Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЕЦ (Metz),

горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мазель. Засн. рымлянамі да н.э. на месцы гальскага паселішча. Каля 130 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Мозель. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., хім., харчовая. Ун-т. Руіны стараж.-рым. пабудоў, шматлікія арх. помнікі 4—18 ст., у т.л. гатычны сабор Сент-Эцьен (13—16 ст.).

У старажытнасці паселішча гальскага племя медыяматрыкаў. Пры рымлянах важны адм. і гандл.-рамесны цэнтр 3 4 ст. рэзідэнцыя епіскапаў. У пач. 6 ст. гал. горад франкскага каралеўства Аўстразіі. Важнейшы культ. цэнтр «Каралінгскага адраджэння». У 870 у складзе Усх.-франкскага каралеўства, эканам. і паліт. цэнтр Латарынгіі. З 13 ст. імперскі горад. У 1552 далучаны да Францыі (замацаваны за ёй у 1648), ператвораны ў ваен. крэпасць. Пасля франка-прус. вайны 1870—71 паводле Франкфурцкага мірнага дагавора 1871 адышоў да Германіі, паводле Версальскага міру 1919 вернуты Францыі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (1940—44).

т. 10, с. 324

МЕ́ЦЦА-САПРА́НА (італьян. mezzosopiano ад mezzo сярэдні),

жаночы голас, сярэдні паміж сапрана і кантральта. Адрозніваюць высокае (лірычнае) М.-с., блізкае да сапрана, і нізкае, якое набліжаецца да кантральта. Дыяпазон — a(b)—a​2(b​2). Для М.-с. характэрны паўната гучання ў сярэднім рэгістры, наяўнасць ніжняга груднога рэгістра. Сярод оперных партый, напісаных для М.-с.; Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), у бел. операх — Надзея Дурава (аднайм. опера А.Багатырова), Алеся («Алеся» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Квета («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі). Сярод бел. спявачак М.-с.: С.Данілюк, Р.Асіпенка, Г.Цэпава, В.Валчанецкая, Л.Галушкіна, К.Кудрашова, П.Дружына, Н.Галеева, Н.Руднева і інш. Асаблівая разнавіднасць М.-с. — каларатурнае М.-с. (партыя Разіны ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні). У хоры М.-с. выконваюць партыі першых альтоў.

т. 10, с. 324

МЕ́ЦЦА-ТЫНТА (ад італьян. mezzo сярэдні + tinto афарбаваны, таніраваны),

«чорная манера», від заглыбленай гравюры, у якім паверхні металічнай (часцей меднай) дошкі мех. або хім. спосабам надаецца шурпатасць (зярністасць), каб пры друкаванні атрымаць роўны чорны фон. Малюнак робіцца іголкай або алоўкам. Часткі дошкі, якія адпавядаюць светлым месцам малюнка, выскрабаюць, выпрасоўваюць, паліруюць, што стварае паступовыя пераходы ад ценю да святла. Гравюры М.-т. вылучаюцца глыбінёй і аксаміцістасцю тону, багаццем і тонкасцю святлоценявых эфектаў. Выкарыстоўваецца таксама для каляровага друку. Тэхніка М.-т. вынайдзена ў сярэдзіне 18 ст. ням. майстрам Л.Зігенам. У 18 — пач. 19 ст. была пашырана для рэпрадуцыравання карцін. Выкарыстоўваецца і ў наш час.

т. 10, с. 325

МЕЦЭНА́Т (Гай Цыльній) (Gaius Cilnius Maecenas; паміж 74 i 64—8 да н.э.),

рымскі дзярж. дзеяч, прыбліжаны імператара Аўгуста, прыхільнік манархіі. Не займаючы афіц. пасад, выконваў для Аўгуста важныя паліт. і дыпламат. місіі, у т.л. заключыў дагаворы з Маркам Антоніем у Брундызіі (40) і Тарэнце (37). У 31—30 замяшчаў у Рыме Актавіяна, які выехаў на Усход. Вядомы сваім уплывам на літ. жыццё Рыма, апекаваўся паэтамі Вергіліем, Гарацыем, Праперцыем і інш. Ад твораў М. захаваліся ўрыўкі. Прозвішча М. як апекуна дзеячаў навукі і мастацтва стала хадзячай (пераноснай) назвай.

т. 10, с. 325