Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЯГКО́ВА (Людміла Міхайлаўна) (н. 26.4.1929, С.-Пецярбург),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Жонка У.С.Мурахвера. Скончыла Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.Мухінай (1959). З 1959 на шклозаводзе «Нёман» (з 1973 гал. мастак). Працуе ў галіне маст. шкла. Творы вылучаюцца багаццем пластычных і колеравых вырашэнняў, стылізацыяй класіцыстычных форм і дэкораў, выяўл. вобразнасцю; выразнымі сілуэтнымі лініямі пасудзін. Аўтар набораў «Квахтуха» (1964), «Народны» (1966), «Бурштын» (1971), «Юбілейны» (1972), «Птушыны двор» (1980), кампазіцый «Казка «Царэўна Жаба» (1971), «Вясна» (1975), «Фанфары», «Ляціце галубы» (абедзве 1977), «Вецер» (1981), «Кветкі на асфальце» (1983), «Вечна жывым», «Партызанская вясна», «Кветкі лугавыя» (усе 1984), «Жыццё перамагае», «Беражыце мір» (абедзве 1985), «Веснавая песня»; «Ёлкі», «Дэкаданс», «Ахвяры» (усе 1989), «Перазвон» (1989—99), «Рэнесанс» (1990), «Антык» (1992—99), «Тайга» (1993), «Туманная раніца», «Асноўныя колеры», «Іней» (усе 1999), сервізаў «Чырвона-белы» (1982), «Беларускі» (1986), «Манастырскі» (1989), ваз, дэкар. графінаў, бутляў і інш. Сярэбраны медаль АМ СССР (1990).

М.М.Яніцкая.

Л.Мягкова. Кветкі лугавыя. 1984.

т. 11, с. 63

МЯГКО́Ў (Андрэй Васілевіч) (н. 8.7.1938, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1976). Нар. арт. Расіі (1986). Скончыў Ленінградскі хіміка-тэхнал. ін-т (1961), Школу-студыю МХАТ (1965). З 1965 у маскоўскім т-ры «Сучаснік», з 1977 у МХАТ (з 1989 імя А.Чэхава). Стварае вобразы тонкай псіхалагічнай распрацоўкі, афарбаваныя мяккім гумарам і іроніяй: Рэпецілаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Вайніцкі, Трыгорын, Кулыгін («Дзядзька Ваня», «Чайка», «Тры сястры» А.Чэхава), Барон («На дне» М.Горкага), Валерый («Мішаў юбілей» А.Гельмана і Р.Нельсана) і інш. З 1965 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Браты Карамазавы» (1969), «Іронія лёсу, ці З лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Летаргія» (1983), «Пасляслоўе» (1984), «Ад зарплаты да зарплаты» (1985), «Апошняя дарога» (1986), «Кантракт са смерцю» (1999) і інш.

т. 11, с. 64

МЯГУ́НЫ,

вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., каля аўтадарогі Паставы — Лынтупы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Паставы, 277 км ад Віцебска. 298 ж., 99 двароў (1999). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Капліца. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВУ́ХА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Дзіванна.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВУ́ШКА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Талакнянка.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЖАЯ ЦЫБУ́ЛЯ,

кветкавая расліна, тое, што чарамша.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг з 6 астравоў (Крастоўскі, Лявонцьева, Чатырохсталбавы, Пушкарова, Лысава і Андрэева) ва Усх.-Сібірскім м., на Пн ад вусця р. Калыма. У Рэсп. Саха (Якуція, Расія). Агульная пл. каля 60 км2. Выш. да 273 м (на в-ве Крастоўскі). Камяністыя арктычныя тундры.

т. 11, с. 64

«МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПАЦЕ́ХІ»,

«мядзведжыя камедыі», паказы скамарохаў — дрэсіроўшчыкаў мядзведзяў. Пашыраны ў 16—19 ст. у Расіі, Польшчы. У Беларусі школы дрэсіроўкі мядзведзяў існавалі ў ваколіцах Гродна, Нясвіжа, Мінска, Ракава, на Палессі, найб. папулярная сярод іх была т.зв. «Смаргонская акадэмія». Бел. дрэсіроўшчыкі мядзведзяў упершыню ўпамінаюцца ў пач. 16 ст., калі «мядзведнікаў» абкладалі спец. падаткам. Існаваў асаблівы рэпертуар «М.п.», які складаўся з быт. сцэнак, анекдотаў, жартаў; выкарыстоўваўся спец. рэквізіт (палкі, бубен, шапкі). Паказы суправаджаліся жартамі і прымаўкамі павадыра, часта спалучаліся з выступленнямі скамарохаў-акрабатаў, лялечнікаў і музыкантаў. Разам з «мядзведжым цкаваннем» і «мядзведжай бойкай» уваходзілі ў мядзведжыя гульні. Павадыры з «вучонымі» мядзведзямі з Беларусі хадзілі па кірмашах Расіі, Венгрыі, Германіі, Італіі і Скандынавіі. Апошнія паказы «М.п.» зафіксаваны ў пач. 20 ст.

І.Ю.Ягорава.

«Мядзведжыя пацехі». Гравюра 1555.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПЯЧО́РЫ,

група помнікаў эпохі мусцье, у якіх адлюстраваліся раннія сімвалічныя ўяўленні чалавека. У М.п. захоўваліся галовы і канечнасці мядзведзя пячорнага, які быў адным з асн. аб’ектаў палявання стараж. чалавека, галоўным сапернікам у міжвідавым супрацьстаянні з ім, таму займаў выключнае месца ў светапоглядзе палеаантрапа. М.п. распаўсюджаны ад Іспаніі да Чарнаморскага і Каспійскага ўзбярэжжаў Каўказа. Напр., у пячоры Драхенлох (Швейцарыя) выяўлены каменныя скрыні з чарапамі мядзведзя, пакладзенымі ў пэўным парадку па 3—4 і болей; у пячоры Рэгурду (Францыя) знойдзена неандэртальскае пахаванне, побач з якім у яме, накрытай каменнай плітой, знаходзіліся чарапы і разбітыя косці мядзведзя. М.п. лічаць прасцейшай зародкавай формай у генезісе анімалізму.

Т.С.Скрыпчанка.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЗЕВА (Глафіра Антонаўна) (н. 2.1.1911, в. Кабылянка Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне патафізіялогіі. Д-р мед. н., праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1966). Скончыла Маскоўскі пед. (1933) і Віцебскі мед. (1940) ін-ты. У 1948—69 заг. кафедры, адначасова ў 1961—65 рэктар Віцебскага мед. ін-та. Навук. працы па ролі нерв. сістэмы ў патагенезе хвароб і кампенсацыі парушаных функцый, вострай ныркавай недастатковасці.

Тв.:

Роль нервной системы в механизме восстановления функций организма при смертельных кровопотерях (разам з Р.М.Прусам) // Вестн. хирургии им. Грекова. 1951. Т. 71, № 4.

т. 11, с. 64