, за 17 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,45 км2, даўж. 2 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 20 м, даўж. берагавой лініі каля 6 км. Пл. вадазбору 4,4 км2. Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на Пн 2—5 м), у ніжняй ч. параслі хмызняком, у верхняй — разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, у залівах нізкія, пясчаныя, задзернаваныя. Дно мелкаводнымі падняццямі падзяляецца на шэраг адасобленых замкнёных катлавін, да глыб. 2 м — пясчанае, ніжэй — глеістае.
т. 7, с. 195
І́ЛЕШ ((Illés) Бела) (22.3.1895, г. Кошыцы, Славакія — 1.5.1974),
венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. Удзельнік рэв. 1919 у Венгрыі, потым у эміграцыі. З 1921 у Аўстрыі, Чэхаславакіі, у 1923—45 у СССР. У 2-ю сусв. вайну служыў у Чырв. Арміі. Аўтар раманаў «Нататкі доктара Пала Утрыуша» (1917), «Ціса гарыць» (на рус. мове 1929—33, венг. — 1957), «Вяртанне радзімы» (кн. 1—3, 1952—54), трылогіі «Карпацкая рапсодыя» (на рус. мове. 1941, венг. — 1945), аповесцей, апавяданняў. Гал. тэмы твораў — рэв. рух венг. рабочых, сац. абуджэнне сялянства, падзеі 2-й сусв. вайны, лёс венг. эміграцыі.
Тв.:
Бел. пер. — Тыса гарыць: Раман. Кн. 1—3. Мн., 1932—34;
Рус. пер. — Избранное. М., 1974.
Е.А.Лявонава.
т. 7, с. 195
ІЛЕ́ША (Ilesha),
горад на ПдЗ Нігерыі. Стараж. горад племя яруба. 351 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог. Гандлёва-рамесны цэнтр. Перапрацоўка какававых зярнят. Вытв-сць пальмавага алею. Каля І. — здабыча золата.
т. 7, с. 195
ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ I (каля 1581—17.5.1606),
рускі цар [1605—06]. Самазванец, выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына цара Івана IV, які ў 1591 быццам бы пазбег смерці ва Углічы. Асоба І. I не высветлена. Існуе версія, што ён — збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Выступіў як прадстаўнік апазіц. цару Барысу Гадунову маскоўскага баярства (князёў Раманавых, Чаркаскіх і інш.) і патрыярха. Паводле інш. звестак яго падтрымліваў канцлер ВКЛ Л.Сапега. У 1601 І. I знаходзіўся ў Кіеве, Астрогу, Брагіне, дзе ў 1603 заручыўся падтрымкай уладальніка горада кн. А.Вішнявецкага. У 1604 з дапамогаю караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы авалодаў паўд. і паўд.-ўсх. ч. Рускай дзяржавы, заняў Маскву і 21.7.1605 каранаваны як цар Дзмітрый І Іванавіч. Быў адукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў і вайск. справу. Адмовіў Рэчы Паспалітай у праве на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за падтрымку яго выступлення. У знешняй палітыцы намагаўся стварыць антытур. кааліцыю. Забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з В.І.Шуйскім у час нар. паўстання.
Літ.:
Соловьев С.М. Соч. Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;
Скрынников Р.Г. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990.
А.П.Грыцкевіч.
т. 7, с. 195
ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ II (? — 11.12.1610),
самазванец, які выдаваў сябе за рас. царэвіча Дзмітрыя, сына Івана IV, што быццам бы выратаваўся пасля маскоўскага паўстання 1606. Стаўленік Рэчы Паспалітай. Асоба І. II не высветлена. Магчыма, быў прыбліжаным Ілжэдзмітрыя I. Ёсць звесткі, што ён быў настаўнікам у Магілёве; паводле інш. звестак — паповіч, настаўнік у Шклове. Улетку 1607 з’явіўся ў Старадубе. З атрадамі шляхты, данскіх казакоў зімой прыйшоў у Арол, летам 1608 падышоў да Масквы, заняў с. Тушына (адсюль мянушка «Тушынскі злодзей»), дзе сфарміраваў урад з рус. баяр і дваран з мітрапалітам Філарэтам, які быў прызначаны патрыярхам. Фактычна тушынскі лагер узначальвалі Я.Сапега, М.Ражынскі, Лісоўскі. Да восені 1608 І. II кантраляваў раёны на Пн, У і ПнЗ ад Масквы. Наступленне аб’яднанага руска-шведскага войска вымусіла І. II у снеж. 1609 збегчы ў Калугу. У ліп. 1610 беспаспяхова спрабаваў захапіць Маскву, адступіў у Калугу, дзе быў забіты касімаўскімі татарскімі князямі за забойства ім царэвіча Ураз-Мухамеда (васала рус. цара). Прыхільнікі І. II абвясцілі царом яго сына Івана Дзмітрыевіча, рэшткі тушынскага войска ўзначаліў І.М.Заруцкі.
Літ.:
Соловьев С.М. Соч. Кн 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;
Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. М., 1997.
А.П.Грыцкевіч.
т. 7, с. 195