«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,

легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел. дэпутатаў: І.Дварчанін, Я.Гаўрылік, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (з лют. 1929 П.Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.

І.П.Хаўратовіч.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)