МЕ́ЦЦА-ТЫНТА (ад італьян. mezzo сярэдні + tinto афарбаваны, таніраваны),
«чорная манера», від заглыбленай гравюры, у якім паверхні металічнай (часцей меднай) дошкі мех. або хім. спосабам надаецца шурпатасць (зярністасць), каб пры друкаванні атрымаць роўны чорны фон. Малюнак робіцца іголкай або алоўкам. Часткі дошкі, якія адпавядаюць светлым месцам малюнка, выскрабаюць, выпрасоўваюць, паліруюць, што стварае паступовыя пераходы ад ценю да святла. Гравюры М.-т. вылучаюцца глыбінёй і аксаміцістасцю тону, багаццем і тонкасцю святлоценявых эфектаў. Выкарыстоўваецца таксама для каляровага друку. Тэхніка М.-т. вынайдзена ў сярэдзіне 18 ст. ням. майстрам Л.Зігенам. У 18 — пач. 19 ст. была пашырана для рэпрадуцыравання карцін. Выкарыстоўваецца і ў наш час.
т. 10, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)