Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЕА́НДР,

геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб. пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.

т. 10, с. 244

МЕА́НДРЫ (ад грэч. Maiandros Меандр, стараж. назва вельмі звілістай ракі Вял. Мендэрэс у М. Азіі),

лукавіны, выгіны рэчышча ракі. Характэрны пераважна для раўнінных рэк. Утвараюцца ў выніку бакавой эрозіі пры размыванні берагоў водным патокам. Увагнуты, звычайна стромкі, бераг размываецца, а выпуклы нарошчваецца за кошт наносаў і ўтварэння водмелі. У выніку ў плане рака прымае звілістую петлепадобную форму. Часам вадацёк прарывае сабе новы больш кароткі шлях, а М. ператвараюцца ў старыцы. У горных і перадгорных абласцях, якія зазнаюць тэктанічныя падняцці, трапляюцца ўрэзаныя (рэліктавыя) М., абмежаваныя выступамі карэнных парод.

Меандры на рацэ Авача ў Камчацкай вобл. Расіі.

т. 10, с. 245

МЕАРЫ́Н (Mearim),

рака на ПнУ Бразіліі. Даўж. каля 800 км, пл. басейна 84 тыс. км². Вытокі на Пн Бразільскага пласкагор’я, перасякае Прыатлантычную нізіну. Упадае ў бухту Сан-Маркус Атлантычнага ак., утварае эстуарый, агульны з р. Піндарэ. У верхнім і сярэднім цячэнні парожыстая. Сярэдні расход вады каля 1200 м³/с. Суднаходная ў нізоўях.

т. 10, с. 245

МЕАТЫ́ДА (грэч. Maiōtis, лац. Maeotis, Meotis),

назва Азоўскага м. ў стараж. грэкаў і рымлян (7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), звязаная з назвай мясц. плямён меотаў.

т. 10, с. 245