Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЕА́НДР,

геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб. пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.

т. 10, с. 244

МЕА́НДРЫ (ад грэч. Maiandros Меандр, стараж. назва вельмі звілістай ракі Вял. Мендэрэс у М. Азіі),

лукавіны, выгіны рэчышча ракі. Характэрны пераважна для раўнінных рэк. Утвараюцца ў выніку бакавой эрозіі пры размыванні берагоў водным патокам. Увагнуты, звычайна стромкі, бераг размываецца, а выпуклы нарошчваецца за кошт наносаў і ўтварэння водмелі. У выніку ў плане рака прымае звілістую петлепадобную форму. Часам вадацёк прарывае сабе новы больш кароткі шлях, а М. ператвараюцца ў старыцы. У горных і перадгорных абласцях, якія зазнаюць тэктанічныя падняцці, трапляюцца ўрэзаныя (рэліктавыя) М., абмежаваныя выступамі карэнных парод.

Меандры на рацэ Авача ў Камчацкай вобл. Расіі.

т. 10, с. 245

МЕАРЫ́Н (Mearim),

рака на ПнУ Бразіліі. Даўж. каля 800 км, пл. басейна 84 тыс. км². Вытокі на Пн Бразільскага пласкагор’я, перасякае Прыатлантычную нізіну. Упадае ў бухту Сан-Маркус Атлантычнага ак., утварае эстуарый, агульны з р. Піндарэ. У верхнім і сярэднім цячэнні парожыстая. Сярэдні расход вады каля 1200 м³/с. Суднаходная ў нізоўях.

т. 10, с. 245

МЕАТЫ́ДА (грэч. Maiōtis, лац. Maeotis, Meotis),

назва Азоўскага м. ў стараж. грэкаў і рымлян (7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), звязаная з назвай мясц. плямён меотаў.

т. 10, с. 245

МЕ́ВЕ (Яўген Барысавіч) (1.9.1908, Варшава — студз. 1989),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н., праф. (1965). Засл. дз. нав. Беларусі 1978. Скончыў Адэскі мед. ін-т (1931). У 1964—83 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па лячэбным пнеўматораксе, патагенезе і клініцы першаснага туберкулёзу, флюараграфіі і туберкулінадыягностыцы.

Тв.:

Туберкулез у лиц молодого возраста. Киев, 1964;

Туберкулинодиагносгика. Мн., 1970.

т. 10, с. 245

МЕ́ГА... (ад грэч. megas вялікі), 1) першая састаўная частка складаных слоў, што паказвае на вял. памер чаго-небудзь (напр., мегаспора, мегаліты).

2) Дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​6 зыходным адзінкам. Пазначаецца М. Напр., 1 МВт = 10​6 Вт, 1 МэВ = 10​6 эВ.

т. 10, с. 245

МЕГАБІЯСФЕ́РА (ад мега... + біясфера),

сукупнасць слаёў геаграфічнай абалонкі (трапасфера і ніжнія слаі стратасферы да выш. 25 км; гідрасфера, да глыб. больш за 10 км; верхняя ч. літасферы, да глыб. 15 км), дзе пастаянна або часова (выпадкова) прысутнічаюць сучасныя жывыя арганізмы, і слаёў т. зв. метабіясферы, дзе няма жывых арганізмаў, але ў мінулым яны перажывалі ўплыў «былых біясфер» і пераўтвораны жывым рэчывам або біягенамі. М. атаясамліваецца з паняццем «біясфера».

т. 10, с. 245

МЕГАБІЯЦЭНО́З (ад мега... + біяцэноз),

сукупнасць папуляцый біял. відаў і біягенных рэчываў, якія ствараюць пэўную экасістэму. Уключае прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў у межах біягеацэнозу, сучаснае жывое рэчыва і рэчыва папярэдніх эпох, якія разам з біягенамі пастаянна або перыядычна (выпадкова) прымалі ўдзел у стварэнні, развіцці і функцыянаванні пэўнай экасістэмы (біяцэнозу); цяпер не існуюць, але ў пераўтвораным стане працягваюць уплываць на яе існаванне.

т. 10, с. 245

МЕГАКАРЫЯЦЫ́ТЫ [ад мега... + карыя... + цыт(ы)],

буйныя (да 40 мкм) клеткі ў крывятворных органах млекакормячых жывёл і чалавека. Развіваюцца са стваловых крывятворных клетак. Спелыя М. маюць шматлопасцевае паліплоіднае ядро і цытаплазму з характэрнай зярністасцю. М. ўтвараюць трамбацыты.

т. 10, с. 245

МЕГАЛІТЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ, мегаліты (ад мега... + lithos камень),

старажытныя збудаванні з вял. неапрацаваных або груба апрацаваных камянёў. Да такіх збудаванняў належаць дальмены, кромлехі, менгіры, пахавальныя і крапасныя цыклапічныя пабудовы. Пашыраны па ўсім свеце (за выключэннем Аўстраліі), пераважна ў прыморскіх рэгіёнах. На тэр. Еўропы самыя стараж. М.з. вядомы з эпохі энеаліту, значна пашырыліся ў бронзавым веку. Найб. вядомы на атлантычным узбярэжжы Зах. Еўропы, у Міжземнамор’і, на Каўказе. Сусветна вядомым М.з. з’яўляецца Стонхендж у Англіі, які, на думку многіх даследчыкаў, быў стараж. астранамічнай абсерваторыяй. На Беларусі да М.з. можна аднесці нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., куды з даўніх часоў прыносяць ахвяраванні мясц. жыхары. Помнікамі рытуальна-астранамічнага прызначэння, верагодна, можна лічыць вял. валуны на беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., складзеныя ў выглядзе квадрата 15 × 15 м, адкрытага з аднаго боку (гл. арт. Камяні).

Э.М.Зайкоўскі.

Да арт. Мегалітычныя збудаванні. Стонхендж. Цэнтральная частка пабудовы.

т. 10, с. 245