Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕР ((Meer) Сімон ван дэр) (н. 24.11.1925, г. Гаага, Нідэрланды),

галандскі фізік і інжынер. Чл.-кар. Каралеўскай Нідэрл. АН (1984). Замежны чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1984). Скончыў Тэхнал. ун-т у Дэлфце (1952). З 1952 у н.-д. лабараторыі фірмы «Філіпс», у 1956—90 у Еўрапейскім цэнтры ядз. даследаванняў у Жэневе. Навук. працы па фізіцы паскаральнікаў і электронных мікраскопах. Прапанаваў метад стахастычнага ахаладжэння антыпратонаў, з дапамогай якога былі адкрытыя прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца пераносчыкамі слабых узаемадзеянняў (1983). Нобелеўская прэмія 1984 (разам з К.Рубія).

М.​М.​Касцюковіч.

С. ван дэр Мер.

т. 10, с. 291

МЕ́РА,

мера масы ў сістэме мер ВКЛ. Раўнялася 1 пуду.

т. 10, с. 291

МЕ́РА,

філасофская катэгорыя, якая абазначае арган. адзінства якаснай і колькаснай акрэсленасці прадмета або з’явы. У гісторыі філасофіі распрацавана Г.​Гегелем. Кожнаму якасна своеасабліваму аб’екту ўласцівы пэўныя колькасныя (зменлівыя і рухомыя) характарыстыкі. М. паказвае межы, за якімі колькасныя змены ўласцівасцей, складу, структуры прадметаў або працэсаў прыводзяць да змены іх якасці (закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя). У сваю чаргу змена якасці дадзенага аб’екта вядзе да змены яго колькасных характарыстык і М. Сувязь і адзінства колькасці і якасці абумоўлены прыродай данага аб’екта. Калі разглядаць развіццё аб’екта, то пункты пераходу ад адной ступені да другой выступаюць як вузлавыя пункты змены М.; пра сістэму такіх вузлоў прынята гаварыць як аб вузлавой лініі М.

т. 10, с. 291

МЕ́РА,

фіна-угорскае племя, якое ў 1-м тыс. н.э. жыло ў Волга-Окскім міжрэччы. Упершыню ўпамінаюцца ў 6 ст. гісторыкам Іарданам. Летапіс «Аповесць мінулых гадоў» размяшчае М. ў раёне азёр Нера і Клешчына. Асн. заняткі: жывёлагадоўля, паляванне, рыбалоўства, хатнія рамёствы. На мяжы 1—2-га тыс. н.э. асіміляваны ўсх. славянамі.

т. 10, с. 291

МЕРАБІШВІ́ЛІ (Канстанцін Міхайлавіч) (23.7.1906, Тбілісі — 1993),

грузінскі скульптар. Нар. маст. Грузіі (1958). Чл.кар. АМ СССР (1970). Скончыў Тбіліскую АМ (1930), з 1934 выкладаў у ёй (з 1944 праф.). Аўтар помнікаў Ш.​Руставелі (1942) і М.​Ахундаву (1958) у Тбілісі, Г.​Эрыставі ў Горы (1950), Г.​Дзімітрову ў Маскве (1972, з М.​Мерабішвілі) і інш., партрэтаў. Дзярж. прэмія СССР 1943.

К.Мерабішвілі. Помнік Ш.​Руставелі ў Тбілісі. 1942.

т. 10, с. 291

МЕРАВІ́НГІ (позналац. Merovingi),

першая каралеўская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 457—751. Назва ад легендарнага родапачынальніка Меравея (Merovaeus). У перыяд праўлення М. у франкаў зарадзіліся феад. адносіны. Гал. прадстаўнікі: Хільдэрык I [457—81] — фактычны заснавальнік дынастыі; Хлодвіг I [481—511], пры якім франкі заваявалі рым. Галію; Хлотар II [584—629], Дагаберт I [629—39]. Пераемнікі Дагаберта I, т.зв. «лянівыя каралі», былі фактычна адхілены ад улады сваімі маярдомамі (вышэйшымі саноўнікамі), адзін з якіх — Піпін Кароткі — скінуў апошняга караля з дынастыі М. Хільдэрыка III [743—51] і паклаў пачатак дынастыі Каралінгаў.

т. 10, с. 291

МЕРАЖКО́ЎСКІ (Дзмітрый Сяргеевіч) (14.8.1866, С.-Пецярбург — 9.12.1941),

рускі пісьменнік, літаратуразнавец, рэлігійны філосаф. Муж З.Гіпіус. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Адзін з арганізатараў рэлігійна-філас. сходаў 1901—03 з мэтай зблізіць рас. інтэлігенцыю з царквой. У 1920 эмігрыраваў, жыў у Парыжы. У Вял. Айч. вайну калабарацыяніст. Друкаваўся з 1881. Ранняя лірыка (зб. «Вершы, 1883—1887», 1888) блізкая да паэзіі С.​Надсана. У эстэт. маніфесце рус. сімвалізму «Пра прычыны ўпадку і пра новыя плыні сучаснай рускай літаратуры» (1893) развіваў канцэпцыю «новага мастацтва», асн. элементамі якой лічыў «містычны змест» і «сімвалы». Паэт. дэкларацыя — зб. «Сімвалы» (1892). У трылогіі «Хрыстос і Антыхрыст» (1895—1905), рамане «Аляксандр I» (кн. 1—2, 1911—12), п’есе «Павел I» (1908) і інш. асэнсаванне сусв. гісторыі як вечнай барацьбы двух пачаткаў — Хрыста і Антыхрыста, двух сістэм маральных каштоўнасцей. На аналагічнай апазіцыі будуюцца і яго літ.-крытычныя даследаванні: «Л.​Талстой і Дастаеўскі» (т. 1—2, 1901—02), «Дзве тайны рускай паэзіі» (1915, пра М.​Някрасава і Ф.​Цютчава) і інш. Аўтар прац «Наступны Хам» (1906), «Не мір, але меч. Да будучай крытыкі хрысціянства» (1908), гіст.-рэліг. эсэ і інш. П’еса «Хрыстос і Антыхрыст (Царэвіч Аляксей)» Б.​Луцэнкі і У.​Рудава паводле рамана М. «Пётр і Аляксей» паст. Дзярж. рус. драм. т-р (1991).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Петр и Алексей. М., 1994.

Дз.С.Меражкоўскі.

т. 10, с. 291

МЕРАЖЫ́НСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (10.7.1906, г. Бахчысарай, Украіна — 31.7.1970),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н., праф. (1942). Скончыў Адэскі мед. ін-т (1930). З 1950 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па акісляльна-аднаўленчых працэсах пры авітамінозах, абмене рэчываў пры інсулінатэрапіі, метабалічных парушэннях пры траўмах, парушэннях абмену рэчываў пры ненармальным харчаванні, ролі гармонаў і вітамінаў у забеспячэнні біял. аховы арганізма, біяхім. стане клетачных і субклетачных мембран пры захворваннях.

Тв.:

Основы клинической биохимии. М., 1965 (разам з Л.​С.​Чаркасавай);

Нарушения углеводного обмена при заболеваниях человека. Мн., 1967.

т. 10, с. 292

МЕРА́НА (Merano),

кліматабальнеалагічны курорт у Італіі, на ПнЗ ад г. Бальцана. Вядомы з 19 ст. Клімат вельмі мяккі зімой, сухі субтрапічны летам. Шмат крыніц мінер. вод, у т. л. радонавых. Лечаць хваробы органаў дыхання, апорна-рухальнай і перыферычнай нерв. сістэм, скуры, мочапалавой сістэмы. Бальнеа-фізіялячэбніцы, пансіянаты, атэлі. Буйны цэнтр турызму. Месца правядзення міжнар. кінафестываляў, шахматных турніраў. Шмат арх. помнікаў.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 292

МЕРАНКО́Ў (Міхаіл Андрэевіч) (н. 23.8.1936, г. Перавальск Луганскай вобл., Украіна),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). З 1973 выкладае ў Бел. АМ. Творам характэрны канкрэтыка адлюстравання, дакладная псіхал. характарыстыка, насычаны каларыт, багацце жывапісных сродкаў, рэаліст. выразнасць у спалучэнні з асэнсаванасцю перажытага. Сярод прац «Год 41» (1966), «Першы снег» (1967), «На абпаленай зямлі» (1968), «Мяжа» (1973), «Дзень нараджэння» (1974), «Трывога» (1976), «Зімовы дзень» (1977), «Зямля старажытнага Полацка» (1979), «Памяць» (1984), «Усенародная клятва» (1987), «1941 г. Бежанцы» (1989), «Жыровічы» (1993), «Мікалай Маркавіч» (1995), «Лазня» (1996), «Ратамка» (1999).

Я.​Ф.​Шунейка.

М.Меранкоў. Мікалай Маркавіч. 1995.

т. 10, с. 292