ЗААЗЕ́Р’Е,
гідралагічны заказнік на тэр. Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. Створаны ў 1968 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотнага масіву з тыповай для міжрэччаў стратыграфіяй тарфянікаў. Пл. 4286 га (1997). Размешчаны на Цэнтральнабярэзінскай раўніне і займае ч. Друць-Бярэзінскага міжрэчча. Размешчаны на вярховым балоце. У цэнтры пераважаюць хваёва-кусцікавыя раслінныя асацыяцыі, у паўн. ч. — градава-багнавыя комплексы расліннасці. На ўскраінах пашыраны хваёва-бярозава-пушыцава-сфагнавыя асацыяцыі. На мінер. участках пераважаюць бярозава-асінавыя лясы. У флоры заказніка каля 100 відаў раслін, у т.л. ахоўныя чубатка пустая і зубніца клубняносная.
т. 6, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)