Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ІПУМЕ́ЙКА Мікалай Максімавіч (н. 22.9.1942, г. Дуброўна Віцебскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Маскоўскі ун-т (1966). З 1970 у БДУ (з 1986 нам. дырэктара НДІ ядз. праблем, з 1993 дырэктар Нац. навукова-вучэбнага цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій). Навук. працы па ядз. фізіцы і фізіцы высокіх энергій. Распрацаваў універсальны каварыянтны метад разліку радыяцыйных эфектаў у калібровачнай квантавай тэорыі поля (метад Бардзіна—Ш.), алгарытмы і праграмы ўліку радыяцыйных эфектаў.

Тв.:

On an exact calculation of the lowestorder electromagnetic correction to the point particle elastic scattering (разам з Дз.​Ю.​Бардзіным) // Nuclear Physics. 1977. Vol. B127, №2;

О приближенном вычислении электромагнитных поправок к глубоконеупругому LN-рассеянию // Ядерная физика 1979. Т. 29, вып. 6;

Radiative effects in deep inelastic scattering of polarized leptons by polarized light nuclei (разам з І.​В.​Акушэвічам) // J.Physics. G. Nucl. part. phys. 1994. Vol. 20.

т. 17, с. 485

І́ПУЦЬ,

рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., Смаленскай і Бранскай абл. Расіі, левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 437 км (у межах Беларусі 64 км). Пл. вадазбору 10 900 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Нядзведзь Клімавіцкага р-на. Асн. прытокі Надва, Унеча (злева), на Беларусі — Няцёша, Харапуць (злева), Ачоса (справа). Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевыя ўчасткі ў Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад г. Сураж да вусця 4—8 км. Пойма двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу, шыр. ад 200 м да 3,5 км. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да мяжы з Расіяй на працягу каля 24 км, ніжэй звілістае, шыр. яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. да 2 м. Замярзае ў 1-й пал. снеж., крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. На рацэ каля в. Цімошкі Клімавіцкага р-на плаціна і сажалка, плаціна ў г. Добруш. Гарады: Сураж (Расія), Добруш.

Рака Іпуць каля Добруша.

т. 7, с. 302