Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЛЛІ́НІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак» у ВКЛ. Паходзілі, магчыма, з правасл. баярства Северскай зямлі. У сярэдзіне 15 ст. вядомы Яцка І., які атрымаў ад вял. князя Казіміра пацвярджэнне «отчины и дедины» ў Старадубскім і Радагошчанскім пав., с. Пожанка ў Клецкім княстве. Верагодна, яго братам быў Іван I. (? — каля 1490), намеснік драгічынскі (каля 1475), віцебскі (1482), смаленскі (1487). У канцы жыцця набыў Мір. Меў сыноў Мікалая і Юрыя, ад якіх пайшлі дзве галіны роду. Мікалай (? — каля 1500) быў намеснікам мінскім (1494), маршалкам гаспадарскім (1495), намеснікам смаленскім (1499). Юрый (? — 1527) быў маршалкам гаспадарскім і намеснікам лідскім (1500, паўторна прызначаны ў 1510), брэсцкім (1510), ковенскім (1514), маршалкам дворным (1519). Каля 1510 пабудаваў Мірскі замак. Яго ўнук Юрый (каля 1535 — каля 1565), апошні прадстаўнік роду І., з 1555 карыстаўся тытулам графа на Міры. Асн. маёнткі роду перайшлі да Радзівілаў.

В.Л.Насевіч.

т. 7, с. 197

І́ЛЛІЧ-СВІ́ТЫЧ (Уладзіслаў Маркавіч) (12.9.1934, Кіеў — 22.8.1966),

рускі мовазнавец-кампаратывіст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). Канд. філал. н. (1963). Абгрунтаваў настратычную тэорыю (гл. Настратычныя мовы) роднасці індаеўрап., картвельскіх, семіта-хаміцкіх, дравідыйскіх, уральскіх і алтайскіх моў; стварыў параўнальны слоўнік агульных каранёў «Спроба параўнання настратычных моў» (т. 1, 1971). Аўтар фундаментальнай працы «Іменная акцэнтуацыя ў балтыйскім і славянскім» (1963), этымалагічных і параўнальна-фанет. даследаванняў па слав. і балт. мовах, індаеўрапеістыцы.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 222—226.

т. 7, с. 197