Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІБАГЕ́ (Ibagué),

горад у цэнтр. ч. Калумбіі. Адм. ц. дэпартамента Таліма. Засн. ў 1550. 338 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел і перавалачны пункт на шляхах з Багаты да ўзбярэжжа Ціхага ак. Аэрапорт. Гандл. цэнтр. Прадпрыемствы: мукамольныя, мясныя, кандытарскія, цукр.; перапрацоўка кавы і тытуню. Саматужны выраб скураных рэчаў. 2 ун-ты.

т. 7, с. 142

ІБА́ДАН (Ibadan),

горад на ПдЗ Нігерыі. Адм. ц. штата Ойо. 1295 тыс. ж., з прыгарадамі каля 3 млн. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая (тытунёвая, плодакансервавая, апрацоўка какавы), пластмасавая, гумавая, дрэваапр., маш.-буд. (зборка аўтамабіляў, рухавікоў). Цэнтр рамесніцкай вытв-сці (па метале, дрэве і інш.). Ун-т.

т. 7, с. 142

ІБА́РУ́РЫ ГО́МЕС ((Ibárruri Gómez) Далорэс) (9.12.1895, Гальярта, прав. Біская, Іспанія — 12.11.1989),

дзяячка ісп. і міжнар. рабочага руху. З 1917 у сацыяліст. руху. Адна з арганізатараў Камуніст. партыі Іспаніі (КПІ, 1920), з 1932 у яе кіраўніцтве. У 1931—33 рэдактар цэнтр. органа КПІ газ. «Mundo Obrero» («Рабочы свет»). З 1936 чл. картэсаў. За рэв. дзейнасць не раз была арыштавана і зняволена ў турмах. У час іспанскай рэвалюцыі 1931—39 адна з арганізатараў Нар. фронту, барацьбы супраць фашызму і італа-герм. інтэрвенцыі. У 1939—77 у эміграцыі ў СССР. У 1942—60 ген. сакратар, потым старшыня КПІ. Выступала супраць еўракамунізму. Адна з заснавальніц Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын (1945). У 1977—79 зноў у картэсах.

т. 7, с. 142

ІБЕ́РЫ,

1) старажытныя плямёны, якія першапачаткова насялялі тэр. Усх. і Паўд. Іспаніі і потым рассяліліся на значнай частцы Пірэнейскага п-ва (адсюль стараж. назва п-ва Іберыя). Упершыню згадваюцца ў крыніцах 6 ст. да н.э. Важнейшым цэнтрам іх культуры была паўд. ч. Іспаніі (сучасныя Андалусія і Мурсія), дзе, паводле звестак стараж. аўтараў, знаходзілася дзяржава Тартэс, заснаваная да 1100 да н.э. У выніку змяшэння І. з кельтамі (уварваліся ў Іспанію ў 6—3 ст. да н.э.) узнікла група плямён — кельтыбераў. І. мелі сваю пісьменнасць. Да 8 ст. да н.э. склалася мастацтва І., якое ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула росквіту. У 5—3 ст. да н.э. заваяваны карфагенянамі, у 3—2 ст. да н.э. — рымлянамі. Паступова раманізаваны.

2) Этнічная назва ў ант. крыніцах усх.-груз. (картлійскіх) плямён, якія жылі на тэр. Іберыі (Іверыі); адыгралі гал. ролю ў працэсе кансалідацыі груз. плямён і фарміраванні адзінага груз. этнасу.

т. 7, с. 142

ІБЕРЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава на тэрыторыі Усх. Грузіі ў 4 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. Гл. Іберыя.

т. 7, с. 143

ІБЕРЫ́ЙСКА-КАЎКА́ЗСКІЯ МО́ВЫ, каўказскія мовы,

умоўная назва сукупнасці каля 40 аўтахтонных (карэнных) моў Каўказа. Пашыраны пераважна на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, Турцыі і Іране. Пытанне іх роднасці з інш. мовамі свету канчаткова не высветлена. І.-к.м. падзяляюць на 3 групы: абхазска-адыгскія, картвельскія і нахска-дагестанскія мовы (паводле інш. класіфікацыі нахска-дагестанскую групу падзяляюць на 2 — нахскую і дагестанскую). Найб. пашырана грузінская мова, што мае стараж. пісьменства. Пасля 1917 літаратурнымі сталі абазінская, абхазская, аварская, адыгейская, даргінская, інгушская, кабардзінская, лакская, лезгінская, табасаранская і чэчэнская. Алфавіты на арабскай і лац. графіцы, у 1936—39 пераведзены на рускую. Астатнія 25 моў бяспісьменныя (занская, сванская, бацбійская, убыхская і шэраг дагестанскіх моў).

Асаблівасць фанетыкі І.-к.м. — багатая сістэма зычных (напр., ва убыхскай мове 82 зычныя). Марфалогія І.-к.м. аглюцінатыўная (з элементамі фузіі ў нахска-дагестанскіх і з’явамі полісінтэтызму ў абхаза-адыгскіх мовах); прэфіксальны лад — агульнакаўк. рыса словазмянення і словаўтварэння. Іменныя класы раней уласцівы ўсім І.-к.м. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць эргатыўнай канструкцыі сказа. Лексіка ўключае шмат агульных запазычанняў з араб., іранскай, цюркскіх і інш. моў.

Літ.:

Климов Г.А., Алексеев М.Е. Типология кавказских языков. М., 1980;

Климов Г.А. Введение в кавказское языкознание. М., 1986.

А.Я.Супрун.

т. 7, с. 143

ІБЕРЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (Cordillera Ibérica),

горы на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі, каля паўн.-ўсх. ускраіны плато Месета. Даўж. 440 км. Выш. да 2313 м (г. Манкайо). Паніжэнне з далінай р. Халон падзяляе горы на масівы больш высокія з альпійскімі вяршынямі на ПнЗ і больш нізкія, значна закарставаныя на ПдУ. Слаба расчлянёныя складкава-глыбавыя масівы, складзеныя з мезазойскіх вапнякоў, пясчанікаў, кварцытаў. Радовішчы жал. руды. Міжземнаморскія хмызнякі, на ПнЗ — шыракалістыя і хваёвыя лясы.

т. 7, с. 143

ІБЕРЫ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

тое, што Пірэнейскі паўвостраў.

т. 7, с. 143

ІБЕ́РЫС, іберыйка (Iberis),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Пярэдняй і Малой Азіі, на Каўказе. На Беларусі інтрадукаваны і вырошчваюцца ў культуры І. вечназялёны (I. sempervirens) і горкі (I. amara).

Адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны або нізкія паўкусты і кусцікі. Лісце лінейна-ланцэтнае, чаргаванае. Кветкі белыя, ружовыя, чырванаватыя, фіялетавыя і інш., двухполыя, у густых парасона- ці шчыткападобных гронках. Плод — струк. Дэкар. і меданосныя расліны. Выкарыстоўваюць для бардзюраў і камяністых горак. Размнажаюцца насеннем, чаранкамі і дзяленнем куста.

Іберыс горкі.

т. 7, с. 143

ІБЕ́РЫЯ (грэч. Ibēria, лац. Hiberia),

1) старажытная назва Усх. Грузіі (наз. таксама Іверыя). Сустракаецца ў ант. і візант. гісторыкаў. На мяжы 4—3 ст. да н.э. на тэр. І. ўзнікла дзяржава (царства) са сталіцай у г. Мцхета. Асн. масу жыхароў складалі сяляне-абшчыннікі, на цяжкіх работах і ў палацавай гаспадарцы выкарыстоўвалася праца рабоў (пераважна ваеннапалонных). У гарадах развіваліся рамёствы і гандаль, грэч. і арамейская пісьменнасць. І. дасягнула росквіту пры цару Фарсмане II (2 ст.). З 4 ст. развіваліся раннефеад. адносіны. З 337 хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй. У канцы 4 ст. І. трапіла пад панаванне Сасанідаў.

2) Адна са стараж. назваў Іспаніі.

т. 7, с. 143