Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЕГАВІ́СТЫ,

гл. Сведкі Іеговы.

т. 7, с. 170

ІЕГО́ВА,

скажоная форма імя бога Яхве.

т. 7, с. 170

ІЕ́ЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

старэйшы універсітэт ЗША. Прыватны. Засн. ў 1701 у г. Нью-Хейвен як каледж. З 1887 сучасная назва. Да 1969 быў толькі мужчынскі. У складзе І.у. каледжы і школы. У 1996/97. навуч. г. больш за 10 тыс. студэнтаў; каледжы: мастацтва і гуманіт. дысцыплін (выкладаюцца археалогія, архітэктура, стараж. гісторыя, праблемы дзяцінства, класічныя мовы і мовы народаў Азіі і Б. Усходу, слав. мовы і л-ры і інш.); тэхн. навук (электратэхніка і механіка, хім. вытв-сць, прыкладная матэматыка, камп’ютэр і псіхалогія, генетыка і інш.); сац. навук (сацыялогія, паліталогія, рэлігія, філасофія, антрапалогія, міжнар. адносіны і інш.); школы: медыцыны, багаслоўя, мастацтва, архітэктуры, мастацтва і навукі, аховы навакольнага асяроддзя і інш. Ва ун-це адна з буйнейшых б-к і адзін са старэйшых музеяў ЗША — Музей натуральнай гісторыі Пібадзі з 1701.

В.М.Навумчык.

т. 7, с. 170

ІЕ́НА (Jena),

горад на У Германіі, у зямлі Цюрынгія, на р. Заале. Упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. як крэпасць. Гар. правы з 13 ст. 100,1 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак. Буйны цэнтр аптычнай прам-сці (прадпрыемства «Карл Цэйс»). Хім.-фармацэўтычная прам-сць. Ун-т (з 1558). Планетарый. Бат. сад. Каля І. адбылася Іена-Аўэрштэцкая бітва 1806.

т. 7, с. 170

ІЕ́НА-АЎЭРШТЭ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1806,

дзве ўзаемазвязаныя бітвы паміж французскай і пруска-саксонскай арміямі 14 кастр. каля г. Іена і в. Аўэрштэт у Германіі ў час руска-пруска-французскай вайны 1806—07. У бітве франц. армія Напалеона I (больш за 150 тыс. чал.) разграміла пруска-саксонскую армію (больш як 100 тыс. чал.) і заняла амаль усю Прусію. Вырашальную ролю ў зыходзе бітвы адыгралі новыя франц. прынцыпы ваен. майстэрства, а таксама нізкая баяздольнасць прускай арміі з яе састарэлай тактыкай. Гэта перамога Напалеона I прывяла да поўнага разгрому Прусіі, садзейнічала паражэнню 4-й антыфранц. кааліцыі і падпісанню Тыльзіцкага міру 1807.

т. 7, с. 170

ІЕ́НСКІЯ РАМА́НТЫКІ,

гурток ням рамантыкаў у 1707—1802 у г. Іена (браты А. і Ф.Шлегелі, Ф.Наваліс, Л.Цік, В.Г.Вакенродэр). Апіраючыся на філасофію І.Фіхтэ і Ф.Шэлінга, стварылі філас., эстэт. і літ. тэорыю рамантызму (у т.л. тэорыю рамант. іроніі), якая атрымала еўрап. рэзананс. Бурж. рэчаіснасці яны супрацьпастаўлялі ідэю пераўтварэння свету пры дапамозе мастацтва, «аўтаномію» творчага «я».

Літ.:

Дмитриев АС. Проблемы иенского романтизма. М., 1975.

т. 7, с. 170

ІЕРАМАНА́Х (грэч. hieromonachos),

манах-святар. Свяшчэннаслужыцель сярэдняй (2-й) ступені хрысц. царк. іерархіі, які прыняў манаства. Першапачаткова былі пазбаўлены сану свяшчэнства. З 5 ст. было дапушчана пасвячэнне ў свяшчэннікі манахаў. У Рус. правасл. царкве ўзнікненне іераманаства адносіцца да часоў Феадосія Пячэрскага (11 ст.).

т. 7, с. 170

ІЕРА́РХІЯ (грэч. hierarchia ад hierōs свяшчэнны + archē улада),

тып структурных адносін у складаных шматузроўневых сістэмах, які характарызуецца ўпарадкаванасцю, арганізаванасцю, узаемадзеяннем паміж асобнымі ўзроўнямі па вертыкалі. І. з’яўляецца строга вызначанай сістэмай размяшчэння частак або элементаў цэлага ад вышэйшага да ніжэйшага. Тэрмін ужываецца для характарыстыкі арг-цыі хрысц. царквы; у сацыялогіі — для абазначэння сац. структуры грамадства, бюракратыі; у агульнай тэорыі сістэм — для апісання любых сістэмных аб’ектаў; у тэорыі арг-цыі — прынцып кіравання; у лінгвістыцы адрозніваюць І. ўзроўняў (ярусаў) мовы; у графаў тэорыі іерархічны граф (т.зв. «дрэва»).

т. 7, с. 170

ІЕРА́РХІЯ ў прыродзе,

супадпарадкаванне функцыянальных сістэм Сусвету, пры якім меншыя падсістэмы складаюць большыя, а апошнія з’яўляюцца падсістэмамі больш буйных сістэм ці надсістэм. Надсістэма ўзнікае ў выніку множнасці прынцыпова падобных сістэм або несістэмных блокаў з утварэннем у зноў сфарміраванай сукупнасці асаблівых, больш складаных якасцей. У аснове іерархічных узаемасувязей з’яў, працэсаў і прадметаў у прыродзе знаходзіцца міграцыя хім. элементаў атмасферы, гідрасферы, літасферы і жывой матэрыі. Вял. значэнне ў пераносе элементаў у прыродзе належыць жывым арганізмам, якія ажыццяўляюць абмен рэчываў з абіятычным (нежывым) асяроддзем.

Экасістэмы кожнага ўзроўню арганізацыі маюць свой кругаварот рэчываў. У арган. свеце І. выяўляецца ў канкурэнтнай барацьбе за прастору, ваду, сонечнае святло і інш. фактары і праяўляецца ў колькасных суадносінах паміж асобінамі і папуляцыямі. У жывёл І. вызначае сістэму паводзінскіх сувязей паміж асобінамі ў групе (І. эталагічная). Гэтая сувязь рэгулюе ўзаемаадносіны і доступ да корму, сховішча, асобін процілеглага полу (дарослыя дамінуюць над маладымі, самцы над самкамі). Можа быць няўстойлівая, зменная ў залежнасці ад абставін (адноснае дамінаванне), або цвёрдая, устойлівая ў часе (абс. дамінаванне).

т. 7, с. 170

ІЕРАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,

гл. ў арт. Егіпецкае пісьмо.

т. 7, с. 171