МЫСАЎСКО́Й (Міхаіл Паўлавіч) (1856, с. Альшанка, Саратаўская губ., Расія — ?),
рускі журналіст, публіцыст і крытык. З канца 1870-х г. жыў на Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, у рэдагаванні газ. «Минский листок». Лектар, папулярызатар творчасці класікаў рус. л-ры. У 1902—05 рэдактар-выдавец газ. «Северо-Западный край», дзе 15.5.1905 змешчаны першы друкаваны твор Я.Купалы — верш «Мужык». У чэрв. 1905 за публікацыю ў газеце рэв. матэрыялаў арыштаваны і высланы ў г. Пінега Архангельскай губ., у ліст. па амністыі вярнуўся ў Мінск, уступіў у Мінскую арг-цыю РСДРП. Аўтар апавяданняў і нарысаў («У няволі», 1905), крытычных артыкулаў. Крытыкаваў прыхільнікаў фармалізму і дэкадэнцтва ў рус. і зах.-еўрап. л-ры. Падкрэсліваў неабходнасць адрозніваць сімвалізм як дэкадэнцкую плынь у л-ры ад сімвалізму як маст. сродку рэалізму. У 1913—14 у Маскве, супрацоўнічаў у друку.
Літ.:
Рожин Н.В. Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг. Мн., 1970;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972. С. 224—243.
У.М.Конан.
т. 11, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)