ЗБАН,

ганчарны выраб у беларусаў; гліняная пасудзіна для захоўвання малака і інш. вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай-літком і ручкай. Лакальныя адрозненні ў прапорцыях сілуэта такія ж, як і ў гарлачоў. У зах. раёнах Беларусі З. рабілі на 3—6 л з вельмі шырокім вусцем і выкарыстоўвалі яго ў якасці даёнкі. Выраблялі З. пераважна чорназадымленыя і паліваныя, аздаблялі лінейна-хвалістымі ўзорамі, глянцаваным арнаментам у елачку, геам. і расліннай падпаліўнай ангобнай размалёўкай.

Збаны.

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)