Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІО́С ((Jooss) Курт) (12.1.1901, г.Васеральфінген, Германія — 29.5.1979),

нямецкі артыст балета, балетмайстар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў экспрэсіянізму ў танцы. Вучыўся ў Вышэйшай муз. школе ў Штутгарце (1919—21). З 1921 з Р. фон Лабанам працаваў у т-рах Мангейма і Гамбурга, балетмайстрам дзярж. т-ра ў Мюнстэры. Арганізатар (1927) і кіраўнік (1949—68) аддзялення танца «Фолькванг-шуле», адначасова балетмайстар трупы «Фолькванг-балет» у Эсене. У 1933 са сваёй трупай «Бале Іос» эмігрыраваў у Англію, адкрыў там уласную школу. Як балетмайстар-наватар стварыў танц. драму новага тыпу, сінтэзаваў танец мадэрн з тэхнікай класічнага танца і драм. пантамімы. Сярод лепшых пастановак: «Зялёны стол» на муз. Ф.​Коэна (1932, 1-я прэмія на міжнар. конкурсе харэографаў у Парыжы), «Блудны сын» Коэна (1933), «Кампанія на заезным двары» на муз. Л.​Бетховена—Кука (1943), «Пандора» Герхарда (1974). Творчасць І. зрабіла вял. ўплыў на развіццё харэаграфічнага мастацтва многіх краін.

т. 7, с. 298

ІО́СІФА-ВАЛАКАЛА́МСКІ МАНАСТЫ́Р, Волацкі Успенскі Іосіфаў манастыр,

помнік архітэктуры 15—17 ст., за 20 км ад г. Валакаламск Маскоўскай вобл. Засн. як мужчынскі ў 1479 Іосіфам Волацкім. У складзе арх. ансамбля: каменныя сцены з шатровымі вежамі (1543—66, перабудаваны ў 17 ст.), Петрапаўлаўская надбрамная царква, трапезная з царквой Богаяўлення, Успенскі сабор (усе 17 ст.) у «нарышкінскім» стылі з кафляным фрызам «вока паўліна» (майстар С.​Палубес), 9-ярусная званіца (1490, перабудавана ў 1670-я г.). Пасля 1917 музей.

т. 7, с. 299

ІО́СІФ ФЛА́ВІЙ (Josephus Flavius; яўр. Іосеф бен Матыт’яху; 37, Іерусалім, Ізраіль — пасля 100),

старажытнаяўрэйскі гісторык. У час іудзейскай вайны 66—73 военачальнік у Галілеі. Пасля паражэння каля крэпасці Іатапата (67) перайшоў на бок рымлян. У Рыме атрымаў правы грамадзяніна і прызначаны гістарыёграфам Флавіяў (узяў іх радавое імя). Аўтар твораў «Іудзейская вайна», «Іудзейскія старажытнасці», «Аб старажытнасці іудзейскага народа. Супраць Апіёна», «Жыццё», у якіх выкарыстоўваў і цытаваў шмат каштоўных крыніц і дакументаў, якія не дайшлі да нашага часу.

Тв.:

Рус. пер. — Иудейская война. Мн., 1991;

Иудейские древности. Т. 1—2. Мн., 1994.

т. 7, с. 299

ІО́СІФ II (Joseph; 13.3.1741, Вена — 20.2.1790),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» з 1765 (у 1765—80 суправіцель Марыі Тэрэзіі, сваёй маці). Прадстаўнік т.зв. асветнага абсалютызму. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочвання мануфактур, адмяніў прыгон, увёў адзіны пазямельны падатак, абмежаваў самастойнасць каталіцкай царквы ў аўстр. землях, часткова секулярызаваў царк. землеўладанне, садзейнічаў развіццю свецкай школы. У 1781 выдаў т.зв. талерантны патэнт аб свабодзе веравызнання. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў выніку шэрагу паражэнняў (у т. л. ў вайне з Турцыяй 1788—91) скасаваў некат. свае рэформы. Ініцыятар удзелу Аўстрыі ў 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772).

т. 7, с. 299

ІО́СЬКА (Міхаіл Іванавіч) (5.3.1929, в. Бародзічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.2.1986),

бел. філосаф, гісторык, літаратар. Канд. філас. н. (1966). Скончыў БДУ (1954). У 1957—63 працаваў журналістам у Самаркандзе. З 1966 выкладчык БДУ. З 1984 у Мінскім Ін-це культуры. Вывучаў нац. адносіны, светапогляд вучонага і рэвалюцыянера М.​Судзілоўскага, бел. пытанне ў працах К.​Маркса і Ф.​Энгельса, малавядомыя старонкі бел. культуры. Аўтар дакумент. аповесцей пра старшыню СНК Туркестанскай АССР У.​Д.​Фігельскага, кіраўніка антыфаш. падполля ў Нарвегіі ў 2-ю сусв. вайну М.​Садоўнікава.

Тв.:

Белоруссия и Узбекистан. Мн., 1970;

Николай Судзиловский-Руссель: Жизнь, рев. деятельность и мировоззрение. Мн., 1976;

К.​Маркс, Ф.​Энгельс и революционная Белоруссия. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 7, с. 299