Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЫС,

участак сушы, які ўдаецца ў мора, возера або раку. Устойлівыя М. звычайна складзены з карэнных парод. М. нізкіх участкаў сушы з’яўляюцца канцавой часткай акумулятыўных берагавых форм. Англ. аналаг М. — кейп часам служыць састаўной часткай геагр. назваў (напр., г. Кейптаўн).

т. 11, с. 50

МЫСАЎСКО́Й (Міхаіл Паўлавіч) (1856, с. Альшанка, Саратаўская губ., Расія — ?),

рускі журналіст, публіцыст і крытык. З канца 1870-х г. жыў на Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, у рэдагаванні газ. «Минский листок». Лектар, папулярызатар творчасці класікаў рус. л-ры. У 1902—05 рэдактар-выдавец газ. «Северо-Западный край», дзе 15.5.1905 змешчаны першы друкаваны твор Я.Купалы — верш «Мужык». У чэрв. 1905 за публікацыю ў газеце рэв. матэрыялаў арыштаваны і высланы ў г. Пінега Архангельскай губ., у ліст. па амністыі вярнуўся ў Мінск, уступіў у Мінскую арг-цыю РСДРП. Аўтар апавяданняў і нарысаў («У няволі», 1905), крытычных артыкулаў. Крытыкаваў прыхільнікаў фармалізму і дэкадэнцтва ў рус. і зах.-еўрап. л-ры. Падкрэсліваў неабходнасць адрозніваць сімвалізм як дэкадэнцкую плынь у л-ры ад сімвалізму як маст. сродку рэалізму. У 1913—14 у Маскве, супрацоўнічаў у друку.

Літ.:

Рожин Н.В. Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг. Мн., 1970;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972. С. 224—243.

У.М.Конан.

т. 11, с. 50

МЫ́СЛЕННЕ,

форма духоўнай, пазнавальна-творчай дзейнасці чалавека, якая заключаецца ў мэтанакіраваным, апасродкаваным і абагульненым пазнанні прадметаў, з’яў і працэсаў і дае ўяўленне аб іх сутнасці, уласцівасцях, сувязях і адносінах; найвышэйшая ступень чалавечага пазнання. З’яўляецца функцыяй чалавечага мозга, уяўляе сабой прыродны працэс, не існуе па-за грамадствам, па-за мовай і па-за ведамі, што назапашаны чалавецтвам, а таксама па-за выпрацаванымі спосабамі і метадамі мысліцельнай дзейнасці — лагічнымі, матэматычнымі і інш. Чалавек здольны ўтвараць агульныя паняцці і іх сістэмы (тэорыі), рабіць лагічныя вывады і доказы. Вынікам М. з’яўляюцца: пастаноўка і вырашэнне практычных і тэарэт. праблем, пазнанне заканамернасцей развіцця прыроды, грамадства і самога М., прагназаванне падзей і дзеянняў. Здольнасць чалавека да М. дазваляе атрымліваць веды пра ўласцівасці, сувязі і адносіны аб’ектаў, якія недаступны непасрэднаму эмпірычнаму пазнанню, вызначаць магчымасці іх развіцця, рабіць лагічна абгрунтаваныя вывады, накіраваныя на рэгуляванне жыццядзейнасці грамадства і чалавека (дзейнасці, паводзін і адносін), на далейшае развіццё самога М. Можа быць канкрэтным або абстрактным у залежнасці ад накіраванасці на канкрэтныя ці ідэальныя прадметы. М. — гэта не «чыста» суб’ектыўная інтэлектуальная здольнасць і актыўнасць чалавека. Кожны асобны індывід становіцца суб’ектам М., калі ён авалодае паняццямі, логікай, мовай, якія самі з’яўляюцца прадуктам развіцця грамадска-гіст. практыкі і культуры. Грамадскія ўмовы, у якіх жыве чалавек, і культура — гэта не знешнія дэтэрмінанты М., а яго «ўнутраная форма», якая вызначае розныя тыпы сацыяльнасці і культуры М. Як вельмі складаны феномен М. з’яўляецца аб’ектам вывучэння розных навук: філасофіі (вывучае формы і законы М.), фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці (вывучэнне фізіял. апарата і механізмаў М.), гнасеалогіі (аналіз суб’ектыўнага і аб’ектыўнага, пачуццёвага і рацыянальнага, эмпірычнага і тэарэт.), логікі (навукі аб формах, правілах і аперацыях М), а таксама псіхалогіі, сацыялогіі, лінгвістыкі, кібернетыкі і інш. навук.

Веды аб М. з’явіліся спачатку ў рамках філасофіі і прывялі да вычлянення М. з агульнай сукупнасці псіхічных працэсаў. Пытанне аб прыродзе М., узаемаадносінах М. і быцця было цэнтр. праблемай у гісторыі філас. думкі (гл. Свядомасць, Матэрыялізм, Ідэалізм). Змест і катэгарыяльная структура М. ўдасканальваюцца з развіццём пазнання і грамадскай дзейнасці чалавека, яго патрэб і інтарэсаў. У гісторыі чалавецтва вядомы розныя тыпы М.: магічнае, архаічнае, сімвалічнае, паняційнае, лагічнае і інш. У філасофіі былі і ёсць розныя падыходы да разумення прыроды і сутнасці М.: дыялект. матэрыялізм разглядае М. як вышэйшую ступень актыўнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці, а крытэрыем сапраўднасці М. лічыць практыку; неапазітывісцкія і інш. плыні аналіт. філасофіі вылучаюць на першы план фармальна-лагічныя аспекты М.; інтуітывісцкія, фенаменалагічныя і экзістэнцыялісцкія канцэпцыі разглядаюць М. як сузіранне ідэальных сутнасцей (фенаменалогія) або адмаўляюць здольнасць чалавека да рацыянальнага пазнання аб’ектыўнай рэчаіснасці (інтуітывізм, экзістэнцыялізм).

Літ.:

Брушлинский А.В., Поликарпов В.А. Мышление и общение. Мн., 1990;

Леви-Строс К. Первобытное мышление: Пер. с фр. М., 1994;

Мамардашвили М.К. Эстетика мышления. М., 1999.

А.І.Галаўнёў.

т. 11, с. 50

МЫСЛІВЕ́Ц (Валянцін Цімафеевіч) (9.5. 1937, в. Хазянінкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 25.6.1993),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на з-дзе ў Мінску (1959—64). З 1967 на Бел. радыё і тэлебачанні, у час. «Полымя», Бел. фондзе культуры і інш. Друкаваўся з 1962. Аўтар дакумент. аповесцей, нарысаў, апавяданняў: зб-кі «Дубы не маўчаць» (1967), «Мае заводчыкі» (1969), «Гарачая сталь» (1971), «Крылаты канвеер» (1975), «Партрэты знаёмых» (1976), «Скрыль мёду» (1984), «Каханне на золку» (1986), «Выгнанне грэшнікаў» (1990) і інш., у якіх узнімае праблемы развіцця горада і вёскі, тэму экалогіі асэнсоўвае як комплекс вытворчых і маральна-этычных праблем па захаванні і ўзбагачэнні нац. духоўнай спадчыны.

Тв.:

Мужанцы: З хронікі сорак пятага года. Мн., 1982.

В.Ц.Мыслівец.

т. 11, с. 50

МЫ́СЛІВЕЧАК ((Mysliveček) Іозеф) (9.8. 1737, Прага —4.2.1781),

чэшскі кампазітар. Музыцы вучыўся ў духоўных навуч. установах (1744—52), кампазіцыю вывучаў у Празе (з 1760) і гарадах Італіі (з 1763). Найб. плённа працаваў у оперным жанры. Яго оперная музыка спалучае рысы традыц. італьян. оперы-серыя і чэш. музыкі, адметная прыгажосцю і багаццем мелодый, майстэрствам вак. пісьма, рытмавай разнастайнасцю і маляўнічасцю гармоніі. У сімф. і камерных творах адчуваецца блізкасць да ранняй творчасці В.А.Моцарта, з якім М. быў асабіста знаёмы. Сярод твораў: каля 30 опер, у т. л. «Белерафонт» (паст. 1767), «Дэмафонт» (паст. 1769), «Мантэцума» і «Тамерлан Вялікі» (паст. 1771), «Міласэрнасць Ціта» (паст. 1773), «Эцый» (паст. 1775), «Арміда» (паст. 1779); араторыі на біблейскія сюжэты; канцэртная сімфонія; канцэрты для розных інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі і інш.

Літ.:

Шагинян М.С. И.Мысливечек. 2 изд. М., 1968;

Pečman R. J.Mysliveček. Praha, 1981.

т. 11, с. 51

МЫСЛІ́ЎСКІ ((Myśliwski) Веслаў) (н. 25.3.1932, в. Дзвікозы каля г. Сандамір, Польшча),

польскі пісьменнік. Скончыў Люблінскі ун-т (1956). У раманах «Голы сад» (1967, экранізацыя «Праз дзевяць мастоў», 1972), «Палац» (1970, экранізацыя 1979), «Камень на камень» (1984, экранізацыя 1995), «Далягляд» (1996) паказаны сял. культура як арган. частка нац. культуры, вясковы свет як свет сапраўдных каштоўнасцей. Аўтар драм «Злодзей» (1973), «Ключнік» (1978), «Дрэва» (1989). Для яго твораў характэрны філас.-міфалагічнае асэнсаванне рэчаіснасці, паэтычнасць, метафарычнасць, прытчавасць.

Тв.:

Рус. пер — Камень на камень. М., 1987.

С.Дз.Малюковіч.

т. 11, с. 51

«МЫСЛІ́ЦЕЛІ І АСВЕ́ТНІКІ БЕЛАРУСІ», аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1995. Змяшчае матэрыялы пра жыццёвы шлях і творчую дзейнасць прадстаўнікоў філас. і грамадскай думкі, асветнікаў краіны ад 10 да пач. 20 ст. Уключае больш за 650 біяграфій дзярж., грамадска-паліт. і рэліг. дзеячаў, філосафаў, педагогаў, вучоных розных галін навукі, вынаходнікаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, музыкантаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, прыродазнаўцаў, падарожнікаў, краязнаўцаў, удзельнікаў нац.-вызв. і рэв. руху (незалежна ад нац. прыналежнасці, веравызнання, грамадскай пазіцыі і светапогляду), якія зрабілі важкі ўклад у скарбонку айч. і сусв. культуры. Матэрыялы размеркаваны на 4 раздзелы: эпоха Полацкага і Тураўскага княстваў (10—12 ст.); эпоха Вялікага княства Літоўскага (13—16 ст.); эпоха Рэчы Паспалітай (17—18 ст.); Беларусь у складзе Рас. імперыі (19 ст.). Артыкулы ў раздзелах размешчаны ў алфавітным парадку. Асобна змешчаны ўрыўкі і фрагменты з некаторых твораў; у якасці пасляслоўя змешчаны арт. д-ра філас. н. А.С.Майхровіча «Ля вытокаў нацыянальнага адраджэння».

Даведнік мае імянны паказальнік і тлумачальны слоўнік тэрмінаў і філас. паняццяў, якія трапляюцца ў тэксце. Ілюстраваны партрэтамі дзеячаў, выявамі мясцін, звязаных з іх жыццём і творчасцю, фамільнымі гербамі, тытульнымі лістамі з кніг і інш.

Г.А.Маслыка.

«Мысліцелі і асветнікі Беларусі». Мінск, 1995. Вокладка.

т. 11, с. 51

МЫ́СЛЬБЕК ((Myslbek) Іозеф Вацлаў) (20.6.1848, Прага — 2.6.1922),

чэшскі скульптар; заснавальнік чэш. скульпт. школы пач. 20 ст. Вучыўся ў Празе ў майстэрнях Т.Сейдана (1864—66) і В.Левы (1867—70), у АМ (1868—72). Выкладаў у Маст.-прамысл. школе (з 1885) і АМ (1896—1919) у Празе. Зазнаў уплыў А.Радэна. У творчасці эвалюцыяніраваў ад рамантызму да рэалізму і неакласіцызму. Стварыў узнёслыя, манум. вобразы гіст. дзеячаў Чэхіі і герояў нар. эпасу, якія спалучаюць сімвалічную абагульненасць трактоўкі з жыццёвай канкрэтнасцю. Сярод твораў: дэкар. скульптуры партала Нац. т-ра (1871—72), скульпт. групы на мосце Ф.Палацкага (1881—97), помнік св. Вацлаву (1888—1912), партрэтная статуя кардынала Шварцэнберга ў саборы св. Віта (1891—95), помнік Ф.Л.Рыгеру (1903—14; усе ў Празе), статуі для будынка парламента ў Вене (пач. 1880-х г.), серыя алегарычных статуй «Музыка» (1892—1912), партрэтныя бюсты, надмагіллі і інш.

т. 11, с. 51

МЫСХА́КА,

мыс на Чорным м., на Пд ад г. Новарасійск (Расія). У Вял. Айч. вайну ў 1943 у раёне М. сав. дэсант захапіў плацдарм, названы «Малой Зямлёй». У раёне М. — мемарыяльны ансамбль.

т. 11, с. 51