«ЗМАГА́ННЕ»,

газета дэмакратычнага кірунку. Орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 28.10.1923 да 31.1.1924 два разы, з № 8 тры разы на тыдзень у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец М.Шыла. Асвятляла эканам. становішча ў Зах. Беларусі, пытанні нац.-вызв. руху, развіцця асветы, нац. мастацтва і культуры. Крытыкавала палітыку ўрада Польшчы за сац. і нац. ўціск, пагардлівыя адносіны да бел. мовы, школы, культуры, за фін. нестабільнасць у краіне. Заклікала да стварэння рабоча-сял. партыі. Друкавала літ.-публіцыстычныя нарысы, рэцэнзіі на кнігі, навук.-папулярныя творы. У газ. друкаваліся М.Краўцоў, А.Луцкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, У.Самойла і інш. Выйшаў 31 нумар, з іх 2 канфіскаваны.

Апошні нумар — газета-аднадзёнка «Нашае змаганне» — выйшаў 3.2.1924. Закрыта польскімі ўладамі.

С.В.Говін.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)