ІЯНЕ́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура мезаліту (8,5—7 тыс. г. назад) у міжрэччы р. Волга і Ака. Генетычна звязана з грэнскай культурай паўн. і цэнтр. часткі Верхняга Падняпроўя Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Жытлы наземныя або крыху заглыбленыя ў зямлю, акруглай ці авальнай формы. Характэрны крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскага тыпу, адшчэпы, скрабкі, вуглавыя разцы, вастрыі са скошаным краем, нуклеўсы.
У.П.Ксяндзоў.
т. 7, с. 371
ІЯЎЛЕ́ВІЧ (Яўлевіч) Ігнацій
(26.9.1619, г. Магілёў — каля 1686),
бел. педагог-асветнік, пісьменнік, грамадскі і царк. дзеяч. Першапачатковую адукацыю атрымаў у г. Шклоў. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, тэалогію і медыцыну вывучаў у Замойскай акадэміі (Польшча). Працаваў выкладчыкам у Кіева-Магілянскай калегіі, быў прафесарам свабодных навук. Разам з рэктарам гэтай калегіі С.Пачаскім удзельнічаў у арганізацыі ў Ясах (Румынія) славяна-грэка-лацінскай акадэміі (адкрыта ў 1640). У 1647 пастрыгся ў Кіеве ў манахі. Жыў у Львове, Ярославе (у Галіцыі), Кракаве, Скіце, Камянцы, Сочаве (Валахія), Оршы і інш. З 1655 у Полацку, быў ігуменам Богаяўленскага манастыра, пры якім адкрыў школу і бібліятэку. З 1660 таксама архімандрыт Полацкага Барысаглебскага манастыра. Апекаваўся мясц. паэтамі Ф.Утчыцкім і Сімяонам Полацкім, падтрымліваў прыязныя адносіны з рус. дзярж. і культ дзеячамі Ф.Рцішчавым і А.Ардын-Нашчокіным. У час прыезду ў Полацк цара Аляксея Міхайлавіча (1656) выступіў з прамовай. Удзельнік Маскоўскага царк. сабора 1660 па справе патрыярха Нікана. Апошнія звесткі пра І. ў перапісцы з маскоўскім патрыярхам Іаакімам за студз.—сак. 1686. З літ. спадчыны І. дайшла яго аўтабіягр. запіска (на польск. мове, апубл. С.Голубевым у 1886), у якой важныя матэрыялы па гісторыі гар. адукацыі 2-й чвэрці 17 ст., культ. і пед. узаемасувязі бел. і ўкр. народаў. Захаваліся яго прамовы з нагоды розных рэліг. і паліт. падзей, некалькі лістоў да Сімяона Полацкага. Вядомы яго дэкламацыя на прыезд у Магілёў віцебскага, аршанскага, мсціслаўскага і магілёўскага епіскапа Іосіфа Гарбацкага (4.8.1650), некалькі вершаў на ўзор элегій Авідзія. У паэзіі І. яскрава выяўлены рысы сілабізму.
Літ.:
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968. Т. 1. С 363—364.
А.Ф.Коршунаў.
т. 7, с. 371
ІЯЎЛЕ́ВІЧ Фама, бел. пісьменнік і педагог 1-й пал. 17 ст. Нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, у Ягелонскім ун-це (Кракаў, сярэдзіна 1620-х г.). У канцы 1620 — пач. 1630-х г. рэктар Кіеўскай брацкай школы. З 1632 педагог у магілёўскім, у 1640-я г. ў слуцкім брацтвах. Аўтар паэмы «Лабірынт» (Кракаў, 1625, на польск. мове). У паэме, прасякнутай ідэямі асветніцтва, услаўляў неабмежаваныя магчымасці чалавечага розуму, асвету, навуку, заклікаў да адзінства слав. народаў у грамадска-паліт. і культ. жыцці. Твор І. — узор экспрэсіўна-метафарычнай паэзіі барока.
Літ.:
Голенченко Г.Я. Новые материалы по истории культурных связей Белоруссии с Украиной и Россией в конце XVI — первой половине XVII в // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр., Мн. 1983. Вып. 2.
Г.Я.Галенчанка.
т. 7, с. 371