Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЫ́ЕЎКІ, чайкі трохпальцыя (Rissa),

род птушак сям. чаек. 2 віды: М. звычайная (R. tridactyla) і М. чырвананогая, або гаварушка (R. brevirostris). Пашыраны ў паўн. ч. Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Чародкамі вандруюць па морах. У перыяд размнажэння ўтвараюць паселішчы на скалах і астравах. Разам з кайрамі М. складаюць асн. насельніцтва птушыных кірмашоў.

Даўж. да 40 см, маса да 400 г. Спіна і крылы зверху блакітнавата-шэрыя, махавыя пёры чорныя, з белымі плямамі на вяршынях. астатняе апярэнне белае. Кормяцца дробнай рыбай і беспазваночнымі. Нясуць 2—3 яйцы.

Э.Р.Самусенка.

Мыеўка звычайная.

т. 11, с. 48

МЫ́ЗА (ад эст. môis),

асобная сядзіба з с.-г. пабудовамі, хутар у Эстоніі і інш. краінах Усх. Прыбалтыкі. Да пач. 20 ст. назва М. зрэдку ўжывалася ў адносінах да хутароў і фальваркаў на тэр. Беларусі.

т. 11, с. 48

Мызгін Аляксандр Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 431

МЫ́ЙНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ,

сукупнасць фізіка-хім. працэсаў, якія прыводзяць да ачысткі паверхні розных рэчаў (звычайна валокнаў, тканіны) ад забруджванняў (тлушчу, пылу, сажы, бялковых і інш. рэчываў). Характэрнае для міцэлярных водных раствораў мылаў і сінт. мыйных сродкаў, абумоўленае іх высокай паверхневай актыўнасцю і здольнасцю стабілізаваць часцінкі забруджванняў у аб’ёме мыйнага раствору.

Уключае 2 асн. стадыі: поўнае змочванне забруджанай паверхні мыючай вадкасцю, што ажыццяўляецца пад уздзеяннем любых паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР) і прыводзіць да пераходу часцінак забруджванняў у мыючы раствор, і стабілізацыя часцінак, якія ўтварыліся ў выніку адсорбцыі на іх ПАР і ўтварэння адсарбцыйна-сальватных слаёў, што прадухіляюць узбуйненне часцінак і іх паўторнае наліпанне на ачышчаную паверхню. Стабілізацыя абумоўлена міцэлаўтварэннем. Утварэнне міцэл ПАР у мыйным растворы прыводзіць да паглынання забруджванняў у працэсе салюбілізацыі (калоіднага растварэння). М.д. ўзмацняецца мех. уздзеяннем на паверхні рэчаў, якія адмываюцца.

Ф.М.Капуцкі.

т. 11, с. 48

МЫ́ЙНЫЯ СРО́ДКІ,

рэчывы ці сумесі рэчываў, якія ў растворах аказваюць мыйнае дзеянне і выкарыстоўваюцца для ачысткі ад забруджванняў паверхняў розных рэчаў.

Аснова М.с. — паверхнева-актыўныя рэчывы, здольныя да міцэлаўтварэння (гл. Міцэлы). Найб. важнымі з’яўляюцца М.с., прызначаныя да выкарыстання ў водным асяроддзі. Да іх адносяць мылы і шматкампанентныя кампазіцыі сінт. М.с. (СМС), якія не трацяць мыйнай здольнасці ў жорсткай вадзе. Аснова большасці з іх — солі сульфакіслот (найб. пашыраны алкілбензолсульфанаты) і кіслых сульфаэфіраў. Кампазіцыі СМС уключаюць дапаможныя рэчывы (неарган. электраліты), што паляпшаюць мыйнае дзеянне, а таксама спец. дабаўкі (ферменты, бактэрыцыды, стабілізатары пены, пахучыя рэчывы, антыаксіданты і інш.). Вырабляюць М.с. вадкія, пастападобныя, цвёрдыя (кавалкі, гранулы, парашкі). Выкарыстоўваюць у быце для мыцця бялізны, посуду, шкла, керамічных і інш. вырабаў, як сродкі асабістай гігіены (шампунь, зубная паста), у тэхніцы (тэхн. М.с.) для мыцця розных механізмаў і машын.

Ф.М.Капуцкі.

т. 11, с. 49

МЫ́ЛЕНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

на мяжы Расонскага р-на Віцебскай вобл. і Пскоўскай вобл. (Расія), у бас. р. Чарапяціца, за 6 км на Пн ад г.п. Расоны. Пл. 0,95 км², даўж. 3,1 км, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі 6,7 км. Праз возера цячэ р. Чарапяціца (злучае з Чарапецкім воз.).

т. 11, с. 49

МЫ́ЛЫ,

солі вышэйшых (з 12—22 атамамі вугляроду ў малекуле) тлустых, а таксама нафтэнавых і смаляных кіслот; у вытв-сці і быце — тэхн. сумесі водарастваральных (пераважна натрыевых і каліевых) солей стэарынавай, пальміцінавай, мірысцінавай, лаўрынавай і алеінавай кіслот.

Малекулы М. складаюцца з непалярных (вуглевадародных) і палярных (іонагенных) частак. Пры пэўнай канцэнтрацыі раствору, якая наз. крытычнай канцэнтрацыяй міцэлаўтварэння, малекулы М. ўтвараюць сферычныя часцінкі з некалькіх дзесяткаў малекул (міцэлы), вуглевадародныя радыкалы якіх арыентаваныя ўнутр міцэлы, складаюць яе ядро, а палярныя часткі ўтвараюць паверхневы слой. Міцэлаўтварэннем і высокай паверхневай актыўнасцю М. абумоўлена іх мыйнае дзеянне. М. бываюць цвёрдыя, вадкія, мяккія (пастападобныя) і парашкападобныя. Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца на гасп., туалетныя і тэхнічныя. Атрымліваюць М з тлустых алеяў, жывёльных (цвёрдых і вадкіх) тлушчаў, а таксама сінт. тлустых кіслот. Тэхн. працэс атрымання М. (мылаварэнне) складаецца з варкі і перапрацоўкі ў таварны прадукт. Пры варцы М. зыходныя тлушчы амыляюць (гл. Амыленне) шчолаччу (пераважна гідраксідам натрыю NaOH). Прадукт варкі — мыльны клей (аднародная вязкая вадкасць, гусцее пры ахаладжэнні) перапрацоўваюць у М. гасп. і туалетныя. Цвёрдыя гасп. М. (маюць 40—72% асн. рэчыва) атрымліваюць ахаладжэннем мыльнага клею. Ачысткай мыльнага клею атрымліваюць мыльнае ядро, з якога вырабляюць М. вышэйшых гатункаў — ядровыя. Для вытв-сці цвёрдых туалетных М. выкарыстоўваюць дадаткова ачышчанае ядро, зваранае з лепшай (паводле саставу) тлушчавай сыравіны. Туалетныя М. звычайныя маюць дабаўкі фарбавальнікаў, антыаксідантаў і інш. спец. рэчываў. Выкарыстоўваюць у быце (гасп. і туалетныя М. — асн. мыйны сродак). прам-сці для стабілізацыі эмульсій, як эмульгатары, кампаненты змазачна-ахаладжальных вадкасцей, флотарэагентаў і інш. Прамысл. спосаб вытв-сці М. з выкарыстаннем кальцыніраванай соды вядомы з канца 18 ст.

Ф.М.Капуцкі.

т. 11, с. 49

МЫ́ЛЬНАЕ ДРЭ́ВА (Sapindus),

род кветкавых раслін сям. сапіндавых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў тропіках Азіі і Амерыкі. Культывуюць у тропіках і субтропіках Для атрымання сапанінаў.

Вечназялёныя ці лістападныя дрэвы. Лісце чаргаванае, перыстае. Кветкі ў мяцёлчатым суквецці. Плады багатыя сапанінамі (да 38%) і выкарыстоўваюцца як заменнік мыла. Часам М.д. наз. кёльрэйтэрыю мяцёлчатую (дрэва таго ж сям.), мае сапаніны ў кары.

Мыльнае дрэва.

т. 11, с. 49

МЫ́ЛЬНІК,

сапанарыя (Saponaria), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды: М. лекавы — мыльны корань, ці сабачае мыла (S. officinalis), і інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН — М. базілікападобны (S. ocymoides). Трапляецца ў хмызняках, на лясных палянах, па берагах рэк.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Сцёблы голыя ці апушаныя, прамастойныя, ляжачыя або прыўзнятыя. Карані пры расціранні ў вадзе мыляцца і даюць пену (адсюль назва). Лісце шырокалінейнае ці лопасцевае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані М. лекавага (т.зв. чырв. мыльны корань) маюць сапаніны, слізь і выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі, для мыцця шэрсці і шоўку, вырабу халвы, шыпучых напіткаў, піва. У кветкаводстве вырошчваюць махровыя формы.

Мыльнік лекавы.

т. 11, с. 49

МЫ́ЛЬНІКАЎ (Андрэй Андрэевіч) (н. 22.2.1919, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія),

расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1968). Нар. мастак СССР (1976).

Акад. АМ СССР (1966). Герой Сац. Працы (1989). Віцэ-прэзідэнт Рас. АМ (з 1997). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946), выкладае ў ім (з 1967 праф.). З 1962 кіраўнік творчай майстэрні Рас. АМ. Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў быт. і гіст. жанрах, пейзажы, партрэце, а таксама ў манум.-дэкар. мастацтве, графіцы, скульптуры. Творы вызначаюцца драм.-эмацыянальным ладам, кампазіцыйнай яснасцю, яркасцю каларыту: «Партрэт маці» (1947), «На мірных палях» (1951), «Партрэт дачкі» (1955, 1964), «Белая ноч» (1963), «Партрэт С.Канёнкава» (1970), «Даша» («Прынцэса», 1971), «Раніца» (1972), «Развітанне» (1975), «Іспанскі трыпціх» («Распяцце», «Карыда», «Смерць Гарсія Лоркі», 1979—83), «Цішыня» (1987), «Распяцце» (1995) і інш. Аўтар мазаік для станцый метрапалітэна (1955) і манум. размалёвак ў Т-ры юнага гледача (1962) у С.-Пецярбургу. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1977. Ленінская прэмія 1984.

Літ.:

Каганович А.Л. А.А.Мыльников. Л., 1980;

А.А.Мыльников: [Альбом]. Л., 1977.

А.Мыльнікаў. Карыда. Цэнтральная частка «Іспанскага трыпціха». 1979.

т. 11, с. 49